Самае светлае і радаснае свята

Пашанцавала ракаўчанам, іх дзецям, што ў іхнім мястэчку ёсць такі асяродак духоўнай культуры, як Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Сюды з задавальненнем ідуць садаўскія дзеці, школьнікі, моладзь. Тут яны не проста бавяць час, а напаўняюць сваё жыццё глыбокім зместам: вывучаюць народныя песні, побытавыя танцы, традыцыйную музыку, ставяць тэатральныя пастаноўкі, вучацца ткаць паясы, займаюцца саломапляценнем, выцінанкай, распісваюць дываны, аздабляюць вышыўкай нацыянальныя касцюмы…

І кожны раз, калі прысутнічаеш на- якім-небудзь мерапрыемстве, заў-сёды судакранаешся з нечым прыгожым, светлым, чыстым – з сапраўдным мастацтвам. Так было і 21 студзеня, калі ўстанова трымала справаздачу сваёй працы з дзецьмі і падлеткамі за 2017 год. Справаздача мела своеасаблівую форму, форму каляднай казкі.

Далучыцца да казкі можна было ўжо ў фае ўстановы, дзе вабілі вока вырабы гурткоўцаў і іх кіраўнікоў-майстроў. У куце, на сапраўдным пасажным куфры размясцілася “вяселле” Мушкі і Камарыка (лялькі-ўдзельнікі лялечнага тэатральнага прадстаўлення паводле паэмы М. Багдановіча “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”. Майстар і пастаноўшчык Хрысціна Лямбовіч). Нейкае магічнае ўздзеянне аказвалі на гасцей незвычайныя лялькі аўтарства майстрыхі Ірыны Санько. Яна ж з’яўляецца і спонсарам свята – падрыхтавала падарункі-сувеніры для юных удзельнікаў. Арганізавана была і латарэя, можна было за невялікі кошт выйграць сувенір, зроблены рукамі дзяцей і майстроў.

Тут кожны мог стаць чараўніком і на памяць аб свяце зрабіць цікавыя рэчы – свечку з вашчыны ці калядныя сімвалы з саломкі. Але пры адной умове: прыкласці трошкі намаганняў і старання і прыняць удзел у майстар-класах па саломцы (майстар Святлана Ярашэвіч), па вырабе свечак з вашчыны (сям’я Хаўрук, гаспадары фермерскай гаспадаркі “Мядовая каралева”).

Атрымаўшы ўрокі “чарадзейства”, з выйграным сувенірам-козачкай, са зробленай сваімі рукамі свечкай іду далей па казачнай сцяжынцы і трапляю на паказ батлейкі, дзе адбываецца ўсім вядомая народная драма “Цар Ірад”. Затаіўшы дыханне, са шчымлівым пачуццём, з чаканнем чагосьці новага, незвычайнага акунаюся ў падзеі даўно мінулага, але такога сучаснага і вечнага…

Прыглушылі святло, усе сцішыліся, зала напоўнілася асаблівай таямнічасцю… Перад батлейкай-скрыняй раптам з’явіліся “анёлы” – Андрэй Палуйчык (флейта), Ульяна Голуб (цымбалы), ігра якіх кранула да слёз. У іх выкананні прагучала мелодыя каляднай песні “Ціхая ноч”, якая вядома ва ўсім свеце на розных мовах. Праз хвіліну пад гэту песню, што выконвалася ў запісе на мове арыгінала (нямецкай), вадзілі свае нябесныя карагоды “анёлкі”, выклікаючы ў гледачоў шмат замілавання (малодшая група танцавальнага калектыву “Апельсін”, кіраўнік Любоў Комар). Дарэчы зазначыць, гэта песня ўпершыню прагучала 24 снежня 1818 г. у Аўстрыі, а аўтар яе – выхадзец з Беларусі арганіст і дырыжор Франц Грубер.

…А вось і кульмінацыя. Запальваюцца свечкі, дзверцы батлейкі адчыняюцца і пачынаюцца дзівосы – лялькі ажылі і загаварылі галасамі ўдзельнікаў гуртка “Жаронцы” (мастацкі кіраўнік Хрысціна Лямбовіч). Гэту таямнічую гісторыю Нараджэння Хрыстова так добра, як сапраўдныя батлейшчыкі, паказалі вучні 6 “В” класа мясцовай школы: Валерыя Губашына, Дзіяна Казлова, Яўген Анісовіч, Віктар Каспарэвіч, Аляксей Раманчык, Уладзіслаў Купрыенка.

Батлейка на сцэне Ракаўскага цэнтра народнай творчасці – гэта першая спроба сіламі дзяцей у клубнай установе Валожынскага раёна аднавіць традыцыю батлейкі. Дэбют удаўся. Гледачы былі ў захапленні і ад змайстраванай на два ярусы скрыні, і ад па-майстэрску пашытых лялек, і ад ігры акцёраў, і ад пастаноўкі тэатралізаванага паказу, які існуе на Беларусі з XVI ст., і, верыцца, будзе мець працяг, калі за яго адраджэнне ўзяліся неабыякавыя да творчай спадчыны і народнага мастацтва асобы – і дзеці, і дарослыя, якія ў згодзе і весела, адной сям’ёй “жывуць” у гэтай установе культуры.

Калядную тэму прадоўжыў узорны дзіцячы калектыў “Вянок” і фальклорны гурт “Чыжыкі” (мастацкі кіраўнік Лізавета Пятроўская), “калядаванне” якіх узбагаціла біблейскую гісторыю і натуральна ўплялося ў сюжэтную канву каляднай казкі, надаўшы ёй больш жывасці, бадзёрасці, што выклікала шмат станоўчых эмоцый у гледачоў. А сакавіты, гарэзлівы “Апельсін” (старэйшая група) сваім яркім, імклівым танцам “Самба” ўнёс трохі экзотыкі ў наша беларускае калядаванне. Добрым дапаўненнем была песня “Место встречи”, якую з пачуццём праспявала Марыя Голуб. І напрыканцы – песня “Будзь ваша здароў”, што па традыцыі спявалася на завяршэнне святкавання каляд.

“Эх, каб калядачак нядзель з дзесятак…” – усплываюць у памяці мудрыя словы з песні, якую выконвалі юныя батлейшчыкі. І я з надзеяй буду чакаць, калі зноў праз год загарыцца калядная зорка, якая прывядзе мяне на самае светлае і радаснае свята.

Людвіка ТАЎГЕНЬ

Фота Паўла БАКУШАВА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars