Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

За 2017 год па рашэнні райвыканкама 72 сем’ям у раёне пасля нараджэння трэцяга і наступнага дзіцяці прызначаны сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў ЗША кожнай.

Апошнімі ў адышоўшым годзе сямейны капітал атрымалі Ніна Мікалаеўна Ганчарык з Ракава, якая нарадзіла чацвёртае дзіця, Таццяна Леанідаўна Сухадолец з Валожына, што нарадзіла двойню, і ў сям’і стала чацвёра дзяцей, і Марыя Зігмундаўна Ахрэм з вёскі Старынкі Гародзькаўскага сельсавета – на трэцяе дзіця. Дадзеная дзяржаўная праграма дзейнічае да 2019 года ўключна.

    Традыцыйна ўстановы адукацыі раёна прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе інтэр’ерных цацак “Лёд. Кветкі. Фантазія”. У ім удзельнічаюць не проста прыгожыя цацкі, а вырабленыя з экалагічна чыстых натуральных прыродных матэрыялаў. Пры іх стварэнні дазваляецца выкарыстоўваць не больш за 30 працэнтаў штучных матэрыялаў. Праводзіць конкурс Рэспубліканскі экалагічны цэнтр.

У мінулым годзе на абласны этап конкурсу былі адабраны цацкі, прадстаўленыя 5 установамі адукацыі – цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, гімназіяй № 1, СШ № 2 райцэнтра, Івянецкай і Суднікаўскай сярэднімі школамі – у дзвюх намінацыях “Артаб’ект” і “Сімвал года”. Асабліва высокія адзнакі атрымала работа дзесяцікласніка Паўла Клімянкова з аб’яднання па інтарэсах “Арыгамі” цэнтра творчасці. Разам з педагогам Ірынай Іванаўнай Каваленка яны вырабілі з сена на металічным каркасе кампазіцыю з двух паляўнічых сабак. Нават журы не змагло ўтаіць сваё захапленне гэтай арыгінальнай і высакакласнай работай.

 

    У чацвёрты раз “Рэгіянальная газета”, што выдаецца ў Маладзечне, праводзіла конкурс “Асоба года”. Асобу выбіралі сярод герояў сваіх публікацый. Толькі для ўдзелу ў конкурсе глядацкіх сімпатый былі прадстаўлены больш за 40 чалавек з раёнаў, якія ўваходзяць у наш рэгіён.

Напярэдадні Новага года рэдакцыя абвясціла вынікі конкурсу. І надзвычай прыемна было даведацца, што “Асобамі года 2017” па версіі рэдакцыі прызнаны Алена і Ігар Крэйнісы, якія ў вёсцы Алешчаняты Гародзькаўскага сельсавета стварылі прытулак для сабак, уладкоўваюць сваіх часовых гадаванцаў у сем’і не толькі па Беларусі, але і за мяжу. Сям’ю Крэйнісаў запрасілі ў рэдакцыю, дзе ім уручылі адпаведны сертыфікат і падарункі. А прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Жанне Гардынец з Вілейкі. Яна заснавала ініцыятыўную групу, што змагаецца за паляпшэнне ўмоў для анкадыспансера ў сваім горадзе. Жанчына набрала 28,7 працэнта галасоў. Наш зямляк Алесь Белы, гаспадар аграсядзібы “Марцінава Гусь”, за кнігу “Сакатала бочачка” – 20,2 працэнта галасоў і заняў другую пазіцыю. Дарэчы, дастатковая колькасць галасоў і ў галоўных пераможцаў Алены і Ігара Крэйнісаў. за іх галасавалі не толькі аднадумцы з Беларусі і Расіі, але і жыхары Ізраіля, Іспаніі, Балгарыі, ЗША, Латвіі.

 

Завяршылася дабрачынная рэспубліканская акцыя “Цуды на Ражджаство”, якую штогод праводзіць Рэспубліканская піянерская арганізацыя. Піянеры Суднікаўскай, Сівіцкай, Багданаўскай, Вішнеўскай, Пяршайскай, Сакаўшчынскай школ, СШ № 2 райцэнтра і гімназіі сабралі культтавары і канцтавары, цацкі на суму 768 рублёў.

Альбомы для малявання, каляровыя алоўкі, пластылін, фламастары, пэндзлікі і фарбы, іншыя неабходныя рэчы прадстаўнікі піянерскай дружыны гімназіі № 1 разам з педагогам-арганізатарам Любоўю Аляксандраўнай Рынкевіч уручылі 29 снежня выхаванцам аддзялення сацыяльнага прытулку. Частку сабраных канцылярскіх прылад перадалі таксама цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Піянеры Івянецкай СШ збіралі падарункі для сваіх равеснікаў з дома-інтэрната, іншых школ – для дзяцей-інвалідаў, якія праходзяць школьнае навучанне на даму.

 

     Насычаным жыццём жылі напярэдадні Новага года члены аддзялення для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра.

Яны паспелі з’ездзіць у сталіцу на спектакль “Баль у Савойі” у музычным тэатры, сфатаграфавацца ля галоўнай ёлкі краіны, а 26 снежня члены клуба “Залатая восень” наведалі выхаванцаў прытулку. Для кожнага з васьмі дзяцей прыгатавалі салодкі падарунак, фрукты і цацкі, знайшлі цёплыя словы падтрымкі і віншаванняў.

 

     Больш за 40 работнікаў жылкамунгаса з дзецьмі пабывалі ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Гэта былі незабыўныя ўражанні.

Наведалі тамтэйшы музей, вальеры з жывёламі, вадзілі карагоды вакол самай вялізнай у Еўропе ёлкі, удзельнічалі ў гульнявой праграме. Больш за 1000 рублёў выдаткавала на паездку прафсаюзная арганізацыя, узяўшы на сябе палову затрат.

Навагодні настрой камунгасаўцаў падмацавала і адміністрацыя. Да свята кожны член калектыву атрымаў мясны набор з прадукцыяй ТАА “Тарасава” на суму 20 рублёў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars