Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    Сёння, 16 студзеня, падчас лінейкі ў Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце прагучыць апошні акорд навагодніх свят. Заслужаныя падарункі атрымаюць 14 вучняў розных класаў.

На працягу апошніх пяці гадоў у валожынскім універмагу ў рамках дабрачыннай акцыі “Твары дабро” з’яўляецца ёлка, убраная малюнкамі вучняў школы-інтэрната. Пакупнікам прапануюць, набываючы падарункі для сваіх дзяцей, пакласці пад ёлку ў гандлёвай зале яшчэ адзін – для аўтара малюнка, які ўпадабалі. Такім чынам сямікласнік Максім Сванідзэ атрымаў добры футбольны мяч, васьмікласніцы Лізавета Смальскус і Вікторыя Алешка – мяккія цацкі, астатнія юныя мастакі – наборы разнастайных канцылярскіх тавараў, якія вельмі спатрэбяцца на ўроках.

    Батлеечны спектакль “Цар Ірад”, падрыхтаваны супрацоўнікамі Івянецкага музея традыцыйнай культуры, паглядзелі вучні Івянецкай сярэдняй школы, дома-інтэрната, гімназіі № 1 г. Валожына.

Некалькі разоў спектакль праходзіў у музычным суправаджэнні выкладчыцы школы мастацтваў Кацярыны Радзівілавай, якая акампанавала на ліры і скрыпцы. Пакуль у ганчарнай майстэрні, прыстасаванай пад глядзельную залу, адбылося 8 прадстаўленняў. Аднак пагалоска ўжо пайшла, і ў музей сталі тэлефанаваць з іншых школ раёна.

Наведванне Івянца падчас зімовых канікулаў пакінула незабыўныя ўражанні ў вучняў валожынскай гімназіі. У музеі, вобразна кажучы, яны правялі цэлы дзень. Акрамя спектакля, пазнаёміліся з пастаяннай экспазіцыяй, дырэктар музея Валянціна Адамовіч правяла майстар-клас па лепцы з гліны. Наведалі валожынцы і карчму, дзе іх пачаставалі блінамі з чаем. А ў бяспройгрышнай латарэі кожны выйграў ці ляльку-абярэг, ці свістульку.

 

    За мінулы год прадпрыемствамі і ўстановамі раёна сабрана і здадзена 395,29 тоны макулатуры, 532,97 тоны шкла, 102 тоны 95 кілаграмаў палімерных адходаў, 58,59 тоны шын, 15 тон 77 кілаграмаў адходаў электрычнага і электроннага абсталявання, 8,32 тоны адпрацаванага масла.

Хоць аб’ёмы другаснай сыравіны здадзены значныя, аднак даведзены раёну план у цэлым не выкананы. Толькі па шкле выкананы дзяржзаказ. Даведзенае заданне па зборы макулатуры выканалі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, рэдакцыя раённай газеты, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сельскагаспадарчы ліцэй, Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат, ДРБУ № 167, аўтапарк № 14, райгаз, раённая бальніца, раённы вузел паштовай сувязі і раённы вузел электрасувязі, РКБА, ільнокамбінат. Значны ўклад у агульную скарбонку ўнёс філіял малочнага камбіната – 6 тон. Калектывы жылкамунгаса і райспажыўтаварыства выканалі план дзяржзаказу па шкле, а камунгас справіўся таксама з дзяржзаказам па макулатуры. Філіял малочнага камбіната ўнёс добры ўклад і ў збор поліэтылену – 5,966 тоны, СГУ “Бабровічы” – у збор адпрацаваных маслаў і поліэтылену: здалі 3,3 тоны і 5,327 тоны адпаведна.

 

    У дні школьных канікулаў басейн у новым будынку ДЮСШ арганізавана наведалі 208 вучняў з 11 устаноў адукацыі раёна. З задавальненнем паплёскаліся ў басейне вучні Суднікаўскай, Гародзькаўскай, Івянецкай, Сакаўшчынскай, Вішнеўскай, Багданаўскай і Пяршайскай сярэдніх школ, Сівіцкай базавай, усіх гарадскіх школ, многія з іх увогуле ўпершыню пабывалі ў басейне.

У дзень басейн наведваюць да 200 і больш чалавек рознага ўзросту. Дарослы басейн разлічаны на 32 плыўца, дзіцячы – на 8 чалавек. Распрацаваны абанементы на 4, 8, 10 і 12 наведванняў, якія сапраўдныя на працягу шасці месяцаў. З 1 снежня жыхары раёна набылі ўжо 65 абанементаў. Наведванне басейна па абанеменце выгадней, чым набываць квіток кожны раз асобна.

 

    5 студзеня прайшоў Калядны турнір па міні-футболе сярод юнакоў 2001-2003 гадоў нараджэння, у якім удзельнічалі каманды, што сфарміраваны на базе ФАЦ.

Першае і трэцяе месцы занялі каманды СШ № 2, якія трэніруе Генадзь Пермякоў, другое – СШ № 1 (трэнер Аляксей Патапчанка).

 

    На змену выставе “Навагодні сувенір” у памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” ў хуткім часе прыйдзе выстава вышываных работ. Іх аўтар – бібліятэкар сельскагаспадарчага ліцэя Людміла Садоўская.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars