На перспектыву – актывізавацца і больш старацца

Общество

Па традыцыі, у студзені супрацоўнікі РАУС праводзяць аналіз сваёй работы за папярэдні перыяд. На мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама прайшоў прадстаўнічы сход, на якім былі агучаны вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2017 год.

Удзел у рабоце форуму прынялі кіраўнікі іншых праваахоўных структур: пракурор раёна юрыст 1 класа С. А. Габруковіч, старшыня суда Валожынскага раёна А. В. Зянько, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўнік юстыцыі В. Л. Юрэвіч. Прымаў справаздачу намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама палкоўнік І. Л. Падвойскі. Першым слова ўзяў начальнік РАУС І. У. Шакун.

У сваім выступленні Ігар Уладзіміравіч падрабязна расказаў пра ўсе кірункі дзейнасці аддзела, даў аб’ектыўную характарыстыку крымінагеннай абстаноўцы ў раёне, звярнуў увагу на ўпушчэнні і недапрацоўкі ў паўсядзённай рабоце, акрэсліў тыя задачы, якія неабходна рашаць у бліжэйшай будучыні, і ўказаў на магчымыя метады іх рашэння.

Перад тым, як спыніцца на дакладзе начальніка РАУС, хацелася б нагадаць: жыхары раёна ставяцца да міліцыі з павагай і вераць у яе дапамогу. Бываючы ў розных кутках Валожыншчыны, размаўляючы з людзьмі, не раз даводзілася чуць станоўчую ацэнку дзейнасці праваахоўных органаў. Так, ёсць людзі – іх хлебам не кармі, а дай напіцца гарэлкі, паскандаліць, якім сумленне не забараняе абкрасці старога ці малога, падняць руку на слабейшага. Але ж хіба ў гэтым міліцыя вінаватая? Дзесяць Божых запаведзяў парушаюцца, што ўжо гаварыць пра людскі закон…

Падчас выступлення І. У. Шакуна стала зразумелым: міліцыя ставіць перад сабой мэту не толькі схапіць злачынца. Куды важней – не дапусціць, каб чалавек, схільны да антыграмадскіх паводзін, учыняў злое, уступаў у спрэчкі з законам, атручваў жыццё навакольным.

За мінулы год у калектыву РАУС ёсць прычыны для гонару: не зарэгістравана забойстваў, нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, разбояў, расце колькасць раскрытых злачынстваў, зменшылася ўдзельная вага супрацьпраўных дзеянняў на сямейна-бытавой глебе і сярод непаўналетніх, павялічылася эфектыўнасць работы па выяўленні вінаватых асоб. Аднак заслугоўвае крытыкі “тармажэнне” па выяўленні фактаў незаконнага абароту наркотыкаў, гандлю людзьмі, парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства.

Асаблівую заклапочанасць кіраўніцтва РАУС выклікаюць недастатковы ўзровень прэвентыўных мер і прафілактыкі правапарушэнняў, рост рэцыдыўнай злачыннасці. Адна з прычын выяўленых недахопаў – неўкамплектаванасць штату. Здараецца, што нейкае падраздзяленне вымушана аказваць дапамогу іншаму, а ў выніку падае эфектыўнасць у абаіх.

Сваё бачанне бягучага моманту і перспектывы акрэслілі таксама намеснікі начальніка РАУС В. У. Кішко, С. В. Латышаў, С. А. Гелда. Даволі працяглую палеміку і канструктыўную крытыку выклікала выступленне начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі А. Я. Бараноўскага.

У цэлым жа было прынята рашэнне прызнаць работу РАУС адпавядаючай патрабаванням. Што датычыцца канкрэтных вывадаў, то яны закранулі самыя розныя аспекты. Так, у самы бліжэйшы час неабходна актывізаваць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы адносна некаторых асоб, якія ўчынілі злачынствы і зараз хаваюцца ў Расійскай Федэрацыі. У месцах масавых гулянняў і адпачынку грамадзян будуць выяўляць тых, хто знаходзіцца ў стане наркатычнага ап’янення. На аўтадарогах узмоцняць кантроль за незаконным перамяшчэннем таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, паліва, чорных і каляровых металаў, алкаголю.

Думаю, няма патрэбы паглыбляцца больш дэталёва ў спецыфіку работы праваахоўнікаў. Скажу адно: свой доўг і абавязкі яны ведаюць, задачы кіраўніцтвам пастаўлены, шлях выканання таксама вызначаны. Спадзяёмся, што планы міліцыі са справай не разыдуцца. Многае ж, пагадзіцеся, залежыць і ад кожнага з нас, ад таго, наколькі мы законапаслухмяныя, уважлівыя, спагадныя.

Напрыканцы мерапрыемства сабраныя выслухалі палкоўніка з УУС аблвыканкама І. Л. Падвойскага. Ён, у прыватнасці, адзначыў: “Неабходна прыкласці ўсе сілы на павелічэнне эфектыўнасці ў рабоце. Аддзел працуе стабільна, але мае патэнцыял для большых здзяйсненняў. Так, упушчэнні па выніках мінулага года ёсць, але гэта прычына мабілізавацца, а не адчайвацца…”

Самым прыемным момантам стала ўзнагароджанне лепшых супрацоўнікаў міліцыі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сёлета медалі “За бездакорную службу III ступені” атрымалі старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Аляксандр Акушка і капітан міліцыі, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Уладзімір Рэут. Пагоны з новымі зорачкамі і чарговае званне атрымаў старшы ўчастковы, інспектар міліцыі Аляксей Букштановіч. Ён стаў маёрам. А ўчастковы інспектар Аляксандр Ерахавец з гэтага дня – старшы лейтэнант.

 

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА

На-перспектыву---актывізавацца-і-больш-старацца-1

На-перспектыву---актывізавацца-і-больш-старацца--2

Намеснік начальніка РАУС Сяргей ГЕЛДА віншуе старшага ўчастковага інспектара міліцыі Аляксея БУКШТАНОВІЧА са званнем маёра.

На-перспектыву---актывізавацца-і-больш-старацца--3

Палкоўнік УУС аблвыканкама Ігар ПАДВОЙСКІ ўручыў медаль Аляксандру АКУШКУ.



Добавить комментарий