Падзеі мінулага тыдня

Общество

Падзякі старшыні райвыканкама за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, асабісты ўклад у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы гарнізона і ў сувязі з прафесійным святам былі аб’яўлены камандзірам аддзяленняў ПАВЧ  № 1 г. Валожына М. М. Жалнерчыку, С. Р. Карсакову і А. І. Станкевічу.

У рабоце IХ Пленума Мінскага абласнога камітэта ГА “БРСМ”, які прайшоў 2-3 лютага ў Салігорску, прынялі ўдзел першы сакратар РК Н. Шчарбачэвіч і галоўны спецыяліст Ю. Ляўковіч. На пленуме падводзіліся вынікі работы за мінулы год, намячаліся планы на будучы. Шмат гаварылася пра другасную занятасць моладзі, валанцёрскі рух, прафілактыку правапарушэнняў.

За грошы, атрыманыя ад выканання платных паслуг, народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” РЦК набыло пераносныя кросны для ткання ручнікоў. Вырабляе іх умелец са Старых Дарог. Устаноўлена навінка ў хаце-майстэрні народнага ўмельца Вітольда Малюткі з Каменя, дзе авалодваюць ткацкім майстэрствам яго вучні. Умелец будзе працаваць на кроснах падчас кірмашоў, выстаў.

Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама падведзены вынікі спаборніцтва паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна па ахове працы. Перамога дасталася РУП “Валожынскі жылкамунгас”, лепшымі сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі сталі пяршайцы.

Другая па ліку брыгада з 17 работнікаў ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас” занята на распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек у Чэрвеньскім раёне. Ужо нарыхтавана больш за 700 кубаметраў драўніны. Асноўная частка атрыманага матэрыялу прададзена дрэваапрацоўчым камбінатам Польшчы, астатняе купілі спажыўцы са сталіцы.

На адкрытым першынстве па лёгкай атлетыцы, якое праходзіла ў СДЮШАР “Атлет”, у чарговы раз вызначыліся івянецкія школьнікі. 1-ае месца ў бегу на 600 метраў заняла А. Станілка, у бегу на 1000 метраў у сваіх узроставых групах серабро заваявалі М. Бубен, А. Бубен, У. Лямбовіч і М. Шчарбінскі. На гэтай жа дыстанцыі бронзавай прызёркай стала Д. Сакалоўская.

Па запрашэнню РА “Польска Мацеж Школьна” консул Рэспублікі Польшча ў Беларусі Лешак Астроўскі разам з рэферэнтам Беатай Ажаннай наведалі Ракаўскую, Сакаўшчынскую, Вішнеўскую, Багданаўскую СШ, СШ № 1 і Цэнтр дзіцячай творчасці, дзе факультатыўна вывучаецца польская мова, і былі вельмі задаволены ведамі вучняў, падрыхтаванымі праграмамі.



Добавить комментарий