Канец зімы – час для падачы дэкларацыі па падаходным падатку

Официально

Па даходах, атрыманых у 2017 годзе, дэкларацыя падаецца да 1 сакавіка 2018 г.

    Якія даходы трэба дэклараваць?

  1. Дэкларацыю трэба прадставіць, калі вы ў 2017 годзе ад фізічных асоб атрымалі падарункі або бясплатна атрымалі нерухомасць па дагаворы рэнты, і іх агульная сума больш за 5555 бел. руб.
  2. Неабходна падаць дэкларацыю, калі да вашых даходаў прымяняўся маёмасны падатковы вылік для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пры гэтым:

а) вам вярнулі ўзносы пры будаўніцтве жылля. Падатак выплачваецца з сумы вернутых узносаў, па якой быў прадастаўлены вылік;

б) вы пагасілі жыллёвыя аблігацыі ці вам вярнулі іх кошт. Падатак трэба выплаціць з атрыманай па аблігацыях сумы, па якой быў прадастаўлены вылік.

  1. На працягу апошніх 5 гадоў вы можаце рэалізаваць (прадаць, абмяняць і інш.) без платы падатку 1 кватэру, 1 жылы дом (у тым ліку з гаспадарчымі пабудовамі), 1 дачу, 1 садовы домік, 1 гараж, 1 машына-месца, 1 зямельны ўчастак або долі ў гэтай маёмасці. Калі выйдзеце за гэтыя рамкі, падатак плаціць трэба. Прычым у такім выпадку вы абавязаны падаць дэкларацыю і заплаціць падатак незалежна ад таго, каму рэалізавалі маёмасць: фізічнай асобе ці арганізацыі. Таксама дэкларацыя падаецца пры рэалізацыі ў 2017 годзе фізічнай асобе любога іншага віду нерухомасці (офіса, гандлёвага памяшкання і інш.), нават калі гэта першы продаж за апошнія 5 гадоў. Калі рэалізуеце такую нерухомасць арганізацыі, то яна самастойна ўтрымлівае і плаціць ваш падатак.
  2. Трэба падаваць дэкларацыю, калі вы атрымалі даходы ад рэалізацыі ў 2017 годзе больш чым 1 легкавога аўтамабіля ці іншага механічнага транспартнага сродку (матацыкла, мапеда і г. д.). У дадзеным выпадку вы абавязаны заплаціць падатак самастойна. І не важна, пакупнік з’яўляецца фізічнай асобай ці арганізацыяй. Вы таксама будзеце плаціць падатак пры продажы фізічнай асобе транспартнага сродку вагой больш за 3,5 т ці з колькасцю пасажырскіх сядзенняў больш за 8. Калі рэалізавалі такую маёмасць арганізацыі, яна ўтрымае з вас падатак і выплаціць яго ў бюджэт.
  3. Дэкларацыю трэба падаваць, калі ў 2017 годзе вы здавалі ў арэнду на тэрыторыі Беларусі нерухомасць і атрымалі ад гэтага даход больш за 5555 бел. руб. Калі гадавы даход ад арэнды меншы за 5555 бел. руб., вы павінны плаціць падатак у фіксаванай суме. Дэкларацыю ў такім выпадку падаваць не трэба.
  4. Вы абавязаны падаць дэкларацыю, калі атрымалі даходы за мяжой ці з-за мяжы. Напрыклад, за выкананне работы ў сетцы Інтэрнэт вам з Расіі на картку паступілі грошы. Калі з такога даходу ў замежнай дзяржаве ўжо быў утрыманы падатак, сума гэтага падатку можа быць залічана на тэрыторыі нашай краіны, але ў падатковы орган неабходна падаць адпаведныя дакументы, пацверджаныя падатковым органам замежнай дзяржавы.

Важна ведаць, што ў некаторых сітуацыях вы маеце права на змяншэнне сумы, з якой будзе вылічвацца падатак. Для гэтага разам з дэкларацыяй падаюцца дакументы, што пацвярджаюць ваша права на гэта.

Дэкларацыя падаецца ў адпаведную падатковую інспекцыю па месцы жыхарства не пазней за 1 сакавіка 2018 г. Да 1 мая 2018 г. вы атрымаеце паведамленне аб плаце падаходнага падатку. У большасці выпадкаў сума падатку складзе 13% вашага даходу. Падатак плаціцца на падставе паведамлення не пазней за 15 мая 2018 г. Непрадстаўленне дэкларацыі, як і няплата падатку, караюцца штрафнымі санкцыямі.

    Прыём падатковых дэкларацый (разлікаў) ажыццяўляецца ў інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Валожынскім раёне па адрасе: г. Валожын, пл. Свабоды, 2, кабінеты 226, 303, тэлефоны: 57854, 58396. Час работы: у рабочыя дні – з 8.00 да 19.00, а таксама 17 і 24 лютага 2018 года – з 9.00 да 13.00.

 

ІМПЗ Рэспублікі Беларусь

па Валожынскім раёне



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *