Бачыць свет вачамі мастака

Сустрэчы з роднымі, сябрамі, каханымі… Што набыць у якасці падарункаў, каб дагадзіць кожнаму? Ягор ВІРШЫЧ з Валожына з гэтым пытаннем вызначыўся. Ён напярэдадні адказных мерапрыемстваў бярэ ў рукі алоўкі, дастае ліст паперы і…

Юнаку 22 гады. Працуе ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Налібоцкі”, завочна вучыцца ў Гродзенскім аграрным універсітэце – будучы аграном. З дзяцінства разбіраецца ў аўтамабілях, цікавіцца паляваннем, любіць чытаць. Тры гады таму амаль выпадкова даведаўся аб яшчэ адным са сваіх талентаў. Высветлілася, што ўмее добра маляваць. Прызнаецца: усё адбылося нечакана. Спадабалася аўто, і раптам прыйшло жаданне паспрабаваць на аркушы паперы занатаваць убачанае. Сам не зразумеў, як дабіўся амаль фатаграфічнага падабенства. Наступны раз “замахнуўся” на партрэт – зноў удача. З той пары цікавая справа захапіла. Занятак прыносіць сапраўдную асалоду. Мае ён і практычны бок – апошнім часам проста вырашаюцца пытанні з падарункамі для родных і сяброў. Тут галоўнае – употай раздабыць удалае фота. А далей – вечар работы, і ў руках імянінніка цудоўны сувенір на памяць з уласнай выявай. Ягор сцвярджае, што маляваць з натуры значна цікавей, але для гэтага патрэбен час. Да таго ж тыя, хто згаджаецца пазіраваць, павінны вызначацца небывалым цярпеннем, а такіх у яго акружэнні няшмат.

Ён прывык глядзець на наваколле вачамі мастака, вышукваць цікавыя твары, постаці, выраз вачэй, незвычайную міміку. Усё жыццё яшчэ наперадзе. Хто ведае, як распарадзіцца ён сваімі здольнасцямі. Магчыма, з цягам часу стане прафесійным мастаком або аднойчы пакіне гэты занятак. Але відавочна: унутраны свет маладога чалавека заўсёды будзе багатым. Нездарма пра таленавітых людзей кажуць, што іх пацалаваў Бог.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Бачыць-свет-вачамі-мастака-1

Бачыць-свет-вачамі-мастака-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars