Фестываль каляднай песні прайшоў у Івянцы

У восьмы раз у Івянецкім доме культуры сабраліся выканаўцы рознага ўзросту і з розных населеных пунктаў нашай краіны на фестываль Каляднай песні.

У нядзелю 14 студзеня ў Доме культуры гледачоў была поўная зала. Івянчане рознага веравызнання прыйшлі на сустрэчу са старымі і новымі знаёмымі, якія дарылі ім песні пра таінства нараджэння Хрыста. Штогод фестываль пашырае межы, далучаюцца новыя ўдзельнікі. Арганізатары запрашаюць музыкантаў, якія выконваюць і цэняць абрадавыя песні, іх светлую мудрасць. Песні “Нараджэнне Гасподне”, “У тую ноч”, “А ўчора з вячора”, “Як жаданы Хрыстус к нам на свет прыходзіць…”, “Ціхая ноч” і іншыя гучалі ў выкананні хору белага касцёла, сям’і Пратасевічаў з Пяршаяў, Вікторыі і Валяр’яна Янушкевічаў з Ракава, гаспадароў аграсядзіб з нашага раёна – Алеся Лася і Васіля Грыня, што аб’ядналіся ў дуэт лірнікаў. Сямейны гурт Лямбовічаў “Крона” з Ракава выконваў калядныя песні, многія з якіх яны перанялі ад старых людзей з Дубіны. Сваё выканальніцкае майстэрства прадэманстравалі івянецкія скаўты, хор “Лехіці” з Гродна, Піт Паўлаў, капэла “Папараць” з Мінска і іншыя. Некаторыя песні гучалі ў сучаснай апрацоўцы, але гэта не зрабіла іх менш прывабнымі. Больш за тры гадзіны доўжылася фестывальная канцэртная праграма. Гледачы аказвалі ўсім выканаўцам цёплы прыём, былі шчодрымі на апладысменты.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars