Установа, што паляпшае якасць жыцця

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-4

Прайшлі два месяцы з моманту адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу, у якім сёння гаспадарыць калектыў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Нарэшце ў жыхароў раёна з’явілася доўгачаканая магчымасць у камфортных умовах займацца спортам і фізічнай культурай. Мы наведалі ДЮСШ і пастараліся атрымаць інфармацыю пра першыя вынікі маштабнай работы. Цікава было даведацца, якія задачы ўжо выкананы, што ў бліжэйшых планах і, самае галоўнае, якая рэакцыя на работу ўстановы ў яе наведвальнікаў.

 Дзмітрый Васільевіч АЖАРЭЛЬЕЎ, дырэктар ДЮСШ:

–   Сёння наш калектыў – гэта 29 спецыялістаў, якія адказваюць за розныя ўчасткі жыццядзейнасці комплексу. Калі ўлічыць, што да моманту пераезду супрацоўнікаў школы было толькі сем, можна ўявіць, наколькі складаная работа праведзена па падборы і навучанні персаналу. Зараз адкрытымі застаюцца 5 вакансій. Сярод іх – інструктары-метадысты, рэманціроўшчыкі спартыўных збудаванняў, трэнеры-выкладчыкі.

Найбольшай адказнасці патрабуе работа ў басейне. Пастаянна там знаходзіцца хтосьці з інструктараў-метадыстаў. Іх у нас трое: Анастасія Ясіновіч, Анастасія Паталей і Васілій Ажарэльеў. Трэба адзначыць, што папулярнасць басейна расце. У дзень яго наведваюць ад 130 да 170 чалавек. Выхаднымі лічба бывае значна большай. Уражвае актыўнасць людзей пенсіённага ўзросту. Прыходзяць да нас цэлыя сем’і, мамы з дзецьмі, моладзь. Прадпрыемствы пачалі актыўна арганізоўваць карпаратыўныя сеансы. Гэта дае магчымасць асобным калектывам выбраць зручны час. Сярод пачынальнікаў карыснай справы – СТАА “Данпрод”, РЭС, ДРБУ № 167, магазін “Еўраопт”, воінская часць, РАУС.

Даволі паспяхова працуюць на нашай базе прадпрымальнікі, якія своечасова паклапаціліся пра арэнду памяшканняў. Свае паслугі прапаноўваюць цырульня, кінатэатр 5D, магазін, у хуткім часе адкрыецца кафэ.

За апошнія тры месяцы мы зарабілі 24976,3 рубля. Пакуль не вельмі шмат, але ж, па сутнасці, гэта толькі пачатак.

 

Аляксандр Аляксандравіч БОЛВАХ, галоўны інжынер:

– Комплекс літаральна запоўнены высокатэхналагічным абсталяваннем. Толькі пра ачыстку вады ў басейне можна прачытаць цэлую лекцыю. Галоўнае, што павінны ведаць нашы грамадзяне, – у нас вы абаронены ад усялякіх інфекцый. Па-першае, басейн запаўняецца чыстай водаправоднай вадой. Па-другое, існуе некалькі відаў ачысткі. Спачатку так званая грубая з дапамогай кварцавага пяску. Пасля наступае чарга ультрафіялетавай устаноўкі, якая знішчае ўсе магчымыя бактэрыі. Аўтаматыка падтрымлівае ў вадзе належны ўзровень свабоднага хлору і пастаянны рН. Таму грыбок ці іншыя інфекцыйныя захворванні ў нас “падхапіць” нерэальна. На незвычайным для Валожына ўзроўні знаходзіцца нават працэс уборкі. Той жа басейн, як і памяшканні саўнаў, мыецца з дапамогай паравой машыны. Цікавая і сістэма вентыляцыі. Спецыяльная тэхніка адказвае за падтрыманне тэмпературы вады ў басейнах: 26-28 градусаў – у дарослым і 30-32 – у дзіцячым.

 

Спартыўныя секцыі ДЮСШ працуюць бясплатна. Тут займаюцца 237 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усяго існуюць 24 групы па трох кірунках: настольны тэніс, дзюдо, лёгкая атлетыка. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца настольны тэніс. Гэту секцыю наведваюць 110 юных спартсменаў. Трэба адзначыць, што мінулы год быў удалым для выхаванцаў школы. Імі выкананы 84 юнацкія спартыўныя разрады (2016 г. – 70), заваявана 61 узнагарода за 1-3-я месцы ў спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў (2016 г. – 49). Дзіяна Ліхтаровіч і Надзея Кавалёва занялі 2-е месца ў камандным першынстве па настольным тэнісе.

 

З радасцю ўспрымаюць пераезд на новае месца і наведвальнікі ФАЦ Валожынскага раёна. Утульнае памяшканне для фітнесу, прасторная трэнажорная зала нават блізка не нагадваюць ранейшую прапіску – падвальнае памяшканне. Пляцоўкамі ДЮСШ карыстаюцца і навучэнцы ЦТДіМ. Праводзяцца трэніроўкі па футболе, валейболе, баскетболе. Многафункцыянальная зала дазваляе ў поўнай ступені праяўляць здольнасці, а трыбуна, разлічаная на 150 гледачоў, нагадвае фізкультурна-аздараўленчыя комплексы сталіцы. У снежні тут упершыню прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па баскетболе.

 

Не толькі будынак ДЮСШ з’яўляецца ўпрыгожаннем райцэнтра, але і тэрыторыя вакол яго. І справа не толькі ў эстэтыцы. За будынкам размясцілася пляцоўка, дзе нядаўна ўстаноўлены вулічныя трэнажоры. Карыстацца імі можна ў любы час. Сярод іх агрэгаты, што гарантуюць нагрузку на ўсе віды мышцаў.

 

Хто жадае размяцца перад заплывам, можа сыграць партыю ў настольны тэніс (сталы размешчаны ў фае). Для дзяцей нядаўна набылі атракцыён «Батут». Добрым попытам карыстаюцца саўны. Дзве – для жанчын (агульнага карыстання і Vip-узроўню) і такія ж дзве для мужчын. Акрамя зручных паліц і печы, што дае сухі жар, ёсць прасторныя купелі, душавыя кабіны. У Vip-саўне абсталявана гасцёўня з неабходным наборам мэблі і тэлевізарам.

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-1

    Яна СІВАЯ з задавальненнем наведвае секцыю па настольным тэнісе. Дзяўчынцы падабаюцца і самі заняткі, і ўсё, што яна бачыць навокал.

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-2

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-3

    Прыгажуня на фота – Валерыя МУЗЫЧЭНКА. Яна даўно займаецца атлетыкай. Вынік заўважны.

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-4

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-5

Установа,-што-паляпшае-якасць-жыцця-6

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars