Знаёмыя і незнаёмыя Тышкевічы

1788-0

Для многіх беларусаў род Тышкевічаў малавядомы. Мы больш знаёмы з прадстаўнікамі роду Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх. Дык хто ж яны, Тышкевічы? Як жылі, чым займаліся, чым знакамітыя? Як гісторыя нашых мясцін звязана з лёсам гэтых людзей? Давайце пагартаем старонкі летапісу магнацкага роду Тышкевічаў, пройдзем па іх жыццёвых сцежках, адчуем атмасферу тых часоў і падзей!

(Заканчэнне.)

Трэці сын Міхаіла – Бенядыкт, вядомы літоўскі арыстакрат, граф, уладальнік Чырвонага Двара, калекцыянер і мецэнат. Быў жанаты на Вандзе Ваньковіч, дачцэ ігуменскага павятовага маршалка Антона Ваньковіча. У іх нарадзіліся тры дачкі: Людгарда, Яна і Марыя – маці будучага знакамітага фатографа.

Бенядыкт сабраў унікальную калекцыю карцін, дзе былі творы Леанарда да Вінчы, Караваджа, Рубенса. У багатай асабістай бібліятэцы Бенядыкта захоўваліся хронікі з Нюрберга XV ст., хронікі еўрапейскіх ваенных паходаў, надрукаваныя ў XVII ст., працы Галілеа Галілея і іншых вядомых аўтараў. Сваё захапленне мастацтвам ён перадаў унуку, якога выхоўваў да 14-гадовага ўзросту, бо хлопчык рана застаўся сіратой.

Ва ўрочышчы Вялае, у аддаленым адасобленым кутку Налібоцкай пушчы, дзе ў незлічонай колькасці вадзіліся ласі, казулі, мядзведзі, ваўкі, рысі, граф Бенядыкт Тышкевіч вырашыў пабудаваць паляўнічую рэзідэнцыю. З часам у доміка з’явіўся другі паверх, непадалёк размясціліся гаспадарчыя пабудовы – паляўнічы маёнтак разрастаўся. Кожны год пад восень Бенядыкт прыязджаў у Вялае са сваёй рэзідэнцыі, маёнтка Чырвоны Двор, што знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Літвы, на вялікай чатырохконнай брычцы – “берліне” – у суправаджэнні шматлікіх падвод з чэляддзю, кухняй, сабакарняй.

Бенядыкт Генрых Тышкевіч (1852-1935), унук першага гас-падара Вялага, быў заўзятым вандроўнікам і паляўнічым. Ён шмат падарожнічаў, можна сказаць, аб’ездзіў увесь свет. У час сваіх вандровак граф любіў фатаграфаваць. На сусветнай выставе ў Філадэльфіі ў 1876 годзе фотаработы майстра былі адзначаны залатым медалём. На гэты час Бенядыкту было толькі 24 гады.

Лёс склаўся так, што Бенядыкт рана аўдавеў. У яго на руках засталося трое малых дзяцей. Насталі цяжкія моманты дэпрэсіі. Урачы параілі яму памяняць месца жыхарства. Граф успамніў пра Вялае і пераехаў туды. Гэта ён ператварыў цудоўны лясны куток у шыкоўную рэзідэнцыю, а замест драўлянага дома паставіў мураваны палац.

Бенядыкт Генрых – піянер беларускай мастацкай фатаграфіі. На другім паверсе палаца граф абсталяваў першую ў Беларусі фоталабараторыю і павільён, дзе фатаграфаваў сялян. Фотаработы графа былі вельмі дасканалымі, што гаворыць пра яго высокі прафесіяналізм. На многіх фатаграфіях адлюстроўваюцца прыгожыя налібоцкія краявіды. Вялікую каштоўнасць маюць здымкі, на якіх ёсць бытавыя сцэны з жыцця мясцовых жыхароў, інтэр’еры графскіх памяшканняў, сялянскіх хат, партрэты сучаснікаў майстра. Па фотасюжэтах мы можам уявіць, як выглядалі беларусы таго часу, палюбавацца дзіўнай хронікай даўно мінулых дзён. Некаторыя работы сведчаць пра тое, што граф валодаў добрым пачуццём гумару. Ён не баяўся быць смешным на сваіх здымках.

Бенядыкт вельмі любіў прыроду Налібоцкай пушчы. У 1902 годзе побач з урочышчам Вялае ён адкрыў прыватны звярынец, плошча якога налічвала 400 га. Спачатку тут вадзіліся ласі і дзікі. Пасля граф прывёз двух бурых мядзведзяў, плямістых  аленяў, казуль, лань з Аўстрыі. Бенядыкт ганарыўся звярынцам і заўсёды запрашаў сваіх гасцей наведаць яго. Доўгія часы Бенядыкт мог праводзіць сярод пушчанскай прыроды. Самыя цікавыя эпізоды ляснога жыцця, прыгожыя пейзажы траплялі ў аб’ектыў яго фотаапарата. Граф стварыў спецыяльную службу, якая сачыла за чысцінёй лесу, парадкам у звярынцы.

Падзеі Першай сусветнай вайны заставілі Бенядыкта пакінуць гэты  маляўнічы куток і зноў вярнуцца ў Францыю, дзе ён памёр у 1935 годзе. Шчаслівы выпадак дапамог супрацоўнікам французскага музея імя Ісэфора Ньепса адшукаць у 1993 годзе фатаграфіі Бенядыкта Тышкевіча. Вялікая даследчая работа прывяла супрацоўнікаў у Вялае. Так мы даведаліся пра цікавыя старонкі біяграфіі Бенядыкта Тышкевіча, звязаныя з нашымі мясцінамі.

Пра далейшы лёс паляўнічага маёнтка ёсць розныя меркаванні. Па некаторых звестках, у 1903 годзе граф Бенядыкт Генрых перадаў свае ўладанні старэйшаму сыну Джону. Мясцовыя жыхары помняць, што тут да 1939 года бываў граф Бенядыкт Тышкевіч. Калі гэтыя мясціны былі вызвалены ад палякаў, чырвонаармейцы выкідвалі праз вокны ўсю графскую маёмасць. Дарослых жыхароў у палац не пускалі, а вось дзецям дазволілі туды зайсці. Іван Бярнацкі, які быў хрэснікам графа, вынес два фотаальбомы. Сам граф Бенядыкт Тышкевіч быў арыштаваны чырвонаармейцамі і адпраўлены ў турму, што знаходзілася ў Валожыне.

Гэтыя звесткі не супадаюць з нашымі данымі ў часе. І толькі фатаграфіі, якія захаваліся ў сям’і Івана Антонавіча Бярнацкага, змаглі праясніць сітуацыю. На многіх здымках прысутнічае вышэйназваны граф. Ён вельмі падобны да Бенядыкта Генрыха Тышкевіча. Але апошні памёр у 1935 годзе ва ўзросце 83 гадоў. Значыць, на фатаграфіях іншы чалавек, якога звалі Бенядыктам Янам Тышкевічам. Хутчэй за ўсё, гэта сын беларускага фатографа. У дзяцінстве яго звалі Джон, што значыць Ян, Іван. Бенядыкт Ян Тышкевіч (1875-1948) – гэта і ёсць той апошні ўладальнік паляўнічага маёнтка ў Вялым. У польскі час ён бываў тут, займаўся паляваннем і фатаграфіяй. Пры такіх абставінах успаміны мясцовых жыхароў, звязаныя з асобай графа Бенядыкта Тышкевіча, маюць падставу. Магчыма, гэта ён, а не яго бацька, перабудаваў палац у Вялым і адкрыў прыватны звярынец, пра які мы пісалі раней. На такія вывады нас навёў змест фільма Алеся Матафонава “Лабірынты. Гісторыя беларускага фотамастацтва”. Два Бенядыкты, бацька і сын, члены адной графскай сям’і, вельмі любілі нашы налібоцкія мясціны і зрабілі іх вядомымі далёка за межамі Беларусі.

Цяпер у Вялым нас сустракаюць паўразбураныя сцены палаца, што маўкліва ўзнімаюць заслону часу і дапамагаюць уявіць тагачасныя карціны графскага жыцця.

А я працягваю аповед пра дзяцей Міхаіла Тышкевіча. Яго дачка Іванна стала жонкай Льва Паўлавіча Сапегі. Доўгі час жыла ў Варшаве. Нарадзіла дзвюх дачок: Пелагею і Лявонію. Памерла 24 красавіка 1873 года ў Фларэнцыі.

Значны ўклад у летапіс знакамітага роду ўнеслі ўнукі Міхаіла Тышкевіча: Міхаіл, Ян Вітольд, Юзаф – сыны графа Юзафа Тышкевіча.

