Гісторыя аднаго экспаната

Гісторыя-аднаго-экспаната

Калі бярэш у рукі музейны экспанат, страешся ўявіць сабе, якое прымяненне меў гэты прадмет для жыхароў тутэйшых мясцін раней. Кожная рэч – цэлая эпоха ў жыцці нашых продкаў.

Вось і гэта прылада, што мой бацька некалі называў “торфаразак”, вярнула мяне ў дзяцінства. Прымяненне яе ў быце для жыхароў нашых мясцін было неабходнае, але не ўсе ведаюць, для чаго яна патрэбна.

Я нарадзілася і доўгі час жыла ў вёсцы Дубіна. На поўнач ад вёскі знаходзілася балота. У маёй памяці засталіся ўспаміны, як гэтыя мясціны асушваліся. Балота было зрэзана канавамі і падзелена на асобныя прамавугольныя  ўчасткі, якія называліся картамі. Здалёку былі бачны вялікія тарфяныя караваны. Калі ўзнімаўся вецер, то чорная завеса тарфянога пылу закрывала ўсё наваколле.

У 1956 годзе пачаў працаваць завод па здабычы і перапрацоўцы торфу ў гарадскім пасёлку Беразінскае Маладзечанскага раёна. Ад яго была пракладзена вузкакалейка ўздоўж Дубіны да Узбалаці, па якой курсіравалі матавозы з вагонамі. Да тарфяных буртоў пракладвалі часовыя рэйкі, каб можна было пад’ехаць транспарту бліжэй пад загрузку. Многія дарослыя мужчыны з вёскі працавалі на тарфяным прадпрыемстве. На работу іх дастаўлялі на пасажырцы, што ў адпаведны час рухалася па вузкакалейцы.

Мой тата Уладзімір Фёдаравіч Вайцяховіч таксама там працаваў. Яго працоўны стаж на гэтым прадпрыемстве склаў 25 гадоў. За добрасумленнасць атрымаў званне “Ударнік камуністычнай працы”. Яго партрэт заўсёды знаходзіўся на Дошцы гонару. Тата быў аўтарам многіх разумных прапаноў па ўдасканаленні работы на прадпрыемстве, за што атрымаў пасведчанне рацыяналізатара.

На заводзе тарфакрошку перапрацоўвалі ў брыкет. Брускі гэтага паліва былі цвёрдыя, бліскучыя. Рабочым прадпрыемства па талонах адпускалі паліва бясплатна. Але такімі льготамі мала хто карыстаўся, бо тапіць печкі цвёрдым брыкетам у вёсцы было не прынята.

У якасці паліва многія жыхары Дубіны выкарыстоўвалі торф. Нарыхтоўвалі яго самі. Для кожнай сям’і выдзяляўся ўчастак з запасамі торфу. Зверху лапатай здымалі дзёран, пад якім знаходзіўся торф, што залягаў у некалькі слаёў.

Калі ў таты быў выхадны, мы ішлі на свой участак капаць торф. Вось тут і меў прымяненне разак. Тата апускаўся ў невялікую траншэю, з сілай націскаў на ручку разака і даставаў наверх кавалак торфу, які нагадваў па форме бохан хлеба. Ён быў вельмі крохкі, часам з яго сцякала вада. Вось гэтыя брускі мы з братам адносілі далей ад берага траншэі і складалі ў невялікія кучкі для прасушкі. Спачатку на зямлю клалі два кавалкі паралельна адзін аднаму, затым зверху размяшчалі два новыя брускі, якія лажыліся перпендыкулярна першым. Калі паўтаралі дзеянне яшчэ раз, узнікаў невялікі слупок у форме прамавугольнага паралелепіпеда. Зверху размяшчалі яшчэ адзін кусок накасую.

Праз некаторы час торф падсыхаў, і яго складалі ў большыя кучкі. Калі ж кускі паліва былі гатовы, іх складвалі ў вялікія штабялі. Так яны захоўваліся да восені. Перад копкай бульбы торф звозілі на падводах дамоў. Звычайна гэта работа займала некалькі дзён. Сухі торф складалі ў павеці. Ён вельмі добра гарэў у печы, выдзяляў шмат цяпла.

Такія ўспаміны ўзніклі пры з’яўленні ў нашым музеі экспаната пад назвай торфаразак. Адшукалі мы яго ў вёсцы Дубіна-Вяршыцкая ў дзедавай хаце жыхара Валожына Аляксандра Іосіфавіча Вайцяховіча.

    Паважаныя чытачы, можа у вас ёсць рэдкія старыя рэчы, прылады працы, прадметы, якія могуць заняць дастойнае месца сярод экспанатаў музея. Будзем вам вельмі ўдзячны за дапамогу ў папаўненні фондаў нашай установы. З кожным прадметам звязана цікавая гісторыя, якая папоўніць звесткі пра жыццё і побыт нашых дзядоў і прадзедаў.

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars