Зрабілі крок у Новы год

У апошні працоўны дзень 2017 года надвор’е, быццам насміхаючыся, сыпанула дробным дожджыкам. Аднак тых, хто прыйшоў палюбавацца на шэсце Дзядоў Маразоў, гэта не спалохала. Пад навагоднія песні, якія гучалі каля галоўнай ёлкі, сабраўся даволі вялікі натоўп з дзяцей і дарослых. У 11.00 да яго далучыліся і галоўныя героі свята – Дзяды Маразы і Снягуркі…

Дзесяць казачных пар, прыбраных у традыцыйныя касцюмы, рызыкнулі прадставіць свае працоўныя калектывы і пазмагацца за сімпатыі публікі. Мажорны лад агульнага настрою забяспечыла выступленне артыстаў раённага Цэнтра культуры. Але хіба маглі яны канкурыраваць з зімовымі любімцамі дзетвары? Да таго ж у руках кожны Дзед Мароз трымаў вялікі мяшок з падарункамі! Самай першай пачаставацца салодкімі прысмакамі выпала трохгадовай Таісіі Мядзінскай. Як было абмінуць дзяўчынку, прыбраную ў строй Снягуркі? Атрымаў порцыю станоўчых эмоцый і цукерак маленькі Данік Іода, які ўпершыню ў жыцці трапіў на такое казачнае прадстаўленне. Ды і большыя дзеці ахвотна ішлі на кантакт: вадзілі карагоды, разгадвалі загадкі, чыталі вершы.

Не памылюся, калі скажу, што асабліва запомніцца шэсце Дзядоў Маразоў вучням Івянецкай СШ. У той дзень яны прыехалі ў райцэнтр, каб наведаць дзіцяча-юнацкую спартыўную школу і пакупацца ў басейне. Візітам школьнікі засталіся цалкам задаволеныя, а тут яшчэ адзін сюрпрыз чакаў іх каля ёлкі. Некаторыя рашылі ў барацьбу за цукеркі не ўключацца, а частаваліся салодкім папкорнам – ён прадаваўся непадалёк і прывабліваў пакупнікоў непаўторным водарам.

Шмат знайшлося ахвотнікаў “злавіць” цікавыя імгненні аб’ектывам фотаапаратаў. Усе Дзяды Маразы і Снягуркі актыўна пазіравалі і фатаграфаваліся на фоне ёлкі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Святочнае мерапрыемства не ставіла задачу выбраць лепшых. Але, мяркуючы па размовах, рэйтынг глядацкіх пераваг па праве мог бы ўзначаліць вайсковы Дзед Мароз і яго світа. Салдаты, пераапранутыя ў скамарохаў, па-заліхвацку танцавалі, выконвалі прыпеўкі.

Шэсце Дзядоў Маразоў – выдатнае шоу. З лёгкасцю раздзяліла б пераможцаў па намінацыях: самы каларытны, самы малады, самы шчодры, самы вясёлы. Хочацца шчыра падзякаваць лясгасу, райбыткамбінату, райаграпрамтэхніцы, медыкам, ільнокамбінату, сацыяльным і банкаўскім работнікам, паштавікам, санстанцыі – усім тым арганізацыям і прадпрыемствам, якія не праігнаравалі мерапрыемства, падарылі святочны настрой землякам і ў чарговы раз пацвердзілі: зімовы Дзед не траціць аўтарытэт!

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА

Зрабілі-крок-у-Новы-год-1

Зрабілі-крок-у-Новы-год-2

Зрабілі-крок-у-Новы-год-3

Зрабілі-крок-у-Новы-год-4

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars