Пост прыняў годна

Пост-прыняў-годна

Калі з самага дзяцінства ў тваім акружэнні знаходзяцца толькі людзі ў міліцэйскай форме, а бацька, дзядзька і нават бабуля працуюць у РАУС, то ўсе іншыя прафесіі ўяўляюцца не вельмі важнымі. Таму Артур МАХМУДАЎ з малых гадоў марыў стаць міліцыянерам. Сваякі, вядома, яго выбар падтрымлівалі. Але потым хлопец паддаўся духу юначага бунтарства і насуперак усяму вырашыў ісці сваім, зусім іншым шляхам. Ён паступіў у медыцынскі каледж і доўгія два гады прымушаў сябе палюбіць латынь, белы халат і шпрыцы з іголкамі. Аднак раман з лячэбнай справай у Артура так і не склаўся… 

Цяжка было ехаць дадому з паведамленнем, што пагарачыўся з медыцынай. Ведаў – дома па галоўцы не пагладзяць. Сапраўды, на сямейным савеце крытыкі ў свой адрас выслухаў нямала. Праўда, адчуў і падтрымку. Мама і тата параілі пайсці вучыцца ў Ашмянскі тэхнікум па спецыяльнасці “Правазнаўства”. З самых першых заняткаў Артур адчуў сябе тут як рыба ў вадзе: усё было знаёмым, зразумелым, нейкім родным. Атрымаўшы пасведчанне аб паспяховым заканчэнні сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, малады спецыяліст адразу ж накіраваўся за новымі ведамі і навыкамі ў вучэбны цэнтр пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў органаў унутраных спраў.

У сакавіку 2013 года радавы Артур Махмудаў з радасцю прымераў міліцэйскую форму. І хоць работа ў праваахоўных органах адразу запатрабавала вытрымкі, загартоўкі і цярпення, настрой у хлопца трымаўся на мажорнай ноце. Здаецца, ён тады не хадзіў, а лятаў, быццам на крылах. “Белая” палоска пралягла і ў асабістым жыцці: пазнаёміўся з будучай жонкай Юліяй. Неўзабаве адгулялі вяселле, а хутка атрымаў самае вялікае мужчынскае званне – стаў бацькам.

У маладой сям’і Махмудавых ужо двое дзетак: дачушка Софія і сынок Арсеній. Хіба можна пасля змены не пагуляць з імі, не пагушкаць на руках? Нават калі стаміўся і моцна ў сон хіліць. Пабачыш іх любыя тварыкі – і другое дыханне адкрываецца. У такой сітуацыі Артур заўсёды ўзгадвае сваё маленства і бацьку, які прыходзіў з работы і таксама мусіў гуляць з ім, малым. А гэта ж былі 90-я гады, злачыннасць вырасла ва ўсіх сферах. Махмудаў старэйшы працаваў у крымінальным вышуку, часта не толькі суткамі дзяжурыў, але і жыццём рызыкаваў.

Цяпер крымінагенная абстаноўка ў раёне зусім іншая – у разы спакайнейшая. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму праваахоўнікаў, упала колькасць асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, рэцыдываў, ліквідавана павальнае самагонаварэнне і несанкцыянаваны продаж алкаголю, зменшылася статыстыка па адміністрацыйных правапарушэннях.

А вось клопат з боку дзяржавы пра супрацоўнікаў міліцыі значна павялічыўся. Так, бацькі Артура, як і шмат міліцэйскіх сем’яў, доўгі час туліліся ў цесных інтэрнацкіх пакоях. Цяпер жа ёсць магчымасць атрымаць арэнднае ці сацыяльнае жыллё. Артур Артуравіч прызнаецца, што гэта, а таксама дастойная зарплата дае яму магчымасць забяспечваць жонцы і дзецям патрэбны ўзровень жыцця.

Што датычыцца пытання правільнасці выбару прафесіі, то з прыходам у штат РАУС Артур ніколі не турбаваўся наконт яго. Ён адчувае важнасць і патрэбнасць сваёй работы ў грамадстве. Стаяць на варце законнасці і быць гатовым абараніць чалавека ад несправядлівасці – вялікі гонар для кожнага сапраўднага мужчыны. Зараз 99 працэнтаў жыхароў раёна давяраюць міліцыі, і гэты давер неабходна апраўдваць. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так сумленнае стаўленне да міліцэйскай службы пачынаецца з ветлівасці. Нават калі перад табой былы сябрук дзяцінства, ты абавязаны па пратаколе гаварыць яму “Вы”, нельга паддавацца на правакацыі і губляць над сабой кантроль, дыскрэдытаваць сябе грубасцю і нецэнзурнымі выразамі. На ўчастку Артура Махмудава на ўліку як нядобранадзейныя знаходзяцца 6 сямей. Да іх ён наведваецца рэгулярна і своечасова “гасіць” скандалы. Пад асаблівым кантролем – бяспека непаўналетніх і недапушчэнне ў адносінах да іх сямейнага насілля.

За амаль пяць гадоў участковы інспектар міліцыі Артур Махмудаў не раз удзельнічаў у розных акцыях, прафілактычных мерапрыемствах, выязджаў па трывожных сігналах. Бывала, што даводзілася і спецсродкі прымяняць у адносінах да самых непаслухмяных грамадзян. Міліцэйскія будні не абыходзяцца і без трагічных здарэнняў.

А. А. Махмудаў яшчэ зусім малады чалавек, але мае важкі жыццёвы багаж: адукацыю, прафесію, сям’ю, павагу сярод людзей. Не прымусіў сябе чакаць і кар’ерны рост – даслужыўся ад радавога да старшага лейтэнанта міліцыі. Плануе, што будзе і далей рухацца па службовай лесвіцы, працягваючы сямейную традыцыю.

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars