Урокі гаспадарання пасільныя не кожнаму

Общество

На чарговым пасяджэнні райвыканкама ў ліку іншых пытанняў абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год і прагноз на бягучы. З асноўным дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. В. Бразоўскі.

Эканоміка – люстэрка нашага дабрабыту. Не выпадкова рабоце прадпрыемстваў надаецца столькі ўвагі на ўсіх узроўнях кіравання. Цяпер на першы план выходзяць якасныя параметры, уменне манеўраваць на рынку збыту прадукцыі, улічваць змены ў маркетынгавай палітыцы. Мінулы год – гэта стартавая пляцоўка для бягучага. Таму правільна зазначыў у час пасяджэння старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, што трэба ўзяць павучальныя ўрокі з мінулага, каб стабільна працаваць сёлета.

У дакладзе прагучала шмат розных паказчыкаў, быў зроблены параўнальны аналіз, названы планавыя рубяжы 2011 года. Вядома, справіцца з намечаным будзе няпроста. Асабліва тым арганізацыям, прадпрыемствам, для якіх мінусаваць стала ўжо нават нейкай традыцыяй. Каб зрабіць рывок наперад, важна не толькі пераадолець адставанне, але і знайсці рэзервы для росту. Ёсць яшчэ, на жаль, суб’екты гаспадарання, для якіх стала звыклым амаль штомесяц прасіць дзяржаўнай фінансавай падтрымкі. Справядліва была праведзена паралель: камерсанты ж умеюць развівацца без датацый, умеюць абыходзіцца толькі ўласна заробленымі грашамі, каб паспяхова весці бізнэс. Відаць, некаторых кіраўнікоў стабільныя дзяржаўныя датацыі і сапраўды прывучылі да пасіўнасці, скавалі іх ініцыятыву, прадпрымальніцкі дух. А трэба шукаць рэзервы росту ўнутры прадпрыемства, лічыць кожную капейку, паляпшаць інвестыцыйны клімат. Многія  гаспадарнікі павінны тэрмінова навесці парадак з нерухомасцю, якая дзесяцігоддзямі не выкарыстоўваецца.

На пасяджэнні райвыканкама тлумачэнні па перспектыўнаму развіццю вытворчасці, па сутнасці выказаных крытычных заўваг давалі многія кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, а таксама дырэктар Івянецкай птушкафабрыкі.

Летась, як падкрэслівалася на пасяджэнні, аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 114,4 працэнта пры прагнозе 108,7. У цэлым па раёне недаатрымана прадукцыі сельскай гаспадаркі да прагнознага паказчыка на 26,2 мільярда рублёў.  Асноўная прычына – зніжэнне вытворчасці прадукцыі раслінаводства.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий