З увагай да кожнага пацыента

З-увагай-да-кожнага-пацыента

У любой сферы жыццядзейнасці неабходны спецыялісты. Асабліва гэта датычыцца медыцыны, дзе ад урача, яго вопыту і ведаў залежыць здароўе, а часам і жыццё чалавека. Такім прафесіяналам, без перабольшання, з’яўляецца Альфрэд Зянонавіч НЕХВЯДОВІЧ, які амаль 23 гады працуе ў Валожынскай ЦРБ.

Родам наш герой з Іўеўскага раёна. Перад заканчэннем школы разам з сябрам яны доўга рашалі, куды паступаць вучыцца, у выніку выбар быў зроблены на карысць медыцыны. Хлопцы мелі вялікае жаданне дапамагаць людзям. Атрымалася так, што таварыш паступіў з першага разу, а Альфрэду Зянонавічу выпала ісці да сваёй мары некалькі гадоў. Пасля першай няўдалай спробы ён працаваў у цэху пластмасавых вырабаў у адным з калгасаў Іўеўскага раёна, а на другі год прызвалі ў армію. Лёс закінуў яго далёка ад дому, аж у Паўночны Кастанай. Там служыў у роце аховы ваенна-паветраных сіл, цяпер гэта касмічныя войскі Расійскай Федэрацыі.

За тры гады ахвота спазнаваць таямнічы свет медыцыны ў маладога чалавека толькі ўмацавалася. Нарэшце А. З. Нехвядовіч стаў студэнтам Гродзенскага медыцынскага інстытута. Час вучобы праляцеў хутка. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы прайшоў інтэрнатуру па спецыяльнасці тэрапеўт у Маладзечне. А ў 1995 годзе малады ўрач па размеркаванні прыехаў на працу ў Валожынскую ЦРБ.

Стараннага і граматнага хлопца адразу заўважылі і хутка прапанавалі пераспецыялізавацца на ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага, бо ў бальніцы была такая вакансія. Альфрэд Зянонавіч згадзіўся, ён добра разумеў усю адказнасць такога кроку. Трэба было многаму навучыцца і многае спасцігнуць. Аб зробленым выбары мужчына ніводнага разу не пашкадаваў.

Дарэчы, у Валожыне Альфрэд Зянонавіч знайшоў сваё сямейнае шчасце. Яно таксама аказалася звязаным з медыцынай – жонка Марына Аляксандраўна працуе ў ЦРБ урачом-тэрапеўтам. На радасць ім растуць два сыны.

Калі малады ўрач пачынаў працаваць, за год праз аддзяленне рэанімацыі праходзіла каля 400 чалавек, у асноўным пасля складаных хірургічных аперацый. Цяпер жа – 750-800 пацыентаў з захворваннямі кардыялагічнага, неўралагічнага, тэрапеўтычнага і іншых профіляў. Яны, як правіла, паступаюць у вельмі цяжкім, часта беспрытомным стане. Хочацца сказаць, што ў паўсядзённым жыцці людзі амаль не ведаюць, чым займаюцца анестэзіёлагі-рэаніматолагі. Запамінаюць хірургаў, лечачых урачоў, а тыя, хто быў з імі ў самыя крытычныя хвіліны, застаюцца па-за ўвагай.

У гэтай прафесіі шмат асаблівасцей. Бываюць такія выпадкі, калі трэба за некалькі хвілін прыняць правільнае рашэнне і дзейнічаць без прамаруджвання. Навыкі павінны быць адпрацаваны да аўтаматызму. Ад хуткасці, уменняў і канкрэтных дзеянняў залежыць жыццё пацыента. Нават калі вакол усе мітусяцца, урач не мае права паддавацца паніцы. Да таго ж анестэзіёлаг-рэаніматолаг павінен разбірацца не толькі ў фізіялогіі, але і ў тэхніцы і электроніцы, бо медыцына развіваецца разам з сучаснымі тэхналогіямі, планамерна ўкараняюцца інавацыйныя методыкі лячэння.

Цяпер Альфрэд Зянонавіч займае пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, але працягвае практыкаваць, бярэ дзяжурствы, пастаянна знаходзіцца ў курсе ўсіх спраў у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, бо наведваецца сюды па некалькі разоў на дзень. Стараецца пабываць і ў іншых аддзяленнях. У любы момант доктар гатовы прыйсці на дапамогу, не лічачыся з асабістым часам.

У непасрэдныя абавязкі намесніка галоўнага ўрача ўваходзіць арганізацыя лячэбнага працэсу і харчавання, кантроль за захаваннем санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, закупка медыцынскага абсталявання і шмат іншага. Па словах Альфрэда Зянонавіча, паспяховую работу ўстановы аховы здароўя забяспечвае ўвесь дружны калектыў бальніцы, у аснове якога вопытныя супрацоўнікі: урачы, медыцынскія сёстры, малодшы персанал. Менавіта дзякуючы іх зладжанай працы здараецца тое, што прынята называць “цудам”, выздараўленне прыходзіць нават да тых, хто знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

А. З. Нехвядовіч гаворыць, што ў рабоце ўрача самае галоўнае – умець выслухаць пацыента і дапамагчы яму, а таму неабходна быць чалавечным, камунікабельным, чулым, спагадлівым, сумленным і адказным. Паміж урачом і пацыентам павінен скласціся тандэм, тады і вынік будзе добрым.

Анжэла РАДЫНА

Фота Віталя МЫШЛЁНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars