Інавацыі для нас

Жыхары райцэнтра апошнім часам усё часцей абмяркоўваюць новаўвядзенні райпаліклінікі – электронную чаргу і электронны рэцэпт. Каб даведацца пра падрабязнасці гэтых інавацый і пра тое, наколькі больш зручным яны зробяць жыццё валожынцаў, мы звярнуліся да загадчыка паліклінікі А. А. БУРАКА.

    – Аляксандр Аляксандравіч, карыстальнікі паслуг Белаграпрамбанка ўжо паспелі адчуць перавагу электроннай чаргі. Наколькі сістэма, што распачала дзейнічаць у медустанове, падобная да банкаўскай, і якія выгоды для наведвальнікаў яна нясе?

– Мы запусцілі новую форму абслугоўвання напрыканцы мінулага года. У сталічных жа паліклініках яна запушчана даўно і, трэба сказаць, апраўдвае сваё існаванне.

Прынцып дзеяння некалькі адрозніваецца ад банкаўскага аналагу. Гэта спецыяльная праграма, якая ўстаноўлена на камп’ютарах рэгістратуры і рэгулюе колькасць талонаў і час працы спецыялістаў. Звяртаючыся да рэгістратара, пацыент называе свае даныя. Праграма дазваляе хутка знайсці неабходную інфармацыю аб ім і пры дапамозе спецыяльнага прынтара раздрукоўвае талон, дзе ўказаны нумар кабінета, час прыёму, інфармацыя пра спецыяліста і пацыента. Па-ранейшаму застаецца магчымасць запісацца на прыём па тэлефонах 55733 ці 57648. Хто знаёмы з Інтэрнэтам, з лёгкасцю асвоіць алгарытм запісу на сайце Тalon.by. Зайшоўшы на яго, неабходна выбраць вобласць, раён і назву ўстановы аховы здароўя, у раздзеле “Расклад работы ўрачоў” знайсці патрэбнага спецыяліста, дзень і час наведвання. Хачу адзначыць, што да вузкіх спецыялістаў пярвічных хворых накіроўвае ўчастковы тэрапеўт, таму браць талон трэба да яго. Менавіта тэрапеўт прызначыць неабходныя даследаванні, параіць кансультацыі іншых урачоў. Калі ж будзеце наглядацца ў кагосьці з іх, напрыклад, эндакрынолага, пры наступным наведванні браць талон да тэрапеўта няма неабходнасці.

Прыбыўшы на прыём, вы павінны, як звычайна, звярнуцца ў рэгістратуру, дзе атрымаеце на рукі талон, а медыцынская карта будзе дастаўлена ў кабінет урача. Калі даўно не наведвалі паліклініку і не праходзілі флюарограф (для жанчын яшчэ і агляд гінеколага), прыходзьце зараней – рэгістратар не выдасць талон на рукі, пакуль гэтыя працэдуры не будуць пройдзены (за выключэннем экстранных выпадкаў, калі неабходны тэрміновы прыём). Дадзеная інавацыя прызваная зняць напружанасць сярод пацыентаў, упарадкаваць паток наведвальнікаў (інтэрнэт-карыстальнік мае магчымасць ацаніць сітуацыю, выбраць час прыходу ў паліклініку, калі ўрач не моцна загружаны). Каля трох дзясяткаў нашых пацыентаў ужо маюць вопыт карыстання новай сістэмай запісу на прыём, і водгукі ад іх станоўчыя.

    – Калі ласка, скажыце некалькі слоў пра электронны рэцэпт.

– На сённяшні дзень гэта паслуга для тых, хто пры пакупцы медыкаментаў карыстаецца льготамі, а таксама для пацыентаў, якія маюць патрэбу часта наведваць паліклініку і часта выпісваць рэцэпты. Адразу хачу папярэдзіць: каб атрымаць электронны рэцэпт, прыходзьце на прыём з пашпартам. Завочна яго ніхто не выпіша. Нават калі вы шмат гадоў карыстаецеся аднымі і тымі ж прэпаратамі, агляд спецыяліста абавязковы (а раптам неабходна карэкцыя дазіроўкі ці адмена?). Будучы ўладальнік электроннага рэцэпта атрымлівае пластыкавую карту накшталт банкаўскай. Выпіска лекаў праводзіцца праз камп’ютарную праграму. У аптэцы з дапамогай спецыяльнага абсталявання з карты счытаецца штрых-код, і на маніторы з’явіцца інфармацыя пра пацыента і тыя сродкі, што яму прызначаны. Гэта сістэма – крок у бок ад папяровых рэцэптаў, якія часта губляюцца. Пакуль жа мы будзем выпісваць два варыянты. Першыя дзесяць картак ужо на руках у нашых наведвальнікаў.

У хуткім часе можна чакаць іншыя змены ў рабоце паліклінікі, звязаныя з камп’ютарызацыяй рабочых месцаў медыкаў, таму нагадваем аб неабходнасці мець з сабой пашпарт для ўдакладнення даных. Усе гэтыя мерапрыемствы праводзяцца з мэтай рэгулявання чэргаў і часу чакання прыёму.

 

Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars