Ёлкі для знаўцаў пажарнага толку

Па ўсёй Мінскай вобласці напярэдадні Новага года супрацоўнікі МНС і лясгаса праводзілі сумесную акцыю “Дарым ёлку знаўцам пажарнага толку!”.

У Валожынскім раёне яна пачалася з абследавання домаўладанняў у вёсцы Стайкі. Выратавальнікі хацелі выявіць сем’і, дзе ведаюць і выконваюць усе правілы бяспекі. Гэта задача аказалася не такой простай, як здавалася спачатку. Амаль усюды былі недахопы: то батарэйкі ў пажарным апавяшчальніку няма, то праводка пафарбаваная, то печ не адпавядае патрабаванням. Але ўсё ж знайшліся тыя, хто атрымаў запаветную елачку да свята.

У адным з дамоў дзверы адчыніла прыветлівая жанчына з усмешкай на вуснах. Калі даведалася пра мэту нечаканага візіту, шматдзетная маці Святлана Буштыновіч запрасіла ў хату і паведаміла, што ў іх сям’і клапоцяцца пра правілы пажарнай бяспекі, бо гэта датычыцца жыцця дзяцей, а яны – самае дарагое, што ёсць. Сапраўды, супрацоўнікі МНС тут ніякіх парушэнняў не выявілі. Гаспадыня вельмі ўзрадавалася і здзівілася, калі ёй са словамі падзякі ўручылі навагодняе дрэўца. У Стайках гэта быў не адзіны дом, дзе пакінулі сюрпрыз у выглядзе елачкі да Новага года. Упершыню тыя, хто прытрымліваецца жыццёва важных правіл бяспекі, былі так прыемна заахвочаны.

Акцыя мела працяг на елачным базары ў райцэнтры. Там выратавальнікі правялі для пакупнікоў цікавую віктарыну па пытаннях бяспекі. За правільныя адказы прадстаўнікі МНС і лясгаса ўручалі бясплатную елку. Было нямала шчасліўчыкаў, што такім чынам атрымалі навагоднюю прыгажуню. Арганізатары стварылі добры настрой усім удзельнікам акцыі, а таксама напомнілі правілы пажарнай бяспекі.

Анжэла РАДЫНА

Ёлкі-для-знаўцаў-пажарнага-толку-1

Ёлкі-для-знаўцаў-пажарнага-толку-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars