
У 2017 годзе галоўная калядная імша Беларусі, якую ўзначаліў Тадэвуш Кандрусевіч, прайшла ў касцёле Святога Міхала Арханёла ў Івянцы.
Напярэдадні ў мястэчка прывезлі Віфлеемскі агонь і пабудавалі вялікую батлейку – сімвалічныя яслі з фігурамі Марыі, Іосіфа, немаўляці Ісуса і сапраўднымі хатнімі жывёламі. Шмат гасцей з Беларусі і замежжа, практычна ўвесь Івянец сабраліся каля касцёла, каб разам сустрэць Каляды. Людзей было настолькі многа, што не ўсім пашанцавала патрапіць у храм. Але гэта не сапсавала святочны настрой і атмасферу.
Імша распачалася старажытным грыгарыянскім спевам, далей гучалі малітвы, калядныя песні. Богаслужэнне вёў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, яму дапамагалі ксяндзы, скаўты і парафіяне. Архіепіскап павіншаваў вернікаў, хрысціян, што разам з католікамі святкуюць Каляды, праваслаўных, якія зараз рыхтуюцца да іх. Віншаванні гучалі на розных мовах. У гонар збаўцы запалілі віфлеемскую зорку і прагрымеў святочны салют.
Вялікая падзея была выдатна арганізавана і прайшла на высокім узроўні. Прамую трансляцыю імшы можна было паглядзець у інтэрнэце і па тэлебачанні.
Настасся ЛЯВІНСКАЯ