Часоў жывая сувязь

Культура

Пад такой назвай у Валожынскім краязнаўчым музеі ў рамках святкавання 80-годдзя з дня ўтварэння Мінскай вобласці адбылося адкрыццё фотавыставы Мікалая Лінніка.

На ўрачыстае мерапрыемства завітаў сам аўтар, творчасць якога ўжо добра вядома мясцовым жыхарам. Мікалай Міхайлавіч – наш зямляк, родам з вёскі Порычы. Яго работы перыядычна выстаўляюцца ў Валожынскім музеі.

Напачатку слова ўзяла дырэктар установы Наталля Паўлаўна Лоўчая. Яна напомніла важнейшыя даты гісторыі Міншчыны, здабыткі ў галіне народнай гаспадаркі і культуры. Не забылася ўзгадаць і пра ўклад у яе развіццё жыхароў Валожынскага раёна. Наталля Паўлаўна звярнула ўвагу прысутных на карту Мінскай вобласці, дзе спецыяльнымі фішкамі адзначылі мясціны, што прадстаўлены на здымках фотавыставы. На іх адлюстраваны аб’екты самых розных рэгіёнаў, у тым ліку і Валожыншчыны.

Мікалай Міхайлавіч пазнаёміў прысутных са сваімі работамі. Вандроўка пачалася з “Роднай вёскі” Порычы. Былі ўзгаданы такія мясціны Валожыншчыны, як Вішнева, Багданава, Пяршаі, Доры, Ракаў, Дубоўцы і інш. Прысутныя пабывалі і па-за межамі раёна: у Вязынцы, Радашковічах, Маладзечне, Заслаўі, Вілейцы, Барысаве, Крупках, Салігорску, Клецку. Закончылася падарожжа, зразумела, у сталіцы нашай радзімы – Мінску. Фотамастак паказаў вядомыя і малавядомыя аб’екты гістарычнай і культурнай спадчыны, прыгожыя краявіды, цікавыя прыродныя з’явы. Ён адзначыў, што прадстаўлена толькі невялікая частка здымкаў. У красавіку плануецца персанальная выстава аўтара ў прэзідэнцкай бібліятэцы.

У валожынскі музей М. М. Ліннік прывёз камплект паштовак са сваімі фотаздымкамі, кнігу “Заблытаўся сярод навін”, якая аздоблена яго фотаработамі (гэта сумесны праект з творчым аб’яднаннем “Жывіца”), і зборнік “Чыстая праўда і фантазія”, куды ўключаны 4 апавяданні Мікалая Міхайлавіча – члена літаратурнага аб’яднання “Акорд”. З усім гэтым знатакі творчасці нашага земляка могуць пазнаёміцца, а пры жаданні і набыць ва ўласнае карыстанне.

Для наведвальнікаў выставы аўтар пакінуў сваю кнігу водгукаў, дзе можна занатаваць заўвагі і прапановы. Мікалай Ліннік гаворыць, што такія запісы вельмі важныя для яго, бо, калі бярэ кнігу ў рукі і чытае, на розум прыходзіць нешта новае, яскравае. Тады нараджаюцца цікавыя задумы.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий