У атмасферы агульнай радасці

Стала добрай традыцыяй у пачатку каляндарнага года праводзіць фестываль праваслаўных песнапенняў “Калядная зорка”.

Ён ужо даўно палюбіўся жыхарам Валожыншчыны і з’яўляецца сапраўднай творчай імпрэзай духоўнасці і вялікай хрысціянскай радасці Нараджэння Хрыстова, якую з нецярпеннем чакаюць і дарослыя, і дзеці.

У дзявяты раз фестываль сабраў сваіх прыхільнікаў у Валожынскім раённым цэнтры культуры. Як і заўсёды, на яго завітала вялікая колькасць удзельнікаў і гледачоў. Зала з цяжкасцю ўмясціла жадаючых паслухаць юных музыкантаў. Выступалі харавыя калектывы, вакальныя ансамблі і асобныя выканаўцы з дзіцячых школ мастацтваў раёна, а таксама наведвальнікі Нядзельных школ Валожынскага благачыння. Тэматыка ўсіх выступленняў была звязана са светлым святам Нараджэння Хрыстова. Музыка ў выкананні ўдзельнікаў “Каляднай зоркі” паланіла не толькі слых, але і душу. Вакальныя творы гучалі асабліва кранальна і хвалююча.

Фестываль стаў яркай падзеяй. Ён стварыў атмасферу агульнай ціхай радасці вялікай хрысціянскай урачыстасці, усяліў у душы і сэрцы дзяцей і дарослых надзею і любоў, зрабіў іх больш добрымі і спагадлівымі.

Прысутныя доўга не разыходзіліся. Удзельнікі і гледачы перамяшаліся, зліліся ў адно цэлае, разам фатаграфаваліся, абменьваліся ўражаннямі. Напрыканцы імпрэзы ўсе атрымалі салодкія падарункі.

“Калядная зорка” яшчэ раз паказала, якая вялікая работа вядзецца з дзецьмі ў нашым раёне. Хочацца сказаць шчырае дзякуй усім, хто працуе ў сферы культуры. Гэтыя таленавітыя, улюблёныя ў выбраную справу людзі не лічацца з асабістым часам і шчодра дораць свой талент іншым. Кожны дзень імі робіцца высакародная справа па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення, прывіваюцца эстэтычны густ, любоў да прыгажосці. У іх нялёгкай прафесіі неабходна мець вялікую душу і моцны характар, а таксама невычарпальную крыніцу творчасці. Фестываль праваслаўных песнапенняў ладзіцца работнікамі культуры для таго, каб зберагчы сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці і духоўнасць, бо дзеці – наша будучыня, ім будаваць, шанаваць і далей захоўваць сваю спадчыну. Дай Бог сілы ўсім, хто ўносіць уклад у выхаванне нашчадкаў.

 

     Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель прыхода Святых Роўнаапостальных

цара Канстанціна і царыцы Алены ў Валожыне

протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars