Эстафета міласэрнасці

Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” з СШ № 2 райцэнтра правялі дабрачынную акцыю “Цуды на Ражджаство” ў дзіцячым аддзяленні УАЗ “Валожынская цэнтральная раённая бальніца”.

Для валанцёраў, якія таксама з’яў-ляюцца членамі аб’яднання па інтарэсах “Вясёлка” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, стала добрай традыцыяй напярэдадні навагодніх свят наведваць хворых дзяцей, што знаходзяцца на лячэнні ў бальніцы. У той дзень у госці да рабят з прадстаўленнем “Як Злючак навучылі любіць Новы год” завіталі Раман Лінкевіч, Яўген Макей, Ульяна Смірнова, Іна Стасяловіч, Кірыл Загорскі, Хрысціна Сухалет і Надзея Стэльмаховіч. Шмат прыемных уражанняў атрымалі маленькія пацыенты ад сустрэчы з Дзядулем Марозам і Снягуркай: разам яны вадзілі карагоды і гулялі.

Напрыканцы святочнай дзеі валанцёры ўручылі кожнаму ўласнаручна сабраны падарунак. З гэтай мэтай на працягу снежня ў школе праводзілася акцыя “Чырвоная рукавічка”: у фае навучальнай установы была пастаўлена вялікая скрыня, куды можна было пакласці канцылярскія тавары, сродкі гігіены, мяккія цацкі. У добрай справе прыняў удзел кожны клас – у выніку былі сабраны больш за 20 каробак, якія да свята таксама атрымалі дзеці-інваліды, што вучацца дома, і дзеці, што знаходзяцца ў сацыяльным прытулку.

Увогуле, на рахунку валанцёрскага атрада шмат добрых спраў. Школьнікі – частыя госці дзённага аддзялення для інвалідаў: выступаюць з канцэртнай праграмай да чырвоных дат календара. Пастаянна сочаць за парадкам на воінскіх пахаваннях і ля памятных мясцін: у прыватнасці, узялі “шэфства” над брацкай магілай на гарадскіх могілках, стэлай “Вызваленне”, што па вуліцы Шчарбіны ў райцэнтры, і помнікам “50 гадоў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі” ў мікрараёне Сельгастэхніка.

Валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” быў арганізаваны ў 2007 годзе. У яго склад уваходзяць 15 школьнікаў з 4 па 11 класы. І хоць першыя члены ўжо даўно сталі дарослымі людзьмі, сваім нераўнадушшам, неабыякавасцю, жаданнем дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, яны перадалі эстафету дабра малодшаму пакаленню.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота прадастаўлена ЦТДіМ

Эстафета-міласэрнасці-1

Эстафета-міласэрнасці-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars