Пад знакам творчасці

    У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” адкрылася выстава вышываных работ “Пачынаецца ўсё з захаплення” Людмілы Вячаславаўны Садоўскай, якая будзе доўжыцца да канца студзеня.

Нарадзілася Людміла Вячаславаўна ў вёсцы Альшанка Валожынскага раёна, скончыла Вішнеўскую школу і паступіла ў Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць бухгалтара. Маладому спецыялісту прапанавалі месца дыспетчара ў калгасе імя Чарняхоўскага (цяпер ТАА “Адамова-Агра”). Менавіта ў Адамове жанчына сустрэла каханне, стварыла сям’ю, нарадзіла і выгадавала трох сыноў. Калі прыйшоў час выходзіць на працу, прапанавалі месца ў Адамоўскай сельскай бібліятэцы. Тут яна знайшла сябе, прыкіпела душой да работы. Як чалавек нераўнадушны, вырашыла прадоўжыць адукацыю і паступіла ва ўніверсітэт культуры. Нялёгка было дзетак гадаваць і вучыцца, таму трымалі з мужам, як і ўсе на вёсцы, вялікую гаспадарку.

20 гадоў аддала Людміла Вячаславаўна любімай рабоце. За гэты час перагартала старонкі многіх кніг і часопісаў, у яе нараджаліся новыя цікавыя ідэі. Натхнёнаму бібліятэкару прыйшла думка стварыць музей сялянскага побыту. Так з’явілася “Адамоўская святліца” – асобны пакой з амаль трымастамі экспанатамі. Позіркі наведвальнікаў прыцягвалі і дзіцячая калыска, і посцілкі, і ручнікі, і музычныя інструменты, і шмат чаго іншага. Яго часта наведвалі экскурсіі, прыходзілі школьнікі. Між іншым, пры клубе працаваў яшчэ краязнаўчы пакой па гісторыі калгаса.

Калі бібліятэку аптымізавалі, Людміла Вячаславаўна занялася вышыўкай, што падабалася ёй з дзяцінства. Любоў да гэтай справы перадалася ад маці, трэба было толькі аднавіць свае ўменні. Жанчына спрабавала сябе і ў другіх відах творчасці: шыла мяккія цацкі, вырабляла шкатулкі, працавала з рознымі матэрыяламі, але вышыўка палюбілася найбольш. На выставе “Пазнаецца ўсё з захаплення” прадстаўлены розныя работы, кожная з іх прапушчана праз сэрца аўтара. Л. В. Садоўская – чалавек цікавы, неардынарны, таленавіты. Амаль да ўсіх вышываных работ у яе напісаны верш, які па-сапраўднаму кранае душу. Радкі прыходзяць падчас занятку любімай справай, калі душа напоўнена творчасцю. Яе захапленне падтрымліваюць сыны, а самы галоўны памочнік – муж.

Свае работы майстрыха ў асноўным дорыць. Яны былі перададзены ў Германію, Латвію, захоўваюцца ў блізкіх і сяброў. Найбольш дарагімі для сябе лічыць першую работу з анёлам, а таксама з Ісусам, які заходзіць у дом. З імі яна не гатова растацца ні за што. Творцы вельмі хацелася б стварыць цэлую калекцыю анёлаў. У красавіку Людміла Вячаславаўна плануе адкрыццё творчай майстэрні.

Пасля знаёмства з выставай Л. В. Садоўскай, работнікі “Скарбніцы” запрасілі прысутных наведаць музейную экспазіцыю “Родам з СССР”, дзе захоўваюцца самыя розныя рэчы тых часоў. Была праведзена невялікая экскурсія, якая плаўна перайшла ў размову за круглым сталом, прысвечаную 80-годдзю Мінскай вобласці.

Такія вядомыя ў раёне людзі, як Софія Ігнацьеўна Кавяза, Марыя Антонаўна Шакун, Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч, успомнілі гістарычны шлях Міншчыны, у тым ліку Валожынскага раёна, яе дасягненні ў развіцці народнай гаспадаркі. Жанчыны ў складзе дэлегацыі ад Валожынскага раёна прынялі ўдзел ва ўрачыстасці, што 15 студзеня адбылася ў Палацы Рэспублікі. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі аб шыкоўным мерапрыемстве з прысутнымі і пажадалі ўсім далейшай плённай працы.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars