Перамогі на міжнародным узроўні

Перамогі-на-міжнародным-узроўні-1

Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў сёлета сталі тры вучаніцы раёна: адна – з гімназіі № 1 г. Валожына і дзве – з СШ № 2.

Гімназістка выпускнога класа Карына Клачко, якую рыхтавала настаўніца Святлана Вітольдаўна Федарака, стала адзінай школьніцай, што прайшла на Міжнародны конкурс геаграфічных інфармацыйных сістэм (ГІС). Ён праводзіцца на базе Белдзяржуніверсітэта сярод студэнтаў і аспірантаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Казахстана. Два гады настойлівай і стараннай працы прынеслі плён – Дыплом I ступені ў намінацыі “Практычнае прымяненне ГІС”. Карына сама зрабіла інтэрактыўную турыстычную карту па нашым раёне, на якой абазначаны 5 маршрутаў: 2 аўтобусныя і 3 экалагічныя (2 – пешыя і 1 – водны). Шляхі вандровак распрацоўвалі разам з настаўніцай. Яны праходзяць па Заходняй Бярэзіне, у бок Лужанскіх градаў, праз Сакаўшчыну і Вішнева, на Івянецкую зону і ў Налібоцкую пушчу.

10-класніца Кацярына Петрачэнка і выпускніца Хрысціна Віршыч з другой гарадской школы разам з настаўніцай Таццянай Вячаславаўнай Халявінскай вывучалі газы на працягу чатырох гадоў. Тады ж яны задаліся мэтай – атрымаць вадарод лабараторным спосабам, выкарыстоўваючы самыя простыя рэчы. Спачатку вывучылі, што прапануе падручнік, пасля правялі разлікі і апрабавалі веды ў школьных умовах. Вынік перасягнуў усе чаканні – аказваецца, вадарод можна атрымаць хутка і зручна! Таму сваю работу школьніцы так і назвалі: “Прасцей не бывае!”.

Высока ацанілі кемлівасць і дапытлівасць юных хімікаў на VII Міжнародным інтэрнэт-конкурсе навуковых работ “Я адкрываю свет”, які праводзіцца ў Расіі, адзначыўшы пры гэтым уменне граматна і навукова абгрунтавана адказваць на пастаўленыя пытанні. Таму Дыплом I ступені стаў заслужанай узнагародай адораным вучаніцам.

Пасведчанні стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта таленавітыя школьніцы атрымаюць у новым годзе.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Перамогі-на-міжнародным-узроўні-1

Перамогі-на-міжнародным-узроўні-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars