Што пакінуць пасля сябе

Zaveshhanie6

Магчыма, па прычыне таго, што рэдакцыя размяшчаецца ў адным будынку з натарыусам, наведвальнікі часам блытаюцца і заходзяць да нас. Нават пытанні задаюць, будучы ўпэўненымі: журналісты ведаюць усё. Найчасцей людзям патрабуецца кансультацыя наконт складання завяшчання. Вось пра гэта мы сёння і пагутарым са спецыялістам – загадчыцай натарыяльнай канторы, натарыусам з больш чым 20-гадовым стажам Марынай Рыгораўнай ЦЕЛЯЖЭВІЧ:  

 – Хто мае права скласці завяшчанне?

– Скласці завяшчанне можа чалавек, які з’яўляецца паўналетнім і цалкам дзеяздольным. Па законе гэты дакумент нельга складаць праз прадстаўнікоў або ад імя некалькіх асоб. Таму муж і жонка не маюць права пакідаць адно завяшчанне на дваіх, кожны з іх павінен скласці асобны дакумент.

– У якіх выпадках мэтазгодна яго складаць?

– Калі вы жадаеце да дня сваёй смерці заставацца ўласнікам сваёй маёмасці, то вам неабходна скласці завяшчанне. Гэта – распараджэнне грамадзяніна адносна яго ўласнасці на выпадак смерці. Завяшчальнік сам вызначае наследнікаў, іх долі або вырашае, каму што пакіне. Перадаць маёмасць у спадчыну можна фізічным асобам, як сваякам, так і іншым людзям, дзяржаве, адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, а таксама юрыдычным асобам, якія будуць створаны на дзень адкрыцця спадчыны.

Для састаўлення дакумента могуць падштурхнуць і розныя жыццёвыя абставіны: праблемы з дакументамі, што пацвярджаюць сваяцкія сувязі, жаданне пакінуць маёмасць таму, хто не ўваходзіць у кола спадчыннікаў і інш.

– Якія дакументы спатрэбяцца для афармлення завяшчання?

– Тыя, што пацвярджаюць вашу асобу: пашпарт, від на жыхарства. Пры неабходнасці – пашпарт сведкі і таго чалавека, які падпісвае завяшчанне за непісьменнага завяшчальніка. Пры наяўнасці льгот па аплаце натарыяльнага тарыфу прад’яўляецца пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда I ці II груп.

– А ці можна напісаць завяшчанне дома і прынесці Вам на зацвярджэнне?

– Завяшчанне можа напісаць сам завяшчальнік, але ў прысутнасці натарыуса. Дакумент таксама запісваецца з вашых слоў натарыусам у прысутнасці сведкі. Незаверанае “дамашняе” ці вуснае распараджэнне чалавека наконт яго маёмасці законнай сілы мець не будзе.

– Што яшчэ варта ведаць пра завяшчанне?

– Завяшчальнік можа ў любы момант адмяніць ці змяніць сваё завяшчанне, нікога аб гэтым не папярэджваючы. Змяняецца ці адмяняецца завяшчанне шляхам зацвярджэння новага завяшчання. Адмяніць завяшчанне можна таксама шляхам знішчэння ўсіх яго экзэмпляраў завяшчальнікам ці па яго распараджэнні натарыусам. Нельга пазбаўляць спадчыны тых наследнікаў, якім закон прадугледжвае абавязковую долю: непаўналетніх ці непрацаздольных дзяцей на дзень адкрыцця спадчыны, непрацаздольнага мужа ці жонку, бацькоў. Заканадаўства таксама абараняе правы мужа ці жонкі пры наследаванні: незалежна ад тэксту завяшчання, перажыўшы муж ці жонка мае права на частку маёмасці, якая сумесна нажыта ў шлюбе.

Складаць ці не завяшчанне, рашае сам завяшчальнік. А натарыус дапаможа правільна гэту волю аформіць, растлумачыць усе наступствы, адкажа на іншыя пытанні, якія чалавека цікавяць.

Як завяшчальнік, так і натарыус павінны ведаць галоўны рэцэпт добрага завяшчання: душэўны пакой, удумлівая развага, цвярозы розум і выдатная памяць.

 

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars