Агляд падзей у раённай газеце за люты 1966 года

Культура

ВЫГАДНА

Калгас «Перамога» надае вялікую ўвагу развіццю авечкагадоўлі, якая з’яўляецца прыбытковай галіной гаспадаркі.

У мінулым годзе ад матачнага пагалоўя атрымана больш за 340 ягнят. Дзяржаве прададзена 301 галава авечак агульнай вагой каля 100 цэнтнераў. Прыбытак ад гэтай галіны складае 11976 рублёў.

У дасягнутых поспехах вялікая заслуга аўчара В. П. Пятровіча, які ўжо дзесяць гадоў працуе на ферме. Разам са сваімі памочнікамі В. Пятровічам і І. Жукоўскім цяпер ён даглядае 647 авечак, у тым ліку больш за 200 галоў маладняку.

УРАЧЫСТЫ СХОД

У Івянецкім Доме культуры адбыўся ўрачысты сход працоўных, прысвечаны выдатнаму дзеячу Савецкай дзяржавы М. В. Фрунзэ.

Даклад аб яго жыцці і дзейнасці зрабіў І. Круглінскі, навуковы супрацоўнік музея Ф. Э. Дзяржынскага. З успамінамі пра Фрунзэ выступіў жыхар Івянца А. Пупко, у доме якога каля двух гадоў жыў і працаваў Міхаіл Васільевіч пад прозвішчам Міхайлаў.

УДАЧЫ МАЛАДОГА ПАЛЯЎНІЧАГА

Сапраўдны паляўнічы не толькі страляе дзічыну, але і заўсёды клапоціцца аб захаванні яе, аб ахове яе ад драпежнікаў. І калі ён ступае на паляўнічую сцяжынку, гора ворагам карысных звяроў і птушак.

Іван Тупека зусім яшчэ малады паляўнічы з вёскі Шулойць Вішнеўскага сельсавета. Ён таксама прымае ўсе захады да таго, каб абараняць дзічыну. У мінулым годзе ён знішчыў рысь, 6 ястрабаў-цецеравятнікаў, 11 ястрабаў-перапёлачнікаў.

ЛЕПШАЯ ВЫШЫВАЛЬШЧЫЦА

Выдатных поспехаў у мінулым годзе дабіўся калектыў строкавышывальнага цэха Івянецкай фабрыкі керамікі і мастацкай вышыўкі.

Ён выканаў гадавы план на 163 працэнты, выпусціўшы звыш плана вырабаў на 25,4 тысячы рублёў. Гэты поспех выкаваны ўмелымі рукамі працаўнікоў калектыву. Сярод іх вызначаецца Яніна Савіцкая. Працуе яна вышывальшчыцай. Яе паказчык – 138 працэнтаў гадавога плана. Добрыя вынікі ў працаўніцы і сёлета. Студзеньскі план яна выканала на 132 працэнты. Я. Савіцкай прысвоена ганаровае званне ўдарніка камуністычнай працы.

ЗАВОЗЯЦЬ МІНЕРАЛЬНЫЯ ЎГНАЕННІ

З кожным днём шырыцца падрыхтоўка да вясны ў брыгадзе «Гіневічы» саўгаса «Залескі». Ідзе ачыстка насення, рамантуецца тэхніка.

У брыгаду ідуць машыны з мінеральнымі ўгнаеннямі. Ужо завезена 15 тон салетры і іншых рэчываў, карысных для раслін. Старанна на гэтай рабоце працавалі Генадзь і Іван Мурзы. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, яны штодзённа рабілі па тры рэйсы, перавозячы па 8-9 тон угнаенняў.

ГЕРОІ ВЕЧАРА – ВЕТЭРАНЫ ВАЙНЫ

«Сёння ўрачысты вечар, прысвечаны Савецкай Арміі і Ваенна-Марскому Флоту», – паведамлялі афішы ў Івянцы. Задоўга да пачатку вечара Івянецкі Дом культуры быў запоўнены да адказу.

…Роўна 20 гадзін. Гучыць музыка. Месцы ў прэзідыуме займаюць працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці. Пасля невялікай урачыстай часткі адзін за другім падымаюцца да трыбуны ўбеленыя сівізной ветэраны, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Яны – героі вечара. Да іх баявых узнагарод дабаўляецца яшчэ адна – «ХХ год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Іх уручае супрацоўнік ваенкамата. У гонар свята быў дадзены вялікі канцэрт удзельнікамі самадзейнасці Валожынскага і Івянецкага Дамоў культуры.

ЦАНА НЕАСЦЯРОЖНАСЦІ

Студзеньскі мароз мацнеў. Ядвіга Глінская – жыхарка вёскі Наркаўшчына набрала вядро тлеючых вуглёў і аднесла іх у склеп, каб не замерзла бульба.

У выніку неасцярожнасці некалькі вугольчыкаў выпалі з вядра і трапілі на ахапак сена. Праз нейкі час агледзеліся, што склеп ахоплены полымем. Агонь перакінуўся і на хлеў, што стаяў побач. Ён запалаў як свечка: на столі было складзена сена, якое стала добрай «нажыўкай» для агню. Пакуль прыехала пажарная машына з раённага цэнтра, усё было скончана. Згарэла карова, двое цялят, трое свіней і 12 курэй, якія знаходзіліся ў хляве. Вось якой дарагой цаной прыйшлося заплаціць за неасцярожнасць. З гэтага напрошваецца і другі вывад: саўгасу «Багданаўскі» патрэбна мець сваю пажарную машыну. Бо пажары тут нярэдкасць.

СПАРТЫЎНЫЯ ДАСЯГНЕННІ

Нядаўна ў Гародзьках адбыліся паўфінальныя спаборніцтвы сельскіх лыжнікаў на прыз Героя Савецкага Саюза В. Шчарбіны.

У іх удзельнічала каля 100 прызыўнікоў і дапрызыўнікоў Узбалацкага, Гародзькаўскага і Забрэжскага сельсаветаў. Добрага поспеху тут дабіўся вучань Забрэжскай СШ І. Язерскі. Ён паказаў вынік 46 хвілін 4 секунды. Гэта норма трэцяга спартыўнага разраду.

У раёне адбыліся і спаборніцтвы па стральбе, у праграму якіх уваходзіла стральба з малакалібернай вінтоўкі. У іх прынялі ўдзел юнакі дапрызыўнога ўзросту. Лепшых вынікаў дабіліся Іван Жук і Уладзімір Садоўскі. Абодва яны выбілі па 90 ачкоў са 100 магчымых.

МАЛАДЗЕЮЦЬ КЛІМЫ

Удоўж і ўшыр разрастаюцца Клімы – цэнтр пятай паляводчай брыгады калгаса імя Чарняхоўскага. Той, хто не быў у гэтай вёсцы год-два, адразу заўважае прыкметныя перамены.

Раней тут было з паўтара дзесятка дамоў. Цяпер жа іх – каля 80. Ды і дамы не тыя. Не пад саламянымі стрэхамі, а пад гонтай, чарапіцай і шыферам выстраіліся новыя будынкі.

У вёсцы была толькі адна вуліца, а цяпер – тры. На вясковых прасцягах і будуюцца калгаснікі. Многія з навасёлаў перавезлі свае дамы з хутароў. Справілі наваселле І. Танюкевіч, Н. Кулак, І. Вялькоўскі, І. Жылевіч і інш. Абапал іх дамоў пасаджаны маладыя дрэўцы, закладзены фруктовыя сады. Дапамагае забудоўшчыкам і праўленне арцелі. Ім адпускаецца транспарт, выдаюцца доўгатэрміновыя крэдыты. Расце, маладзее вёска Клімы.

ГРАМАТА ЮНЫМ

Тэатр лялек Валожынскага Дома піянераў карыстаецца заслужаным поспехам сярод маленькіх гледачоў.

У снежні мінулага года юныя артысты добра выступілі на абласным аглядзе лялечных тэатраў. За паказанае майстэрства яны ўзнагароджаны Ганаровай граматай.

ПУЦЁЎКІ КАЛГАСНІКАМ

Праз два тыдні ад перона сталічнага вакзала адыдзе турысцкі поезд. Сярод яго пасажыраў будуць брыгадзір паляводчай брыгады сельгасарцелі «17 верасня» А. Трапашка і калгаснік гэтай арцелі М. Рай.

На працягу 10 дзён яны пабываюць у многіх буйнейшых гарадах нашай і суседніх рэспублік, азнаёмяцца са славутымі мясцінамі, наведаюць музеі, прамысловыя прадпрыемствы, памятныя мясціны.

Пуцёўкі для адпачынку ў турысцка-экскурсійным поездзе для калгаснікаў набыла за свой кошт сельгасарцель. У гэтым жа поездзе правядуць свой адпачынак 10 членаў сельгасарцелі імя Чапаева і столькі ж з калгаса «Верны шлях».

ДОБРЫЯ ЗМЕНЫ

Раней жыхары вёскі Пагарэльшчына не мелі магчымасці рэгулярна глядзець кінафільмы, хоць гэты від мастацтва вельмі папулярны і падабаецца людзям.

Былы кінамеханік нядобрасумленна адносіўся да сваіх абавязкаў, дрэнна дэманстраваў фільмы. І вось ужо трэці месяц вёску абслугоўвае новы кінамеханік Іосіф Скадорва. Гэта ветлівы хлопец, сціплы і просты, уважлівы да людзей. Ён нядаўна скончыў курсы кінамеханікаў у райцэнтры. Цяпер абслугоўвае Філіпіняты, Дайноўку, Куцяняты, Жомайдзь, Трускавічы і іншыя вёскі. Ужо другі месяц ён пераконвае даведзенае заданне, клапоціцца аб добрай якасці кінапаказу. Калгаснікі вельмі ўдзячны яму.

ЦІКАВЫЯ НАСЦЕНГАЗЕТЫ

У канторы калгаса імя Куйбышава сабралася шмат народу. Людзі, абступаючы адзін другога, бліжэй падыходзяць да сцяны, дзе вісіць насценная газета «За высокі ўраджай». Толькі што выйшаў чарговы нумар.

У ім шмат матэрыялаў аб жыцці калгаса, аб спаборніцтве хлебаробаў і жывёлаводаў. Яны ўважліва чытаюць кожную заметку. А нярэдка і самі паведамляюць у рэдкалегію аб навінах. У тым, што насценгазета выходзіць рэгулярна і з густам афармляецца, вялікая заслуга К. Бобела, адказнага за выпуск.

Яшчэ адна цікавая газета выходзіць у калгасе – «За культуру сяла». Яна вывешваецца ў сельскім клубе і адлюстроўвае пытанні быту, культурнага адпачынку членаў сельгасарцелі. А настаўнік Забрэжскай СШ Э. Шапруноў афармляе сатырычную газету «Камар». Пакуль выйшаў толькі трэці нумар. Але і гэта газета заваявала папулярнасць.

ДАРАГІЯ ГОСЦІ

Нядаўна ў Вішнеўскай сярэдняй школе адбыўся вечар сустрэчы з выпускнікамі. Вучні 11 класа вельмі прыгожа аформілі актавую залу і кафэ «Сустрэча», дзе можна было пасядзець за столікам і пагутарыць за шклянкай кавы.

Вечар адкрыў дырэктар школы І. А. Абрамаў. Слова для прывітання гасцей атрымаў першы выпускнік І. В. Часноўскі. Вельмі цікава было пачуць аповед пра адкрыццё школы. Потым за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці былі ўручаны сярэбраныя медалі выпускнікам: намесніку дырэктара школы С. Г. Міцэвічу і Ірыне Гардынец – студэнтцы Мінскага педінстытута. На вечар прыехаў і яшчэ адзін жаданы госць – малады паэт, выпускнік школы Хведар Чэрня. Ён расказаў аб студэнцкім жыцці, прачытаў свае вершы.

Старонкі газеты гартала Святлана СУХАДОЛЕЦ



Добавить комментарий