Любім, ганарымся, помнім…

Пайшоў другі год, як не стала беларускага вучонага, знакамітага сына зямлі валожынскай Якава Валянцінавіча Радыны. 1 снежня яму споўніўся б 71 год. Каб ушанаваць памяць пра чалавека, які прысвяціў жыццё служэнню айчыннай навуцы, родныя, сябры, калегі сабраліся на яго малой радзіме – у вёсцы Брылькі, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі. Цяпер кожны, хто акажацца побач з домам № 64, мае магчымасць даведацца, што менавіта тут з’явіўся на свет прафесар-матэматык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, аўтар мноства навуковых прац, падручнікаў, дапаможнікаў…

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч падкрэсліў: “Ад нас пайшоў вялікі чалавек. Ён падаваў прыклад вернага служэння Радзіме. Я ганаруся тым, што асабіста быў знаёмы з Якавам Валянцінавічам, і шчыра радуюся знакавай для нашага раёна падзеі”. Кожны падзяліўся сваімі ўспамінамі пра неардынарную персону. Для калег гэта быў аўтарытэт, прыклад, арыенцір… А як жа? Хто яшчэ мог абараніць доктарскую дысертацыю ў сталіцы Расіі ў прысутнасці дванаццаці акадэмікаў? Для родных і блізкіх ён – проста Яша: добры, шчыры, з выдатным пачуццём гумару і пастаянным імкненнем дапамагчы, падтрымаць. Верны сябар, аднакласнік, ураджэнец вёскі Пытань, жыхар Масквы Іван Уладзіміравіч Пасека агучыў свае перажыванні: “Яшы няма, і змірыцца са стратай такой асобы цяжка. Мы былі па-сапраўднаму людзьмі “адной крыві”, шмат значылі адзін для аднаго. Удзячны Богу за тое, што ён падарыў мне такога таварыша”. Да ўспамінаў далучыліся і школьныя сябры.

Сябраваў з Якавам Валянцінавічам вядомы савецкі і беларускі палітычны дзеяч С. С. Шушкевіч. Не зважаючы на праблемы са здароўем, шаноўны чалавек не змог застацца ўбаку ад сумнага і адначасова жыццесцвярджальнага мерапрыемства.

Шмат цёплых слоў сказалі вучоныя – аднадумцы і паслядоўнікі, многія з якіх з’яўляюцца вучнямі прафесара. Дарэчы, сярод тых, на каго распаўсюджваўся яго педагагічны талент, – сыны Мікалай, Аляксандр і пляменнік Яўген. Маладыя людзі – матэматыкі, дацэнты БДУ. Як тата і дзядзька, прыхільнікі роднай мовы – ужываюць яе ў прафесійнай дзейнасці. Аляксандр дапамагаў бацьку, калі той працаваў над першым у Беларусі руска-беларускім матэматычным слоўнікам, а таксама беларуска-польскім і польска-беларускім прадметнымі слоўнікамі.

Таленавіты матэматык добра ведаў сусветную літаратуру, трымаў у памяці мноства вершаў, захапляўся філасофіяй, а навуковыя даследаванні часта праводзіў у суправаджэнні класічнай музыкі. Сваімі ўспамінамі падзяліўся брат Мяфодзій Валянцінавіч: “У Яшы былі залатыя рукі. Як сямейныя рэліквіі захоўваю рэчы, якія ён стварыў у раннім дзяцінстве: два вышытыя ручнікі і шкатулку, выразаную з фанеры”. Брат настойваў на тым, каб Мяфодзій сам “угрызаўся” ў алгебру і геаметрыю. У адказ на просьбу дапамагчы з рашэннем задачы мог узяць у рукі падручнік і запытаць: “Што гэта? Падручнік? За шосты клас? А ты ў якім? У шостым? Дык у чым справа, задачы ж не за дзясяты, рашай!” Гэту рысу характару – даводзіць да лагічнага завяршэння любую справу – пацвярджаюць словы навукоўца, якія можна прачытаць на памятнай дошцы: “Для навукі спрыяльных умоў не чакаюць, іх ствараюць…”

Кожны, хто палічыў патрэбным сказаць некалькі слоў, стараўся падтрымаць узнёслую атмасферу, створаную шчымлівымі, але не самотнымі ўспамінамі. Алена Аляксандраўна – жонка Якава Валянцінавіча – інтэлігентны чалавек, як і муж. Больш за дваццаць гадоў яны дзялілі радасці і трывогі. Магчыма, жанчыне цяжэй за іншых. І ўсё ж верная сяброўка не дазваляе сабе дэманстраваць боль на людзях. “Я благаслаўляю кожны дзень, што правяла побач з такім мужчынам. Яшу было дадзена разумець больш за іншых. Небывалая здольнасць да аналізу адназначна ўскладняла жыццё, яна ж рабіла яго шлях такім насычаным і цікавым. Ён быў тым, з кім побач немагчыма не расці духоўна…”

Яўгеній Еўтушэнка пісаў: “Не люди умирают, а миры…” Маштаб асобы Якава Валянцінавіча Радыны можна параўнаць з цэлым сусветам: шматгранным, часта спрэчным, але глыбокім і… сапраўдным.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars