Узнагарода ў гонар юбілею

Общество

    Напрыканцы мінулага года 95-годдзе з дня заснавання адзначыў цэнтр банкаўскіх паслуг № 605 філіяла № 500 Мінскага ўпраўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк”. З нагоды юбілейнай даты за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, адказнасць да даручанага ўчастка Ганаровай граматай райвыканкама была ўзнагароджана вядучы спецыяліст аддзела карпаратыўнага бізнесу Яніна Валянцінаўна СУХОЦКАЯ.

У гэтым калектыве прайшло ўсё яе працоўнае жыццё: здаецца, зусім нядаўна пачынала на практыцы спасцігаць атрыманыя веды, а ўжо сама шчодра дзеліцца назапашаным вопытам з маладымі работнікамі. Зараз яна – ветэран банкаўскай сферы з 36-гадовым стажам. З цеплынёй і прыемнай настальгіяй узгадвае Яніна Валянцінаўна сваё першае рабочае месца – невялікі пакойчык, у якім размяшчалася ашчадная каса вёскі Пяршаі. Не было там ні спецыяльна абсталяванай для кантралёра-касіра кабінкі, ні ахоўнага шкла: мэбля складалася са стала і сейфа, а ўсе арыфметычныя падлікі вяліся пры дапамозе канторскіх лічыльнікаў. Простыя, адкрытыя вяскоўцы любілі заходзіць сюды не толькі па грашовых справах, але і проста так – пагутарыць.

Па натуры гаваркая, хутка ўлілася Я. В. Сухоцкая і ў калектыў цэнтральнай ашчаднай касы ў Валожыне. За дзесяцігоддзі работы ў банкаўскай сферы было шмат пераўтварэнняў, але калектыў падабраўся настолькі дружны, што жылі, без перабольшвання, адной сям’ёй – дапамагалі, падказвалі, падтрымлівалі адзін аднаго.

Беларусбанк цішком называюць народным банкам – ужо дзевяць з паловай дзясяткаў гадоў ён годна трымае марку і з’яўляецца надзейным партнёрам для кліентаў. Таму ветэран працы ні разу не пашкадавала, што менавіта з ім звязала сваё жыццё, застаецца верная яму і калектыву.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий