Па закліку душы

Па-закліку-душы

    Настаяцелю прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец протаіерэю Віктару ПЕРАГУДАВУ прысуджана прэмія Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне” за заслугі па арганізацыі сацыяльнай дапамогі дзецям-інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў аўторак у Палацы Рэспублікі.

Айцец Віктар – трэці па ліку наш зямляк, удастоены такой высокай адзнакі сваёй працы за дваццаць гадоў з моманту заснавання прэміі. У 2008 годзе лаўрэатам у галіне “Мастацкая літаратура” стаў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп за кнігу “Страла кахання, любові крыж”. У гэтым жа годзе ў намінацыі “Народная творчасць” прэмія была ўручана заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнаму ансамблю “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, якім кіруе Лізавета Пятроўская, за значную работу па вывучэнні, захаванні і прапагандзе песеннай спадчыны, звычаяў і традыцый беларусаў.

Віктар Перагудаў нарадзіўся ў Валожыне 60 гадоў таму ў сям’і мастакоў. Таму не дзіўна, што і сам пасля заканчэння школы пайшоў бацькоўскімі сцежкамі. Справе мастака аддаў 15 гадоў жыцця. Аднак у дзяцінстве вялікі ўплыў на яго выхаванне аказала бабуля Параскева Перагудава – глыбока веруючая жанчына. І ва ўзросце 35 гадоў ён пачаў актыўна наведваць Ракаўскую царкву і прыслужваць у алтары бацюшку, па рэкамендацыі якога праз год быў пасвечаны ў сан дыякана, а ў хуткім часе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт пасвяціў яго ў сан іерэя. І адразу ж пасля пасвячэння ў 1993 годзе айцец Віктар быў назначаны настаяцелем Івянецкай царквы ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай. На працягу 13 гадоў – з 1994 па 2007 – сумесна з вернікамі і на сродкі дабрачынцаў настаяцель ажыццяўляў будаўніцтва храма і крыптавай царквы ў гонар свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага, па праекце архітэктара В. Ф. Даніленкі. Усе набажэнствы ў царкве вядуцца на беларускай мове. У 2013 годзе на месцы сястрынскага корпуса былога Івянецкага жаночага манастыра пабудаваў капліцу.

Шмат гадоў у прыходзе айцом Віктарам ажыццяўляецца шэраг сацыяльных дабрачынных праектаў, накіраваных на адрасную дапамогу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлым і сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва. У вёсцы Пральнікі святаром у 2004 годзе на добраахвотныя ахвяраванні быў пабудаваны прыходскі Дом міласэрнасці “Вікторыя”. Тут пастаянна праводзіцца работа па сацыяльнай адаптацыі, аздараўленні, ацаркаўленні і рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, размешчана багадзельня для састарэлых людзей, пункт раздачы гуманітарнай дапамогі, стайня для заняткаў з дзецьмі іпатэрапіяй. Летам у Доме міласэрнасці арганізоўваюцца аздараўленчыя лагеры для дзяцей-інвалідаў, праводзяцца семінары-трэнінгі для выпускнікоў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця, круглы год працуе дабрачынная сталовая, праходзяць святочныя мерапрыемствы для хворых дзяцей. Акрамя таго, з 2009 года ў в. Пральнікі вядзецца рэстаўрацыя закінутага будынка могільнікавага храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе знаходзіцца могілкавы склеп памешчыкаў Ратынскіх. У летні перыяд у богаслужэннях у гэтым храме бяруць удзел і дзеці-інваліды, якія праходзяць рэабілітацыю ў Доме міласэрнасці.

Пры прыходзе створана таксама маладзёжнае братэрства ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай, якое займаецца духоўна-асветніцкай і сацыяльнай работай. На працягу 19 гадоў пры падтрымцы прыхода ажыццяўляецца аздараўленне дзяцей у Швецыі ў рамках супрацоўніцтва з Чарнобыльскім камітэтам г. Смёген. Апошнія гады па ініцыятыве айца Віктара ў Маладзечанскай епархіі былі праведзены два міжнародныя мастацкія пленэры “Святасць зямлi беларускай” з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны і Чэхіі. Па выніках пленэраў створана мастацкая галерэя, дзе можна набыць карціны, напісаныя мастакамі ў гэты час. Усе вылучаныя сродкі ідуць на дапамогу і падтрымку праектаў, якія праводзяцца прыходам.

У лютым 2015 года протаіерэй Віктар Перагудаў прызначаны кіраўніком аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Маладзечанскай епархіі. Са студзеня мінулага года таксама выконвае абавязкі духоўніка епархіі.

…Ужо дваццаць шэсць гадоў святар івянецкай царквы Віктар Перагудаў нясе службу Богу. Пра сябе гаворыць неахвотна і досыць сціпла: “Калі я бачу, што людзі жывуць паўнатой жыцця, шчаслівыя ад таго, што наведваюць храм, моляцца, маюць стасункі з Богам – гэта значыць, яны сталі на шлях выратавання. Чалавек тады шчаслівы, калі ўсё ў суладдзі: духоўнае, цялеснае і душэўнае. Я, здаецца, такое маю”.

Мы шчыра віншуем айца Віктара з высокай адзнакай працы па духоўным адраджэнні Бацькаўшчыны і нашай роднай беларускай мовы і жадаем яму надалей гэтак жа годна служыць Богу і свайму народу!

Па выніках 2017 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. У прыватнасці, такой узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у складзе Паліны Амельяновіч, Канстанціна Касцючэнкі і Глеба Отчыка за рэалізацыю праекта комплекснага мастацкага афармлення храма ў гонар Святых Касмы і Даміяна ў аграгарадку Вішнева нашага раёна.

Наш кар.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars