У працы і ў жыцці…

Культура

Пра іх можна смела казаць: асветнікі, носьбіты духоўных каштоўнасцей і адмысловых ведаў… Марыя Якаўлеўна і Нікадзім Іванавіч БАРАДАКІ больш чым паўвека прысвяцілі педагагічнай дзейнасці. Яны сапраўдныя сельскія настаўнікі. Дзякуючы ім, тысячы вясковых хлапчукоў і дзяўчынак адкрылі для сябе сусвет, з іх рук атрымалі тую знакамітую “пуцёўку ў жыццё”.

Н. І. Барадака – былы дырэктар Запур’еўскай школы – адзначае 90-гадовы юбілей. Жонцы да велічнай даты яшчэ год. Далёка не маладыя, маюць мноства праблем са здароўем. Але праз дзесяцігоддзі годна нясуць негалосны тытул інтэлігентаў. Таму нараканні, скаргі, беспадстаўная крытыка – тое, да чаго не апусцяцца ніколі.

Нікадзім Іванавіч – наш зямляк. Яго малая радзіма – вёска Подбалаць. Бацькі галоўнай каштоўнасцю лічылі зямлю і працу на ёй. Калі ў 1939 годзе родныя ў адчаі аплаквалі страчанае “багацце”, ён на інтуітыўным узроўні адчуў: самы стабільны скарб – веды. А вучнем быў кемлівым, пачынаючы яшчэ з польскай школы ва Улазавічах. Маці і бацька не моцна ўхвалялі за імкненне да навукі, але ж і не перашкаджалі. Праз шмат гадоў, калі стаў на адзін узровень з лепшымі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна і за адданую працу атрымліваў высокія ўзнагароды, канчаткова прызналі: сын абраў правільны шлях. Усё ж вясковых клопатаў, да якіх яго рыхтавалі ў дзяцінстве, пазбегнуць не ўдалося. Уласны дом, участак, гаспадарка –  усё, як у людзей. Ён ніколі не саромеўся стаць за плуг ці ўзяць у рукі вілы. У школьным садзе і на даследча-вопытным участку, дзе доўгі час гаспадарыла Марыя Якаўлеўна, шчыраваў кожны, у тым ліку і дырэктар.

Але ж гэта пазней, а пачалося ўсё з простага і адначасова складанага пытання: кім быць? З сялянскай грунтоўнасцю малады чалавек разглядаў праблему з практычнага ракурсу. Выбраў установу, дзе давалі жыллё, – Маладзечанскі педагагічны інстытут. Спадзяваўся стаць настаўнікам біялогіі, але выкладчык, што прымаў дакументы, звярнуў увагу на прыгожую гутарку юнака. З той пары родныя мова і літаратура сталі для яго не толькі вялікай любоўю, але і прафесіяй. Працаваў у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Енчыцкая сярэдняя школа дала не толькі каштоўны вопыт – падарыла сустрэчу з каханнем.

Лёс Марыі ў многім падобны на лёс мужа. Бацькі – вясковыя жыхары з Магілёўшчыны. Хоць было ім не да высокіх матэрый, імкненне дачкі да адукацыі падтрымалі. Прыгожая, з адкрытым гарэзлівым позіркам, яна магла закахацца толькі ў яго – падцягнутага інтэлектуала-педагога. Доўгія чатыры гады чакала нявеста жаніха, пакуль той нёс службу на флоце. У Кранштат і назад у Беларусь ляцелі адзін за адным лісты.  Адлегласць і час не разлучылі іх у адрозненне ад многіх іншых, хто не змог ці не захацеў чакаць. Каханне, вернасць, адданасць засталіся з імі да сённяшняга дня.

Пажаніліся маладыя, калі старшына 2-й ступені прыбыў на радзіму на пабыўку. А праз год Марыя сустракала мужа-лейтэнанта запасу. З таго дня яны амаль ніколі не разлучаліся. Хутка перабраліся ў родныя мясціны Нікадзіма. У Запур’е, дзе нават будынак школы яшчэ адсутнічаў, прыехаў дырэктар з жонкай – настаўніцай геаграфіі, біялогіі і хіміі. Усё перажылі разам – будаўніцтва, аздабленне памяшканняў, уласныя бытавыя нязручнасці. Ужо праз год чатыры ўтульныя класы і настаўніцкая адкрыліся для педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Арганізацыйныя здольнасці кіраўніка дазволілі наладзіць партнёрскія стасункі з калгасам імя Чарняхоўскага. Распачала працу школьная сталовая, дзе маглі (бясплатна!) харчавацца і вучні, і настаўнікі. Нікадзім Іванавіч – не той чалавек, які спыняецца на дасягнутым, таму работа па пашырэнні школы працягвалася. Тады ж яшчэ раз прымераў на сябе іпастась студэнта – паступіў на 3-і курс педагагічнага інстытута імя Горкага.

Дзеці Валерый і Ліля гадаваліся пры школе. Відаць таму натуральным быў выбар і сына, і дачкі – абое атрымалі педадукацыю. Валерый Нікадзімавіч цяпер працуе ў рэспубліканскім бюро судова-медыцынскіх экспертыз. А вось Лілія Нікадзімаўна Акотчык – фізік-прадметнік ад Бога – вядомы на Валожыншчыне педагог. Нікадзім Іванавіч і Марыя Якаўлеўна ганарацца ўнукамі, праўнукамі. Відавочна, шкадуюць, што пакуль педагагічная дынастыя не мае працягу. Хто ведае, магчыма, усё зменіцца… Былых настаўнікаў не бывае, таму нават зараз пільна сочаць за навінамі адукацыі і ладзяць свой хатні “педсавет”. Па-ранейшаму адчуваюць адказнасць за справу, якой амаль дзецьмі аддалі сэрцы.

“Выдатнік асветы СССР”, “Выдатнік народнай асветы БССР”, ветэран працы, мноства грамат і падзяк, безліч пасведчанняў – разам з Нікадзімам Іванавічам разглядаем дакументы, за радкамі якіх – цэлая эпоха. Не меншы стос магла б прадэманстраваць і яго палавіна. Я ж не магу зразумець, калі яны ўсё паспявалі? Школа, дом, дзеці, партсходы, пасяджэнні, удзел у рабоце Чырвонага Крыжа, Фонду міру, таварыства “Веды” і пастаянная праца, накіраваная на прафесійны рост.

Напэўна, 65 гадоў побач даліся няпроста. Нікадзім Іванавіч – чалавек бескампрамісны, перфекцыяніст па натуры – сапраўдны дырэктар. Спагадлівая і чуллівая Марыя Якаўлеўна, па словах мужа, “усіхні адвакат”. Але ж менавіта такія рознасці, нібы магнітам, прыцягваюцца і, о дзіва, становяцца падобнымі. Яны любяць адно і тое ж: слухаюць радыё, шмат чытаюць, зноў і зноў паглыбляюцца ва ўспаміны, дастаткова толькі камусьці сказаць запаветнае: “А памятаеш?..”

Слухаючы аповед паважаных людзей, успамінаеш словы вядомай песні “ў працы і ў жыцці добра нам з табой верыць і любіць з песняй маладой…”.

Заставайцеся ж здаровымі, паважаныя Марыя Якаўлеўна і Нікадзім Іванавіч! Няхай вашы сэрцы не губляюць па-юнацку шчырае стаўленне да наваколля, а кожны, хто сутыкнецца з вамі, спасцігае мудрасць, што дазваляе ва ўсе моманты існавання заставацца чалавекам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий