Рабіць дабро – іх прызванне

99-ы раз адзначылі сваё прафесійнае свята людзі, чые абавязкі накіраваны на клопат пра катэгорыі насельніцтва, якім па самых розных прычынах неабходны псіхалагічная і фінансава-эканамічная дапамогі.

У цэлым па краіне ў каманду тых, хто гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу пажылым людзям, інвалідам, шматдзетным сем’ям, уваходзяць 7 тысяч чалавек. На тэрыторыі раёна размяшчаюцца такія буйныя ўстановы, як Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі развіцця, Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. За аказанне сацыяльных паслуг насельніцтву нясуць адказнасць супрацоўнікі ТЦСАН, дзе дзейнічаюць аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і дзённага наведвання грамадзян пажылога ўзросту. Усяго на Валожыншчыне сацыяльныя паслугі аказваюць каля 400 спецыялістаў.

Урачыстасць з нагоды прафесійнага свята сацработнікаў адбылася ў раённым Цэнтры культуры. Па традыцыі свята пачалося з віншаванняў, узнагарод і падарункаў. Першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама Таццяна Аляксандраўна Дамарацкая адзначыла, што супрацоўнікі сацыяльных устаноў на месцах ажыццяўляюць дзейнасць па розных кірунках работы –  ад кантролю за своечасовай выплатай зарплаты да наведвання адзінокіх пажылых людзей. Па сутнасці работнікі сістэмы займаюцца дабрачыннасцю – яны сапраўды чыняць дабро. Таццяна Аляксандраўна перадала сваім калегам найлепшыя пажаданні ад апарату камітэта і ўручыла Ганаровыя граматы спецыялістам, чыя работа ў мінулым годзе прызнана лепшай. Сярод уладальнікаў узнагарод – Н. М. Пальчэўская (галоўны спецыяліст упраўлення), А. І. Байраш, А. К. Лявіцкая (інспектар і сацработнік ТЦСАН), Д. Г. Краскоўскі, А. В. Пашкуць, М. У. Сцяпко (выхавальнік, бухгалтар і санітарка Івянецкага дома-інтэрната), Т. А. Храпко, Т. А. Іванчык, Т. Г. Дзеніс, С. М. Протас (старшая медсястра, юрысконсульт, санітарка і медбрат Ракаўскага дома-інтэрната).

Работнікі галіны атрымалі віншаванні і ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Францавіча Глінскага. Ад імя дэпутацкага корпуса ён узнагародзіў Ганаровымі граматамі супрацоўнікаў сацыяльнай сферы, што шмат гадоў з’яўляюцца дэпутатамі райсавета, – Л. В. Садоўскага і В. Г. Пракопчык. Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы П. І. Бібік засяродзіў увагу прысутных на тым, што сфера, якую ён курыруе, была і застаецца ў цэнтры ўвагі раённай улады, а таксама выказаў падзяку ўсім, хто здабывае добрую славу сацыяльнай службе. Пётр Іосіфавіч уручыў Падзякі старшыні райвыканкама М. Ч. Дрозд – галоўнаму спецыялісту ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і А. В. Жданюк – псіхолагу аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН.

З цёплымі словамі да калег звярнуліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Вікенцьевіч Садоўскі і дырэктар ТЦСАН Галіна Фадзееўна Рай. За заслужанымі ўзнагародамі – граматамі і падзякамі – на сцэну падымаліся супрацоўнікі цэнтра. Сярод іх была і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Ларыса Уладзіміраўна Шчарбачэвіч, якая ў гэты дзень прымала віншаванні ў сувязі з нараджэннем унука. Былі ўручаны і каштоўныя падарункі ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Узнёслы настрой прысутным дапамаглі стварыць работнікі культуры.  Асабліва гучнымі апладысментамі ўдзячныя гледачы віталі сваіх выхаванцаў – наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, а таксама дзяўчат і юнакоў з Івянецкага дома-інтэрната. На працягу вечарыны з экрана гучалі віншаванні ад кіраўнікоў службаў-партнёраў, удзельніц клубаў “Залатая восень” і “Лэдзі”, што працуюць пры аддзяленні дзённага наведвання пажылых людзей.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Рабіць-дабро---іх-прызванне-1

Ірына Валер’еўна КАВЯЗА – загадчык аддзялення дзённага наведвання для грамадзян пажылога ўзросту, Вольга Генрыхаўна ПРАКОПЧЫК – намеснік дырэктара ТЦСАН, Галіна Фадзееўна РАЙ – дырэктар ТЦСАН, Вольга Леанідаўна АКУЛЬСКАЯ – псіхолаг, Аксана Аляксандраўна ЖУК – загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, Алена Віктараўна ЖДАНЮК – псіхолаг, Таццяна Зянонаўна ЯРОТА – загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму.

Рабіць-дабро---іх-прызванне-2

Больш за 30 гадоў аддалі сацыяльнай рабоце ветэраны ўпраўлення Раіса Іванаўна КАЛІНОЎСКАЯ, Ірына Іванаўна ЛІШТВАН і Алена Іванаўна ГАСПАРЭВІЧ.

 Рабіць-дабро---іх-прызванне-3

Т. А. ДАМАРАЦКАЯ ўручае ўзнагароду Д. Г. КРАСКОЎСКАМУ.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars