Чырвоны крыж аб’ядноўвае дабрачынцаў

На працягу года больш за 400 жыхароў раёна атрымалі дапамогу ад раённай структуры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Актывісты арганізацыі пад кіраўніцтвам старшыні А. У. Трацэўскай правялі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на збор грашовых сродкаў, а таксама рэчаў, якія былі выкарыстаны ў якасці дапамогі інвалідам, сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды і прыёмныя дзеці, шматдзетным сем’ям, ветэранам вайны і працы.

Асноўныя грашовыя сродкі арганізацыя атрымала ў выглядзе членскіх узносаў. Планавае заданне па іх зборы на 2017 год – 10600 руб. Працэнт выканання – 84. Для параўнання: у 2016 годзе неабходна было сабраць 8000 руб., тады заданне выканалі на 94,6%. Гэта нядрэнныя паказчыкі на ўзроўні вобласці. Аднак відавочна, што збор грошай на падтрымку бадай самага міласэрнага грамадскага аб’яднання з кожным годам выклікае ўсё больш цяжкасцей.

Традыцыйна выдатна спраўляюцца са зборам членскіх узносаў калектывы райбальніцы, Івянецкай, Чэхаўшчынскай, Ракаўскай, Гародзькаўскай школ, СШ № 1 г. Валожына, райспажыўтаварыства, Ракаўскага сельвыканкама, РЦГіЭ. Многія ўстановы на працягу года ахвяруюць сродкі ў час месячніка Чырвонага Крыжа. Значныя сумы ў мінулым годзе пералічылі воінская часць, філіял ПУ “Дзяржынскгаз”, жылкамунгас, РБУ. У зборы адзення пастаянна актыўны ўдзел прымаюць жыхары райцэнтра.

Як і ў мінулыя гады, аказваецца матэрыяльная дапамога перасяленцам з Данецкай і Луганскай абласцей. У сувязі с тым, што прадстаўнікі дадзенай катэгорыі з кожным годам усё больш абжываюцца на новым месцы (працаўладкаванне, пенсіі, дапамогі на дзяцей і г. д.), колькасць ваўчараў зменшылася. У 2017 годзе іх выдзелена на суму 13 тыс. руб. Гэтыя грошы атрымалі ў асноўным сем’і, дзе ёсць хворыя дзеці і жанчыны-дэкрэтніцы.

У хуткім часе пісьмы з просьбай аб падтрымцы арганізацыі будуць накіраваны ва ўсе прадпрыемствы раёна. На бягучы год запланавана мноства акцый, падчас якіх дапамогу атрымаюць тыя, каму яна неабходная. Хацелася б, каб усведамленне важнасці дзейнасці Чырвонага Крыжа, чые паслугі ў любую хвіліну могуць спатрэбіцца многім з нас, дайшло да кожнага чалавека, асабліва да кіраўнікоў буйных арганізацый. Менавіта на іх разуменне па-ранейшаму разлічваюць валанцёры і іх падапечныя.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars