Усё лепшае – дзецям

Общество

Нядаўна ў дзіцячай кансультацыі раённай паліклінікі адбыўся капітальны рамонт, які пачаўся яшчэ ў кастрычніку. Добраўпарадкаванне зараз праходзіць фінішны этап – засталося дарабіць дробязі. Больш за тыдзень таму супрацоўнікі пераехалі ў абноўленыя памяшканні і пачалі работу ў штатным рэжыме. Прыём у кансультацыі вядуць 4 участковыя педыятры, сярод іх – сельскі і падлеткавы ўрачы. Усе яны людзі з вялікім стажам у прафесіі.

Увогуле, рамонт прайшоў на ўсім другім паверсе паліклінікі. Частку работ правялі ў пачатку 2017-га. На гэту справу было расходавана 51101 бел. руб. Праца выканана гаспадарчым спосабам. Умовы пасля аднаўлення нашмат палепшыліся. Столі і сцены кабінетаў і калідораў у пастэльнай афарбоўцы займелі зусім інакшы выгляд. Пачалі мяняць бальнічную і офісную мэблю, у планах – поўнае абнаўленне. Ужо заказаны новыя стэлажы для картатэкі ў рэгістратуры і прышчэпачнай. У калідоры з’явіліся функцыянальныя спавівальныя сталы, дзе можна зручна распрануць дзіця перад прыёмам у доктара. Яшчэ ўстанавілі рэцыркулятар – прыбор для ачысткі і абеззаражвання паветра, які істотна зніжае рызыку распаўсюджання інфекцый паветрана-кропельным шляхам і такім чынам змяншае колькасць захворванняў. У аддзяленні аднавілі прыбіральні, арганізавалі спецыяльнае бытавое памяшканне для маці і дзіцяці, там ёсць магчымасць перапавіць і памыць немаўля. Ключ ад яго знаходзіцца ў рэгістратуры. У хуткім часе з’явіцца магнітна-маркерная дошка, дзе маленькія пацыенты змогуць штосьці напісаць-намаляваць. Работнікі кансультацыі расказваюць, што малыя заўважаюць перамены.

З улікам таго, што прайшоў рамонт, асноўны ўваход у дзіцячую кансультацыю цяпер размяшчаецца толькі на бакавой лесвіцы. Дзверы каля цэнтральнай лесвіцы будуць адчынены толькі раз на тыдзень – кожны аўторак. Менавіта тады ў кансультацыі праходзіць дзень здаровага дзіцяці. Гэта ўсё трэба для размежавання патоку пацыентаў: тыя, хто прыйшоў на планавы агляд або на прышчэпку, не сутыкаюцца з хворымі. Імунітэт малых лёгка падвяргаецца ўздзеянню бактэрый і вірусаў, таму медыкі просяць прыводзіць здаровых дзяцей у аўторак, каб пазбегнуць рызыкі захворвання.

Асобна хочацца адзначыць ілюстрацыі, што ўпрыгожваюць сцены калідора. Іх зрабіла студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кацярына Чысцякова. Сама яна – жыхарка Мінска, бабуля дзяўчыны жыве на Валожыншчыне і праз яе мастачку запрасілі распісаць дзіцячую кансультацыю. Казачныя, рознакаляровыя, выкананыя ў нязвыклай тэхніцы малюнкі прыцягваюць увагу і выклікаюць станоўчыя эмоцыі. Пакуль іх толькі два, але ў бліжэйшай перспектыве з’явіцца больш.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ

Фота аўтара і Віталя МЫШЛЁНА

Усё-лепшае---дзецям-1

Усё-лепшае---дзецям-2

Усё-лепшае---дзецям-3

Усё-лепшае---дзецям-4

Усё-лепшае---дзецям-5

Усё-лепшае---дзецям-6



Добавить комментарий