Граф Міхаіл Юзаф быў адным з самых багатых магнатаў Расійскай імперыі. Да яго шматлікіх уладанняў была далучана значная частка нерухомасці дзядзькі Яна Канстанціна. Граф быў рознабаковым чалавекам. Ён стаў першым польскім даследчыкам Старажытнага Егіпта. Спачатку наведаў гэту краіну як турыст, але хутка яго вельмі захапілі археалагічныя раскопкі. Міхаіл Юзаф сустрэўся з віцэ-каралём Егіпта Саідам-пашэ, які даў яму дазвол на правядзенне раскопак на ўсёй тэрыторыі краіны. Многія экспанаты і сёння маюць вельмі вялікую каштоўнасць. У Еўропу граф прывёз 800 прадметаў старажытнага мастацтва, большая частка якіх была перададзена ў Луўр. 250 экспанатаў Міхаіл Тышкевіч падарыў Віленскаму музею, некаторыя перадаў у музей Лагойска, стваральнікамі якога былі яго сваякі Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы.

Юзаф Тышкевіч (1835-1891) сваё жыццё прысвяціў дзяржаўнай службе. Пайшоў у адстаўку ў чыне палкоўніка. Быў уласнікам многіх маёнткаў на тэрыторыі Літвы, шмат зрабіў для развіцця сваіх рэзідэнцый. Пры Юзафе набыты параход, які рэгулярна курсіраваў па маршруце Паланга-Ліепая-Паланга. А Палангскі парк да гэтага часу адзін з самых лепшых узораў паркавай архітэктуры ў Літве. Вялікую частку капіталу граф укладваў у прамысловасць і гандаль. Меў вялікі даход ад экспарту лесу. У сям’і было 12 дзяцей. Памёр 26 мая 1891 года.

Ян Вітольд Тышкевіч (1831-1892) стаў уладальнікам Валожына пасля смерці дзядзькі Яна Канстанціна ў 1862 годзе. Быў жанаты на Ізабеле Тышкевіч, меў пяцёра дзяцей: два сыны і тры дачкі. Рускі імператар пацвердзіў яму графскі тытул 8 мая 1861 года. Памёр у лютым 1892 года ў Валожыне.

Уладальнікам Валожына пасля смерці Яна Вітольда стаў яго сын Ян Юзаф Тышкевіч (1867-1903). Быў жанаты на Лізавеце Красінскай. У сям’і нарадзіліся чацвёра дзяцей: Соф’я, Ян Міхаіл, Уладзіслаў, Міхаіл Зыгмунд, які з’явіўся на свет пасля смерці бацькі. Ян Юзаф Тышкевіч памёр ва ўзросце 36 гадоў, а праз два гады памерла і жонка. Уладанні графа перайшлі яго малалетнім дзецям.

Старэйшаму сыну Яну Міхаілу на гэты час было толькі сем гадоў. Ён стаў апошнім гаспадаром Валожына. У 1939 годзе Ян Міхаіл Тышкевіч трагічна загінуў у авіякатастрофе ва ўзросце 43 гадоў. У яго было трое дзяцей: сын Зігмунд і дзве дачкі – Альжбета і Ганна Марыя. Пасля гібелі мужа Ганна Яніна Марыя Радзівіл (Тышкевіч) пераехала ў Англію. Яна памерла ў 1983 годзе. Нашчадкі іх жывуць і зараз у Англіі і Канадзе.

Па даследваннях бачна, што патомкі графскага роду Тышкевічаў унаследавалі ад сваіх продкаў не толькі графскі тытул, але і самыя лепшыя здольнасці і якасці, якія дапамагалі ім займаць значнае месца ў палітычным і эканамічным жыцці дзяржавы. Сярод іх былі выдатныя палiтыкi, таленавiтыя ваенныя, добрыя гаспадарнiкi, вядомыя вучоныя, краязнаўцы, творчыя асобы, шчодрыя мецэнаты, апантаныя археолагі і падарожнікі, першыя фатографы, спартсмены, святары. Кожны з Тышкевічаў стараўся належным чынам прадоўжыць справы сваіх знакамітых продкаў.

Расказваючы пра наш горад, мы заўсёды ўспамінаем пра гэтых слаўных людзей і пра тую спадчыну, якую яны нам пакінулі.

 

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars