Рассакрэціць сакрэтны працэс

Закон и порядок

Дзеля вечнай маладосці доктар Фауст згадзіўся прадаць душу д’яблу, а дзеля дадатковых купюр у кашальку некаторыя нашы сучаснікі гатовы служыць “зялёнаму змею”.

Запытайцеся ў любога і пачуеце ў адказ, што п’янства – зло, што трэба зменшыць ужыванне алкаголю. Тым не менш выраб самагону не спыняецца. Калі ў іншых рэгіёнах рэспублікі колькасць канфіскаванай і знішчанай саматужнай гарэлкі вымяраецца дзесяткамі літраў, то ў нашым – сотнямі. За мінулы год у раёне зарэгістраваны 101 выпадак рэалізацыі самагону, знішчаны 54 самагонныя апараты. Акрамя традыцыйнага прадукту, атрыманага шляхам перагону, несанкцыянаваны алкагольны рынак папаўняецца і спіртаўтрымліваючай вадкасцю тэхнічнага назначэння. Летась для шасці грамадзян раёна папойка закончылася смяротным атручваннем.

Але п’яніцы шкодзяць не толькі сабе. Сям’я, у якой нехта злоўжывае алкаголем, перастае быць шчаслівай, моцнай. Пакутуюць дзеці. Дэбошы, скандалы і матэрыяльныя праблемы даводзяць да адчаю жонак. Да таго ж у стане алкагольнага ап’янення ўчыняюць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, ахвярамі якіх часта становяцца ні ў чым не вінаватыя людзі. Усё гэта адбываецца з падачы тых, хто не лічыць грахом гнаць і прадаваць гарэлку. Большасць самагоншчыкаў свой прадукт не ўжываюць, п’янства асуджаюць, але ахвотна нажываюцца на слабасцях іншых. Вось што расказвае адзін з участковых інспектараў:

– Сям’я лічылася адной з самых заможных у вёсцы. Іх багацце кавалася не столькі працай, колькі падпольным бізнэсам. Яны мелі сапраўдны самагонны міні-завод. Уся шматлікая жыўнасць, якая трымалася ў падсобнай гаспадарцы, кармілася таксама з вытворчасці. Безадходны працэс не даваў збояў: мука і дрожджы ператвараліся ў гарэлку, гарэлка – у грошы, золата, шыкоўныя аўтамабілі, брага – у каўбасы і шынкі.

Але сямейнае шчасце, нажытае багацце вылецелі ў трубу. Дакладней, праз медныя трубы шыкоўнага самагоннага апарата.

Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў спадзяюцца, што пры падтрымцы грамадзян можна выкараніць самагонаварэнне і рэалізацыю саматужнай гарэлкі. Толькі не трэба замоўчваць праблему, саромецца паведамляць пра вядомыя факты спойвання насельніцтва. Міліцыя гатова рэагаваць нават на ананімныя паведамленні. Вось тэлефоны, па якіх можна званіць у любы час: 54021, 54144, 6730352.

Валерый ГАРНАШКЕВІЧ,

начальнік аддзела аховы грамадскага

правапарадку і прафілактыкі РАУС.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий