“Белая Русь” збірае зорны карагод

Белая-Русь-збірае-зорны-карагод

    Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” фінішуе 10 студзеня, а да гэтай даты навагодняя казка будзе радаваць хлопчыкаў і дзяўчынак. За некалькі дзён да праваслаўных Каляд раённае аддзяленне грамадскага аб’яднання “Белая Русь” запрасіла самых паспяховых вучняў Валожыншчыны на дабрачыннае свята “Навагодні серпанцін”. Не забыліся члены “Белай Русі” паклапаціцца і пра падарункі. Пляцоўкай для ўрачыстасці сёлета стала актавая зала гімназіі № 1.

Дырэктар установы А. І. Клачко, а па сумяшчальніцтве і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь”,  сустракала дэлегацыі з усіх школ раёна, а таксама адказных службовых асоб: начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В. М. Адамовіча, загадчыцу вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму В. І. Каранік. Дарослыя госці не толькі выступілі з цёплымі пажаданнямі, але і далучыліся да агульнага карагоду, нават “паддалі” задору маленькім удзельнікам сваім аптымізмам і весялосцю.

Казачная пастаноўка, сцэнарый да якой напісала настаўніца гімназіі Л. А. Рынкевіч, прымусіла дзяцей праявіць і веды, і ўменне падбіраць рыфмы. Вядома, для старэйшых школьнікаў гэта праблемы не стварыла, а вось малодшым давялося пастарацца, каб даказаць, што іх нездарма запрасілі на ёлку для лепшых. Дарэчы, званне самых старанных вучняў па выніках першага паўгоддзя ўдастоіліся 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх – гімназіст Арцём Галоўскі. Сёлета ён заканчвае 11 клас, а ў летапісе роднай навучальнай установы застанецца як пераможца абласной канферэнцыі даследчых работ па англійскай мове. Рыхтавала хлопца настаўніца Г. В. Лушнова. Добрых вынікаў дабіўся і дзевяцікласнік з Пяршайскай СШ Мікалай Калясінскі. Яго інтарэсы пралягаюць у галіне філалогіі, перавагу ён аддае вывучэнню роднай мовы, літаратуры, вуснай народнай творчасці. Разам з маці, настаўніцай Я. З. Калясінскай, Коля збірае ананімныя фальклорныя творы: вершы, гутаркі. Яго навуковую працу высока ацанілі і на абласным, і на раённым узроўні.

Два стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вучацца ў СШ № 2 райцэнтра – Кацярына Петрычэнка і Хрысціна Віршыч. Дзяўчынкі паспяхова сябруюць з такой складанай навукай, як хімія.

Адораных дзяцей, якія праявілі сябе ў прадметных алімпіядах і конкурсах, дабіліся высокіх вынікаў у спорце і мастацкай самадзейнасці, са сцэны віталі студыя эстраднай песні “Звонкія галасы” (кіраўнік Н. М. Гаўрыс), танцавальны калектыў “Непаседы” (кіраўнік Н. П. Шыркова), а таксама гімназісты, што вывучаюць кітайскую мову і іх настаўнік Лю Бао.

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА

Белая-Русь-збірае-зорны-карагод

    Старшыня ГА «Белая Русь» Алена Іванаўна КЛАЧКО ўручае падарункі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars