Выслухаць, каб пачуць…

Выслухаць,-каб-пачуць...

Ала Віктараўна РУСІНОВІЧ – адна з самых вопытных сацыяльных работнікаў раёна. Больш за 15 гадоў яна прысвяціла працы ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Напярэдадні прафесійнага свята за выдатныя паказчыкі, мноства станоўчых водгукаў адданы прафесіянал адзначана Ганаровай граматай Мінаблвыканкама.

Пачала свой працоўны шлях А. В. Русіновіч вучаніцай повара ў Вішнеўскай сталовай. Кулінарная справа вабіла яшчэ са школьных гадоў. Аднак маці не адпусціла дзяўчыну ў вялікі горад, таму навука праходзіла без адрыву ад вытворчасці. Трошкі пазней асвоіла прафесію прадаўца. Калі аднойчы прапанавалі на час адпачынку замяніць знаёмую сацработніцу, згадзілася. Цікава было асвоіць штосьці новае. Спроба аказалася ўдалай. Яна заўсёды знаходзіла ўзаемаразуменне з людзьмі пажылога ўзросту, таму даволі хутка прывыкла да цесных стасункаў з імі. Самі абавязкі тым больш не палохалі. Прыбраць у хаце, прынесці вады, дроў, купіць лекі і прадукты… Што тут складанага? Яна з лёгкасцю робіць некалькі спраў адначасова і ніколі не скардзіцца на стому.

Звычайна людзі ў гадах любяць пагаварыць, а Ала Віктараўна гатова ўдзяліць увагу кожнаму. Зразумела, што ўтульна ўладкавацца на канапе і за чаем бавіць час яна не можа. Гутарка – толькі за працай. Адзінокія бабулі і дзядулі рады любой увазе з яе боку, хаця кожны з іх хацеў бы затрымаць прыемную субяседніцу на працяглы час. Ды нельга: у жанчыны вялікая нагрузка – 11 пажылых людзей з Цімкавічаў, Нарэйшаў, Гардынава і Валожына з нецярпеннем чакаюць прыходу сваёй Алы. Яна даглядала хворую матулю, якая не ўставала з пасцелі тры гады. Таму з лёгкасцю аказвае любую дапамогу і больш-менш здаровым, і інвалідам. І не толькі практычнай дапамогі чакаюць яны ад чулай, прыемнай сацработніцы. Ім патрэбны разуменне і цяпло.

Сацыяльныя работнікі працуюць згодна з графікам. Маецца таксама пералік відаў паслуг. Толькі жанчына, што мае шчодрую душу, ніколі не адкажа ў просьбе зрабіць штосьці па-за рамкамі абавязкаў. Нават мужа, Юрыя Георгіевіча, калі-нікалі просіць на ўласным аўтамабілі дапамагчы арганізаваць нечарговы візіт да кагосьці са сваіх падапечных. На шчасце, спадарожнік жыцця мае такое ж чулае сэрца, як і жонка. У цэлым жа перамяшчаецца яна на веласіпедзе. У зімовы час даводзіцца карыстацца грамадскім транспартам. Няпроста, але прывыкла. Магчыма, дзякуючы тым кіламетрам, якія штодзённа пераадольвае, яна такая спрытная, з выдатнай постаццю. Работу любіць, як дачка, шкадуе ўсіх, каму за гады працы стала сваёй. Самым галоўным абавязкам лічыць не проста выслухаць чалавека, а па-сапраўднаму пачуць…

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars