З гісторыяй, з культурай, з намі…

Молодежный курьер

У гэтым годзе ў Валожын прыбылі па размеркаванні шмат выпускнікоў з розных куткоў Беларусі. Не ўсе яны бывалі на Валожыншчыне раней. Таму аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама арганізаваў экскурсію «З гісторыяй, з культурай, з намі…» – маладыя спецыялісты адправіліся ў вандроўку.

Паездка пачалася ў Валожыне, адкуль аўтобус накіроўваўся ў Сакаўшчыну. Па дарозе экскурсавод расказвала пра гісторыю райцэнтра, яго знакамітых жыхароў, гістарычныя персоны і важныя падзеі. У Сакаўшчынскім доме культуры хлопцам і дзяўчатам распавялі пра мясцовыя традыцыі пляцення паясоў, а самая маленькая ўдзельніца гуртка «Чароўныя паясы» Анастасія РЫСНІК паказала, як гэта робіцца. Далей – майстар-клас па вырабе лялек. Кожны экскурсант сваімі рукамі пад наглядам прафесіянала паспрабаваў зрабіць анёлка з тканіны.

Наступны прыпынак – Вішнева. Там наведаліся ў музей настаяцеля Вішнеўскага касцёла і асветніка Уладзіслава Чарняўскага і праслухалі найцікавейшую экскурсію пра яго жыццёвы шлях, царкву Святых Касмы і Даміяна, касцёл Благавешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дзе пашанцавала сустрэць святара і паслухаць яго аповед.

Фінішная кропка маршруту – Дубіна. У вёсцы моладзь чакала анімацыйная праграма з песнямі, загадкамі, танцамі ад “Дубінскіх фанабэраў”.

Мерапрыемства было насычанае, настрой – узняты, знаёмства з раёнам прайшло на выдатна.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *