З павагай да кожнага кліента

З-павагай-да-кожнага-кліента

Людміла Аляксандраўна ЛАБОЦКАЯ з 2012 года працуе начальнікам аддзялення паштовай сувязі “Сівіца”. Яна прыкіпела душой да сваёй справы, кожную раніцу з вялікай ахвотай спяшаецца на працу, другога занятку для сябе нават не ўяўляе. Вясковыя ж людзі паважаюць яе і з задавальненнем заходзяць не толькі па справах, а, бывае, і проста пагутарыць.

Адказны, добрасумленны, ініцыятыўны работнік добра спраўляецца са сваімі абавязкамі. У зоне абслугоўвання аддзялення тры населеныя пункты – вёскі Вуглы, Пагарэлка і Сівіца. 160 чалавек з тых, хто тут пражывае, атрымліваюць пенсію, якую трэба кожнаму з іх даставіць у тэрмін. З нецярпеннем чакаюць вяскоўцы і перыядычных выданняў, карэспандэнцыі. У падначаленні Людмілы Аляксандраўны адзін паштальён.

Аддзяленне ідзе ў нагу з часам. Тут прымаюцца ўсе віды плацяжоў, прадаюцца прадукты харчавання, прамысловыя тавары, у тым ліку канцылярскія, рытуальныя. Прывабныя цэны прыцягваюць пакупнікоў. Многія самі наведваюць паштовае аддзяленне, іншым тавары на дом дастаўляе паштальён. Перад Новым годам добрым попытам карыстаюцца елачныя і іншыя ўпрыгажэнні да свята. Л. А. Лабоцкая ўмее правільна зрабіць выкладку тавару, прапанаваць неабходныя ў гаспадарцы рэчы, таму выкананне плана па продажы заўсёды забяспечвае.

АПС “Сівіца” адно з першых спраўляецца з усімі даведзенымі заданнямі. Падпісныя кампаніі праходзяць актыўна і зладжана. За апошні квартал мінулага года падпіску выканалі больш чым на 125%. Не падводзяць тут і з продажам газет і часопісаў у розніцу.

Спраўна ажыццяўляецца ў аддзяленні дастаўка тавараў праз “ГіперМол”. Дарэчы, першых арганізаваных кліентаў у Валожынскім раёне заахвоціла зрабіць пакупкі праз гэту службу дастаўкі менавіта Людміла Аляксандраўна. Знайшлося шмат прыхільнікаў і ў інтэрнэт-магазіна РУП “Белпошта”. Асаблівую актыўнасць жыхары зоны абслугоўвання сталі праяўляць з кастрычніка. Заказы самыя розныя: ад невялікіх сувеніраў да электратавараў і нават буйнагабарытных рэчаў.

Ужо на пачатак снежня ў аддзяленні быў выкананы план па колькасці жадаючых скарыстацца паслугай “Падарунак ад Дзеда Мароза”, знайшліся і ахвотнікі, каб іх дзеці атрымалі “Пісьмо ад Дзеда Мароза”.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars