Экспанаты з вясковай хаты

З усіх аб’ектаў сацкультбыту Слайкоўшчына мела толькі магазін, ды і ён ужо шмат гадоў як закрыты. Не было тут ні школы, ні клуба, ні нават лазні. Магчыма, людзі вялікай патрэбы ва ўсім гэтым не адчувалі, бо па суседстве знаходзілася мястэчка Вішнева і даволі буйныя вёскі Сакаўшчына і Адамова.

Аднак сёлета, дзякуючы старанням жыхаркі райцэнтра, ваеннаслужачай Таццяны Казіміраўны Шумскай і мясцовага пенсіянера Пятра Іосіфавіча Рубана, у Слайкоўшчыне створаны самы сапраўдны музей даўнейшых побытавых рэчаў. Праўда, будынак, дзе ён з’явіўся, нічым не выдзяляецца сярод іншых, няма на ім і шыльды. Гаспадыня дома Ганна Емяльянаўна РАГАЧЭВІЧ – самая старэйшая жыхарка вёскі. 7 студзеня 2018 года яна адзначыла свой 100-гадовы юбілей. Жыццё жанчыны нельга назваць лёгкім, але лёс, быццам бы просячы прабачэння за цяжкія выпрабаванні, захаваў ёй на схіле веку светлы розум і рухавасць.

Нарадзілася Ганна Емяльянаўна ў Бяляках, у дзявоцтве насіла прозвішча Мышлён. Сям’я іх была даволі заможнай: мелі ладны кавалак зямлі, трымалі каня, кароў, розную іншую жыўнасць. Дзецям першыя працоўныя абавязкі даручалі, як толькі малое нешта кумекаць пачынала. Трохгадовыя маглі курэй карміць, у чатыры гады – гусей пасвіць, а калі сыну ці дачцэ спаўнялася пяць, то гэта, лічы, паўнацэнны работнік па праполцы агароду, дзяцельніку свінням нарваць ці цялё перавязаць.

Зараз у грамадстве вядзецца шмат размоў пра павышэнне нараджальнасці. Бабуля Ганька лічыць, што раней усіх дзяцей, незалежна ад таго, багатыя іх бацькі ці бедныя, апраналі вельмі сціпла: шарачковыя кашулькі, зрэбныя портачкі. Прымаўкі нават існавалі: “Малога не апранай, старога не кармі”, “Ці малы зносіць, ці стары з’есць”. Цяпер жа дзіцем быццам выхваляюцца: дарагое адзенне, цацкі. Вядома, пры такіх расходах грошай хопіць толькі на адно-два.

Ашчаднасць праяўлялі і ў дачыненні да ежы: святочныя стравы не рыхтавалі штодня, нават звычайным хлебам ласаваліся толькі за полуднем. Будзённае меню выглядала прыкладна так: раніцай – бліны з тварагом, здорам ці маслам, на абед – капуста, бульба з агурком, вечарам – зацірка або панцак. Цікава, што нанач печ не палілі, таму гатавалі на прыпечку: ставілі дзве цагліны, паміж імі разводзілі невялічкі касцёр з трэсак, над ім і булькацеў чыгунок са стравай.

Да замужжа жыццё, якое вяла Ганна, можна назваць прыгожым словам “пастараль”, а калі проста – яна была пастушкай. Вясковы статак ганялі ў поле з ранняй вясны да позняй восені. Дылетанты могуць думаць, што пасвіць скаціну лёгка, але свой майстар-клас патрабаваўся і тут. Побыт даўнейшых пастухоў досыць цікавы, яны наогул жылі сваёй субкультурай: прыдумалі гульні “ў ножыкі” і “каменьчыкі”, навучыліся плесці “агуркі” на вяроўцы, каб пуга ператваралася ў больш грозную зброю. Лічылі, што шчабятанне ластаўкі можна расшыфраваць наступным чынам: “Ніхто не такі, як пастух ліхі: і дома жарэ, і ў поле бярэ, а прыйдзе – ізноў скварыцца”. Чаго толькі не прыдумвалі, каб час скаратаць, пакуль рагулі лежачы жвакуюць!

У школу пастухі прыходзілі не ў верасні, як усе вучні, а недзе аж пад Новы год. Установа з польскай мовай навучання размяшчалася ў Мінцях у звычайнай сялянскай хаце. Асабліва цяжкія часы выдаліся тады, калі яна была ў 1-м і 2-м класе. Яшчэ заставалася свежай памяць пра вайну паміж Саветамі і палякамі, у якую перарасла Першая сусветная. Сяляне абяднелі, многія сем’і не дачакаліся дадому сваіх кармільцаў.

У 39-м Ганна выйшла замуж. Слайкоўшчына вельмі напамінала яе родныя Бялякі. Але вёска мела і адну адметнасць: бліндаж і нямецкія могілкі на ўскрайку лесу. Людзі расказвалі, што там калісьці знаходзіўся ваенны лазарэт, медперсанал якога і займаўся пахаваннем памерлых ад ран салдатаў. На тым жалобным месцы ўзвышаліся, як і зараз, надмагільныя крыжы. А вось каменны пастамент каля могілак устаноўлены раней, бо некаторыя вяскоўцы запэўнівалі, што каля яго збіраліся маліцца жанчыны, мужы якіх загінулі ў руска-японскай вайне 1905 года.

Першы муж Ганны Емяльянаўны да пераможнага мая 1945 года не дажыў. Засталася яна з дзіцем на руках. Потым смерць забрала маладой і адзіную дачку.

У другі раз жанчына выйшла замуж за ўдаўца. Менавіта яго дзеці і ўнукі цяпер з’яўляюцца яе сям’ёй. Ганна Емяльянаўна ганарыцца прыёмным сынам Віктарам, які ўмее маляваць карціны на шкле, залатымі рукамі ўнучкі Таццяны – дзяўчына нядаўна выдатна рэстаўрыравала дзве старадаўнія шафы. Нашчадкі дапамагаюць падтрымліваць ідэальны парадак у доме і на падворку, клапоцяцца, каб прыгожа ўсюды было. А сёлета, вось, сенцы ў музей ператварылі. Ужо мараць аб тым, каб на будучы год у хлявах размясціць усё так, як гэта было ў пачатку ХХ стагоддзя.

Трэба зазначыць, што баба Ганька таксама не сядзіць склаўшы рукі. Вядома, цяжкай працай не займаецца, але згатаваць сёе-тое можа, пыл працірае, кветкі палівае. Нядаўна занемагла, дык сацыяльная работніца, умелая і ласкавая Марына Сідарава банкі паставіла – хваробу як рукой зняло. На пытанне, у чым сакрэт яе доўгажыхарства, жанчына толькі паціскае плячамі. Відаць, каб дажыць да 100 гадоў, неабходна пазбавіцца злосці і крыўды да людзей.

Жанчына паказвае экспанаты хатняга музея, якія памятаюць яе маладой, дужай. Калісьці яна актыўна імі карысталася. Потым гэтыя рэчы “адпачывалі” на задворках і гарышчах доўгія дзесяцігоддзі. Ім пашанцавала – іх не знішчылі!

…Чаму ж я была такой неабачлівай і не захавала хаця б ручку з пяром, якой пісала ў першым класе? Унучкам было б цікава.

Алена ЗБІРЭНКА
Фота Сяргея БОБРЫКА

Экспанаты-з-вясковай-хаты-1

Экспанаты-з-вясковай-хаты-2

Экспанаты-з-вясковай-хаты-3

Экспанаты-з-вясковай-хаты-4

Экспанаты-з-вясковай-хаты-5

Экспанаты-з-вясковай-хаты-6

Экспанаты-з-вясковай-хаты-7

Экспанаты-з-вясковай-хаты-8

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars