Дабрачыннасць сучасным спосабам

У Беларусі выпусцілі такен “Ракаўскі грош”. Гэты першы праект дабрачыннай крыптавалюты рэалізаваны для збору ахвяраванняў на будаўніцтва Крыжаўзвіжанскага храма ў а. г. Ракаў.

Паводле старадаўняга падання, у XV стагоддзі ў Ракаве жыў няшчасны сляпы стары. Аднойчы ў парыве адчаю ён пакінуў свой дом, доўга блукаў па наваколлі і ў выніку канчаткова заблудзіўся. Голад, холад, стомленасць і страх асільвалі ўсё больш і больш. Нарэшце небарака звярнуўся да Бога з прабачэннем за малавер’е, нараканні, адчай і пачаў маліць Яго, каб паказаў дарогу дадому і, наогул, шлях да выратавання.

Раптам адчуў, што ногі стаяць у вадзе крыніцы. Прагнаўшы смагу і памыўшыся, ён цудоўным чынам вылячыўся і ўбачыў ікону, ад якой ішло ззянне. Стары з глыбокай павагай прынёс яе ў вёску. Пазней на месцы з’яўлення пабудавалі Крыжаўзвіжанскі храм, каплічку і браму-званіцу. Увесь комплекс быў разбураны падчас бальшавіцкіх ганенняў. Для хрысціян жа ён – святыня і вялікая каштоўнасць, гэта выдатны ўзор тыповага беларускага правінцыйнага драўлянага храмавага дойлідства.

Праца па аднаўленні комплексу пачалася ў 1993 годзе. Спачатку па захаваных фотаздымках была адбудавана капліца на святой крыніцы, дзе з’явілася ікона Божай Маці, затым – брама-званіца. Між іншым, арыгінал Ракаўскага цудатворнага абраза не захаваўся, застаўся толькі яго спіс. Цяпер абшчына Праабражэнскага храма збірае грошы на аднаўленне разбуранага храма. Прычым робяць гэта і па-старому, кідаючы грошы ў скарбонку, і сучасным спосабам – крыптавалютай.

Ідэю стварэння віртуальнага аналагу сувенірных манет прапанаваў адзін з прыхаджан храма Праабражэння Гасподня Сяргей Лаўрыненка, які з’яўляецца прадстаўніком беларускага крыптасупольніцтва і адным са стваральнікаў беларускай крыптавалюты “талер”. Яго падтрымаў настаяцель храма протаіерэй Сергій Лепін. Да справы былі прыцягнуты і іншыя валанцёры.

Ракаўскі грош можна будзе абмяняць на сувенірную манету ў свячной краме Праабражэнскага храма па курсу 1 да 1. Гэта своеасаблівае матэрыялізаванае “дзякуй” за дабрачыннасць. Плануецца і дастаўка манет па пошце.

 

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars