“Наш жывёлавод” – акцыя карысная

У першыя дні новага года КСУП “Пяршаі-2014” наведаў старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Аксёнавіч Лабушаў. Візіт прафсаюзнага лідара адбыўся ў рамках акцыі “Наш жывёлавод”, якая стартавала 1 снежня 2017 года і працягнецца да 1 красавіка 2018 года.

Падчас сустрэчы з працаўнікамі сельгасвытворчасці Мікалай Аксёнавіч адзначыў, што ўдасканаленне жывёлагадоўлі – бадай самы адказны момант жыццядзейнасці сучаснага аграпрамысловага комплексу. Згодна з праграмай развіцця краіны на 2016-2020 гады, менавіта вытворчасці малака і мяса надаецца асаблівая ўвага. Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь сумесна з Рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў АПК распрацаваны рэкамендацыі па матэрыяльным стымуляванні жывёлаводаў, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі.

Пісьмом з падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК узнагароджаны аператары машыннага даення, чые паказчыкі можна лічыць прыкладам, – Алена Аляксандраўна Страчынская, Наталля Якаўлеўна Цаюн, Вольга Мікалаеўна Жураўлёва. Кожная з іх у бліжэйшы час атрымае і грашовую прэмію.

Традыцыйна не застаўся ўбаку ад акцыі і раённы камітэт. Старшыня Віктар Станіслававіч Гідлеўскі прыбыў не з пустымі рукамі. За высокі прафесіяналізм, сур’ёзныя адносіны да работы на даручаным участку падзякамі і каштоўнымі падарункамі адзначаны Пётр Аляксеевіч Сухой – аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы і Святлана Нікадзімаўна Бурак – аператар па дарошчванні буйной рагатай жывёлы.

Падчас сустрэчы з калектывам гаспадаркі адбылася шчырая гутарка. Удзел у ёй прыняў і кіраўнік КСУП “Пяршаі-2014” Яўгеній Яўгеньевіч Скрундзь, які выказаў наступную думку: “Сельскія рупліўцы з’яўляюцца галоўным скарбам дзяржавы. Са шчырымі, працавітымі, адказнымі работнікамі можна дасягнуць высокіх паказчыкаў. Людзі, чые прозвішчы прагучалі сёння, – сапраўдны прыклад высокага прафесіяналізму”.

Яшчэ адзін падарунак госця са сталіцы прыемна ўразіў работнікаў, што прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве. Каб парадаваць іх і павіншаваць з Новым годам і Калядамі, М. А. Лабушаў прывёз вялікі прыгожы торт, выраблены на заказ спецыяльна для калектыву жывёлаводаў КСУП “Пяршаі-2014”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars