Жаніцца ніколі не позна

Общество

Узяць шлюб пасля 60-і летась у раёне пажадалі больш за дзесяць пар: самаму старэйшаму жаніху было 85 гадоў, а нявесце – 81.

Як адзначылі ў аддзеле ЗАГС, узроставыя шлюбы ў раёне не рэдкасць – штогод іх бяруць ад 10 да 15 “маладажонаў”. Рашэнне ўзаконіць адносіны тлумачаць надзвычай проста: як людзі савецкага часу, не могуць дазволіць сабе жыць сумесна без афіцыйнай рэгістрацыі, бо так выхаваны, ды і перад іншымі сорамна. У большасці, гэта паўторныя шлюбы, калі муж ці жонка засталіся без сваіх другіх палавінак. Аднак надараюцца і нестандартныя выпадкі: напрыклад, летась 52-гадовая нявеста ўпершыню стварыла сям’ю з 78-гадовым жаніхом: мужчына дагэтуль быў разведзены. Бывае і наадварот: яму 66 – ёй 72, ёй 81 – яму 75. Але тут, як кажуць, любві ўсе ўзросты пакорныя.

Нягледзячы на гады, жаніх і нявеста па заканадаўстве адносяцца да катэгорыі маладых і таму праходзяць усе неабходныя для гэтага працэдуры: падаюць заяву ў ЗАГС, выбіраюць дзень рэгістрацыі шлюбу. А вось традыцыйная вясельная цырымонія праходзіць вельмі сціпла і спакойна – без сведкаў і заручальных пярсцёнкаў. На змену ўсвядомленасці ў правільнасці выбару і прыняцці рашэння ў такім узросце прыходзіць мудрасць.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий