Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    Сумы выплат за мінулы год прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне па абавязковым і дабравольным страхаванні пабудоў узраслі ў параўнанні з 2016 годам на 15-17 працэнтаў. Пры гэтым па дабравольным страхаванні агнявыя рызыкі (пажары) пераўзыходзяць усе іншыя, як, напрыклад, неправамерныя дзеянні трэціх асоб, стыхійныя бедствы, перанапружанне ў электрасетках.

Выплаты па дабравольным страхаванні ў выпадку пажару павялічыліся ў параўнанні з 2016 годам на 19 працэнтаў. Як правіла, выплачваюцца даволі вялікія сумы страхавога пакрыцця. Па даных прадстаўніцтва, на 15 студзеня бягучага года ўжо паступілі тры заявы ад жыхароў раёна на выплаты страхавога пакрыцця пасля пажару. Два ўзгаранні адбыліся ў прыватных жылых дамах, адно – у жылых памяшканнях шматкватэрнага дома.

 

    Па выніках работы за 2017 год 10 клубных устаноў раёна з 14-і выканалі план пазабюджэтных паступленняў. Усяго аказана платных паслуг на суму 85,7 тысячы рублёў.

На 106,7 працэнта справіліся з даведзеным заданнем культработнікі Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры, на 105 працэнтаў – Вішнеўскага сельскага дома культуры. Выканалі план РЦК, Багданаўскі і Дубінскі цэнтры культуры, Суднікаўскі сельскі клуб, аўтаклуб, Пугачоўскі і Дорскі СДК, Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр.

 

    12 студзеня на базе нашага раёна прайшлі практычныя выязныя заняткі для слухачоў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Іх тэма – “Асаблівасці рэалізацыі сацыяльнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”. Каардынатарам правядзення заняткаў была дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г. Ф. Рай.

Слухачы наведалі Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат, дзе азнаёміліся з жыццём выхаванцаў, умовамі арганізацыі вучэбнага і лячэбнага працэсаў, работай калектыву. Пабывалі яны і ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. Дырэктар установы В. Т. Адамовіч расказала пра гарадскі пасёлак, яго мінулае і сучаснасць, госці пазнаёміліся з работай творчых майстэрняў, што існуюць пры музеі. У Валожыне заняткі працягваліся ў новым будынку ДЮСШ, дзе слухачы наведалі гурткі лячэбнай фізкультуры, фітнесу, пілатэсу і ёгі, якія арганізаваны тэрытарыяльным цэнтрам, наведаліся ў аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў.

 

    Першы сход грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў на Беларусі” прайшоў днямі ў Сівіцкім аддзяленні. Да канца месяца аналагічныя сходы павінны адбыцца таксама ў Валожынскім, Івянецкім, Ракаўскім і Вішнеўскім аддзяленнях.

Адно з асноўных пытанняў на парадку дня – выбары дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю. Самае вялікае прадстаўніцтва будзе ад Івянца, дзе налічваецца больш за ўсё членаў Саюза палякаў, – 6 дэлегатаў. Абласная справаздачна-выбарная канферэнцыя прызначана на 9 лютага. Пройдзе яна ў Доме польскім у Івянцы.

 

    На мінулым тыдні навагоднюю і калядную праграмы завяршылі ажно два мерапрыемствы, якія прайшлі ў раённым Цэнтры культуры.

Удзельнікі клуба пажылых людзей “Верас” пад кіраўніцтвам Л. Д. Гладчанкі правялі надзвычай цікавую праграму з элементамі абрадавых гульняў “Гары, гары, зорка Калядная”. Шмат гараджан рознага ўзросту з задавальненнем прынялі ў ёй удзел. У нядзелю, 14 студзеня, творчы калектыў РЦК запрасіў жыхароў і гасцей горада на прадстаўленне “Карнавальная ноч” на новы лад”.

 

    13 студзеня ў памяшканні ДЮСШ прайшоў турнір па міні-футболе, у якім прынялі ўдзел 5 каманд. На поле выходзілі хлопчыкі 2005-2006 гадоў нараджэння. Галоўным суддзёй спаборніцтваў быў А. П. Кавяза.

Першае месца – у юных футбалістаў з Ашмян. Другую і трэцюю прыступкі п’едэстала гонару занялі каманды Валожына і Лагойска. Нашы футбалісты перайгралі сваіх равеснікаў з Лагойска, Маладзечна і Беразіно, з лікам 4:5 саступілі толькі пераможцам. Дарэчы, бронзавыя прызёры прайгралі пераможцам з лікам 2:12.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars