Ствараць настрой і пазітыў – часцінка яе натуры

Общество

    Іна Валер’еўна ІВАНОЎСКАЯ – чалавек у Пяршаях вядомы і паважаны. Яна працуе прадаўцом у мясцовым магазіне. Адкрытая, шчырая, абаяльная, жанчына заўсёды гатова падзяліцца з пакупнікамі добрымі парадамі, дапамагчы ім вызначыцца з выбарам. А такіх нямала: у сярэднім за дзень магазін наведваюць каля 150 чалавек, прыносячы гандлёвай кропцы салідную выручку. Іна Валер’еўна даўно зарэкамендавала сябе як вопытны прафесіянал. Гэта пацвярджае і Ганаровая грамата Мінскага аблспажыўтаварыства, якой летась была ўзнагароджана за добрасумленную плённую працу.

У сістэме спажывецкай кааперацыі І. В. Іваноўская шчыруе з 2001 года. Маладая выпускніца Мінскага гандлёвага каледжа вярнулася па накіраванні ў родны раён і прыступіла да абавязкаў у пяршайскім калектыве. Падтрымка калег дазволіла хутка перайсці ад тэорыі да практыкі, адчуць сябе «сваёй». Потым лёс распарадзіўся так, што ёй давялося працаваць і ў крамах Івянца, Бурбаўшчыны. Але Пяршаі, якія сталі для жанчыны роднымі, зноў паклікалі да сябе, і вось пайшоў ужо адзінаццаты год, як яна заступае на змены ў складзе дружнай і зладжанай каманды.

Не толькі прыродная камерцыйная жылка і ўменне быць адначасова кантактнай і добразычлівай, але і скрупулёзнасць, назіральнасць, здольнасць інтуітыўна адчуваць патрэбы пакупнікоў зрабілі нашу субяседніцу сапраўдным карыфеем у гандлі. Асновай жа глыбокай павагі з боку калег і наведвальнікаў магазіна сталі яе абсалютная сумленнасць і глыбокая чалавечая прыстойнасць.

Кожны новы рабочы дзень Іна Валер’еўна пачынае нязменна з усмешкай на вуснах. Сустрэчы з жыхарамі і гасцямі аграгарадка прыносяць прадаўцу 6-га разраду сапраўднае задавальненне, натхняюць на далейшую самаадданую працу.

Сяргей САДОЎСКІ

фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий