У прыярытэце – навядзенне парадку на зямлі

Общество

Рабоце з насельніцтвам у самых розных яе формах надаецца ўсё больш увагі на ўсіх узроўнях. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА правёў сустрэчу з грамадскасцю гарадскога пасёлка Івянец, у рамках якой адбыўся і выязны прыём грамадзян. Мэтай гэтых мерапрыемстваў было дэталёвае высвятленне праблемных пытанняў населенага пункта, а таксама вызначэнне прыярытэтных кірункаў бліжэйшай сумеснай дзейнасці службаў і ведамстваў.

На сустрэчы, акрамя найбольш актыўных жыхароў гарпасёлка, прысутнічалі кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў розных форм уласнасці. Старшыня райвыканкама адзначыў, што гэта мерапрыемства вырашана правесці тут нездарма. Такая цікавасць да Івянца тлумачыцца высокай перспектыўнасцю ў разрэзе эканамічнага развіцця населенага пункта, дзе сёння жыве больш чым 5 тысяч чалавек. Да таго ж прадстаўнікам раённай улады неабыякава, якія праблемы непакояць мясцовых жыхароў, якая дапамога ім патрэбна. Другая прычына заключаецца ў… абласных “Дажынках-2018”! І хаця сёлета яны пройдуць на Мядзельшчыне, у нас таксама ўзяты курс на добраўпарадкаванне цэнтральных сядзіб бліжэйшых да Івянца гаспадарак (у прыватнасці, ААТ “Суднікаўскі”) і навакольных населеных пунктаў. У бягучым годзе раённае свята працаўнікоў вёскі вырашана правесці ў гарадскім пасёлку, а таму ўжо сёння розным службам пастаўлена задача акрэсліць і ажыццявіць комплекс мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, ахапіўшы пры гэтым і жылы, і вытворчы сектар, – вырашыць праблемы з улікам наяўных фінансавых сродкаў. Івянчан шчыра парадавала агучаная Мікалаем Анатольевічам навіна: дзякуючы намаганням раённай вертыкалі ўлады, пры падтрымцы старшыні аблвыканкама ў абласную інвестыцыйную праграму на бягучы год уключаны праект будаўніцтва ў гарпасёлку новага дзіцячага садка на 240 месцаў. Пакуль праект карэкціруецца і зацвярджаецца, але пачатак вялікай справе пакладзены, і ўжо ў 2019-м асноўнае сацыяльнае пытанне Івянца будзе закрыта. Папярэдне, на гэтыя мэты спатрэбіцца каля 7 мільёнаў рублёў.

Перад прысутнымі выступіла старшыня гарпасвыканкама Т. Я. Ліпніцкая. У ліку асноўных праблемных момантаў яна назвала стан вулічна-дарожнай сеткі, пытанні капітальнага рамонту дахаў і дымаходаў старых дамоў, абнаўлення фасаду гандлёвага цэнтра, які належыць райспажыўтаварыству. У ЖКГ запэўнілі: на 2018 год у план капрамонту ўключаны дамы № 4 па вул. Леніна і № 5 па вул. 17 Верасня, а таксама выраб праектна-каштарыснай дакументацыі для правядзення рамонту па вул. Музейнай, 1. Што да дарог, то ямачнага рамонту ў асобных месцах ужо недастаткова. Там асфальтабетоннае пакрыццё будзе перакладвацца.

Непакоіць і стан моста па вуліцы Стаўбцоўскай, але там патрэбны значныя капіталаўкладанні. Як і па яшчэ адным праекце – будаўніцтве праліўной станцыі.

М. А. Астрэйка даручыў кіраўнікам прыватных прадпрыемстваў таксама ўключыцца ў агульную работу па добраўпарадкаванні, ліквідаваць ачагі неахайнасці на тэрыторыях, абнавіць, дзе патрабуецца, фасады будынкаў. За выкананнем будзе сачыць санітарная служба раёна. Адносна стану лячэбных устаноў гарпасёлка гаварылася, што правесці адначасова неабходны ўнутраны рамонт не дазваляе бюджэт (гэта задача будзе рэалізоўвацца паэтапна), а знешні выгляд падтрымліваецца ў належным стане.

У прыклад усім кіраўнік Валожыншчыны прывёў дзейнасць старшыні Івянецкага сельвыканкама І. Р. Яновіч, якая выдатна арганізавала працу па навядзенні парадку на тэрыторыі даверанай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Мікалай Анатольевіч акрэсліў кола задач перад аграрыямі, закцэнтаваў іх увагу на культуры земляробства. “Цяпер жа ўсім трэба скласці агульны план мерапрыемстваў, а пасля таго, як снег сыдзе, не марудзячы, прыступаць да маштабных спраў. Гэта і высечка расліннасці на прыдарожных палосах, і знос аварыйных сядзіб, і дэмантаж старых агароджаў, і многае іншае. Хаця некаторыя работы можна – і патрэбна! – праводзіць ужо сёння”, – заўважыў, падагульняючы вынікі сустрэчы, старшыня райвыканкама.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

У-прыярытэцэ-навядзенне-парадку-на-зямлі-1

У-прыярытэцэ-навядзенне-парадку-на-зямлі-2



Добавить комментарий