Лідар, арганізатар і проста прыгажуня

Лідар,-арганізатар-і-проста-прыгажуня

Незабыўным стаў 2017 год для Я. С. ЯРОТА. Дзяўчына дастойна прайшла ўсе выпрабаванні конкурсу “Міс Валожын-2017” і перамагла, заваяваўшы гэты высокі тытул. Мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з мясцовай прыгажуняй.

Працуе наша гераіня педагогам-арганізатарам у сярэдняй школе № 1 Валожына. У гэтай установе дзяўчына ў свой час вучылася. Пасля таго, як атрымала сярэднюю адукацыю, падала дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Але паступіць на дзённае аддзяленне не ўдалося, таму яна скарысталася магчымасцю вучыцца завочна. У 2018 годзе Яна атрымае ўжо дыплом па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”.

Стаўшы завочніцай, сямнаццацігадовая дзяўчына палічыла неабходным уладкавацца на працу. Ёй прапанавалі месца педагога-арганізатара ў Гародзькаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа. Пра гэту навучальную ўстанову Яна гаворыць з асаблівай цеплынёй. Там яна спасцігала азы прафесіі, вучылася працаваць з дзецьмі, адточвала ўменні. Педагог добра памятае сваё першае раённае мерапрыемства, прымеркаванае да адкрыцця на будынку мясцовай школы шыльды Валянціну Сліжу, які загінуў падчас баявых дзеянняў у Афганістане. Было прыкладзена шмат намаганняў, каб правесці яго на высокім узроўні. Арганізатар гаворыць, што заўсёды ацэньвае сваю работу, цікавіцца меркаваннем калег, усе прапановы бярэ на ўвагу, стараецца ў далейшым пазбегнуць магчымых памылак.

У 2014 годзе наша гераіня атрымала першую працоўную ўзнагароду – Падзяку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за выніковую працу. Яна радуецца кожнай асабістай перамозе, а яшчэ больш, калі прызёрамі і дыпламантамі становяцца дзеці, якіх педагог рыхтуе да ўдзелу ў разнастайных конкурсах.

Калі з’явілася вакансія ў СШ № 1, Яна Сяргееўна з радасцю перайшла ў родную школу. Калегі гавораць пра яе як вельмі адказнага і стараннага чалавека. Малады педагог заўсёды дакладна і своечасова выконвае ўсё, што ад яе патрабуецца. Яна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзельнічае ў конкурсах, праводзіць шматлікія мерапрыемствы. Гэта выдатны арганізатар любой справы, умее зацікавіць дзяцей.

Дзяўчына адразу згадзілася, калі адміністрацыя школы прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе “Міс Валожын-2017”. Часу на падрыхтоўку заставалася нямнога, вельмі хвалявалася. Педагог удзячна калегам і вучням школы, якія адгукаліся на просьбы, падтрымлівалі і падчас падрыхтоўкі, і падчас конкурсу.

Яна лічыць, што міс павінна не толькі знешне падыходзіць пад тытул, але, гэта галоўнае, быць творчай натурай, актыўнай, жыццярадаснай. І, канешне ж, неабходна з’яўляцца лідарам, а пасада педагога-арганізатара абавязвае праяўляць такія здольнасці. Пра перамогу дзяўчына не думала, нацэльвалася на тое, каб выступіць дастойна. Падрыхтоўка ўключала вялікі аб’ём работы. Трэба было прадумаць візітку, партфоліа, сцэнічныя вобразы, як прадставіць на суд журы разнастайныя ўборы. З харэаграфіяй дапамагла Н. П. Шыркова, спатрэбіўся і ўласны накоплены вопыт. Разам яны прадумвалі кожны рух. Асабліва напружана прыйшлося папрацаваць над вобразам “Вядзьмарачкі”, але вынік апраўдаў намаганні.

Пасля таго, як выдатна былі пройдзены першыя этапы, з’явілася ўпэўненасць, хацелася паказаць сябе ўсё лепш і лепш. Канкурсантка ніколі ў жыцці так не хвалявалася. Перамога прынесла пачуццё бязмернай радасці.

Яна стараецца выкарыстоўваць кожны шанц, што дае лёс, не баіцца спрабаваць сябе ў новых іпастасях, бо гэта надае жыццёвага вопыту, з’яўляецца жаданне дасягаць нейкіх новых вяршынь. У такія моманты адкрываюцца якасці, аб якіх раней нават не здагадваўся.

Яна Сяргееўна гаворыць, што работа педагога-арганізатара вельмі цікавая і прыносіць ёй задавальненне. У вольны час, хоць цяпер яго і нямнога, яна любіць вандраваць. Дзяўчына ўжо пабывала ў Літве, Латвіі, Турцыі, Украіне, Польшчы, Чэхіі. Асабліва падабаецца наведваць знакамітыя мясціны Беларусі, там яе перапаўняе пачуццё гонару за сваю Радзіму.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars