Увага на добраўпарадкаванне, стварэнне новых рабочых месцаў і сацыяльную падтрымку

У мінулую пятніцу ў горадзе Жодзіна адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Міхайлавіча ІСАЧАНКІ для прадстаўнікоў рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Падчас мерапрыемства, удзел у якім прынялі больш за 50 журналістаў, Анатоль Міхайлавіч даў адказы на многія пытанні, акрэсліўшы пры гэтым пэўныя перспектывы развіцця рэгіёну.

У размове з работнікамі СМІ кіраўнік сталічнага рэгіёну адзначыў, што вялікія планы ў бягучым годзе надаюцца навядзенню парадку на зямлі. Але ў гэтым працэсе важна разумець і раздзяляць функцыі дзяржавы і чалавека. Вядома, улада будзе накіроўваць сілы і сродкі на добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Але і кожны абывацель павінен выканаць свой пласт работы, не хітруючы і не перакладаючы на чужыя плечы…

На сёлета намечана сур’ёзная работа па навядзенні парадку ў буйных населеных пунктах вобласці. Сярод іншых А. М. Ісачанка згадаў і Мядзел, дзе пройдуць абласныя «Дажынкі-2018». Ужо вызначаны крыніцы фінансавання работ, якія будуць весціся планамерна. У працяг гэтага пытання старшыня Мінаблвыканкама расказаў і пра будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сферы – такіх, як, напрыклад, дзіцячыя садкі. Новыя ўстановы названага тыпу з’явяцца ў многіх населеных пунктах (нагадваем, што ў зацверджаную інвестпраграму ўключана і будаўніцтва дзіцячага садка ў Івянцы. – Заўвага аўтара).

Адказваючы на пытанні адносна развіцця будаўнічай галіны, старшыня Мінаблвыканкама адзначыў: у сталічным рэгіёне за мінулы год узведзены больш за 1 мільён квадратных метраў жылля. І гэта работа будзе працягвацца. Многім будаўнічым кампаніям трэба актывізавацца, прасоўваць паслугі, удзельнічаць у тэндарах і строга сачыць за грашовым балансам, каб потым не скардзіцца на неплацяжы.

Адна з узнятых хвалюючых тэм – стварэнне новых рабочых месцаў. Кіраўнік дзяржавы абазначыў задачу ў 2018 годзе стварыць такіх па краіне 70 тысяч. Заданне Міншчыне – каля 10 тысяч. Па меркаванні Анатоля Міхайлавіча, яно будзе выканана. Пераважна новыя рабочыя месцы будуць створаны на зноў адкрытых прадпрыемствах. Згодна са словамі кіраўніка вобласці, дадатковыя магчымасці вырашэння пытанняў працаўладкавання дае дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і ўказы, накіраваныя на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Таму, хто жадае развіць уласную справу, дастаткова мець бізнес-план, а таксама пралічыць акупнасць праекта. «Галоўнае, каб чалавек ведаў, куды звярнуцца за парадай і падтрымкай», – сказаў А. М. Ісачанка і запэўніў: неабходныя даручэнні зацікаўленым структурам аб актывізацыі работы ў гэтым кірунку ўжо дадзены. Шырокае інфармаванне насельніцтва будзе наладжана ў тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі.

Запыталіся ў старшыні Мінскага аблвыканкама і пра стан падрыхтоўкі да вясновай пасяўной кампаніі. Субяседнік адзначыў: усё ў рамках запланаванага. Тэхніка рамантуецца, мінеральныя ўгнаенні назапашваюцца. Дарэчы, цяпер па назапашванні ўгнаенняў вобласць займае першае-другое месца ў рэспубліцы. Кіраўнік абласной вертыкалі ўлады нагадаў, што летась на Міншчыне валавы збор збожжа разам з кукурузай перасягнуў адзнаку ў 2 мільёны тон. Такой жа лічбай абярнуўся і ўраджай цукровых буракоў. У сельгасарганізацыях надой на адну карову ў сярэднім склаў каля 5,2 тысячы літраў малака. Як запэўніў прысутных Анатоль Міхайлавіч, па надоях ужо і ў гэтым годзе ідзе прыбаўка.

Акрамя іншых тэм, якія ўзнімаліся ў час прэс-канферэнцыі, у А. М. Ісачанкі пацікавіліся, на якія рысы характару пры назначэнні новых кіраўнікоў ён звяртае ўвагу ў першую чаргу. «Калі няма кіраўніка, здольнага быць «рухавіком» для ўсяго прадпрыемства, на жаль, нічога не атрымаецца, – канстатаваў губернатар. – Калі падбіраем кадры, перш-наперш глядзім на жаданне чалавека працаваць, а адначасова і вучыцца, і развівацца. Не стаяць на месцы, а рухацца да новых вынікаў і вяршынь».

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

Увага-на-добраўпарадкаванне,-стварэнне-новых-рабочых-месцаў-і-са-цыяльную-падтрымку-1

Увага-на-добраўпарадкаванне,-стварэнне-новых-рабочых-месцаў-і-са-цыяльную-падтрымку-2

Увага-на-добраўпарадкаванне,-стварэнне-новых-рабочых-месцаў-і-са-цыяльную-падтрымку-3

Прэс-канферэнцыя старшыні Мінаблвыканкама праходзіла на базе знакамітага далёка за межамі нашай краіны завода «БЕЛАЗ». Напрыканцы сустрэчы генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ» Пётр Аляксандравіч Пархомчык уручыў Анатолю Міхайлавічу ІСАЧАНКУ памятны падарунак – высокамастацкі макет легендарнага шматтонніка.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars