Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

30 студзеня ў санаторыі “Альфа-Радон” Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва праводзіў нараду па падвядзенні вынікаў за 2017 год. Вызначаліся таксама задачы на аздараўленчую кампанію бягучага года.

На вялікім прадстаўнічым сходзе медыцынскай сястры (палатнай) дзіцячага санаторыя “Налібоцкая пушча” Валянціне Уладзіміраўне Чараповіч была ўручана Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за подпісам прэм’ер-міністра краіны А. У. Кабякова. Адзначаны яе шматгадовая плённая праца, прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у арганізацыю і правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі 2017 года.

 

    У апошні дзень студзеня ў Мінску прайшла нарада абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, на якой былі падведзены вынікі работы за мінулы год. На сходзе прысутнічалі кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК В. Гіруць-Русакевіч, іншыя члены Саюза пісьменнікаў – М. Шакун, Я. Зялкоўскі, А. Грынкін.

У справаздачным дакладзе некалькі разоў упаміналіся літаратары Валожыншчыны, адзначалася актыўная работа “Руні” па прапагандзе літаратурнай спадчыны і выхаванні моладзі. Акрэслены задачы на сёлетні год, аб’яўлены творчыя конкурсы, якія будуць праходзіць. У планах абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў – фестываль маладых літаратараў з запрашэннем прадстаўнікоў Гомельскай і Гродзенскай абласцей, іншыя творчыя імпрэзы і святы.

 

    Работнікі валожынскага Дома быту ў гэтыя дні рыхтуюцца да абласнога конкурсу “Сілуэт моды”, які пройдзе ў сакавіку.

Закройшчыкі і швачкі працуюць над новай калекцыяй дзіцячага і дарослага аддзення. На конкурс павінна быць прадстаўлена не менш за 7 мадэляў аддзення.

 

   Сваю чарговую сустрэчу члены клуба “Лэдзі”, што дзейнічае пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, правялі на базе народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

Кіраўнік аб’яднання Н. М. Клімянок цікава і падрабязна расказала пра тыя віды народнай творчасці, якімі займаюцца майстры нашага раёна, пра тыя, якія адроджаны, як, напрыклад, ткацтва на ніту, традыцыйныя для нашага краю і параўнальна новыя – выраб з газетных трубачак, квілінг. Яна завочна пазнаёміла практычна з усімі членамі “Скарбніцы”. Жанчыны з клуба даведаліся, што ў “Скарбніцы” пастаянна працуе выстава-продаж работ мясцовых умельцаў, можна набыць падарункі і сувеніры на любы густ, пры жаданні для іх могуць арганізаваць і майстар-класы. У той дзень яны пабывалі на выставе вышываных работ Людмілы Садоўскай, наведалі музейны пакой “Родам з СССР” і сустрэліся за кубкам гарбаты з С. С. Маляўскім з нагоды выхаду ў свет яго першага паэтычнага зборніка. Вершы, што чытаў аўтар, краналі за душу, узбудзілі ўспаміны аб маладосці, пражытых гадах. Наогул, размова атрымалася цёплай і душэўнай.

 

    Самы запатрабаваны тавар у крамах райцэнтра ў гэтыя дні – дзіцячыя акуляры для басейна. Справа ў тым, што з лютага пачалі працаваць дзіцячыя платныя групы па навучанні плаванню. Займацца гэтым будзе інструктар-метадыст Анастасія Ясіновіч.

Сфарміраваны тры групы для дзяцей ад 3 да 5 гадоў, столькі ж груп для ўзроставых катэгорый ад 6 да 10 і ад 11 да 17 гадоў.

 

    У канцы студзеня ў Ракаўскай дзіцячай школе мастацтваў адбылося традыцыйнае пасвячэнне першакласнікаў у музыканты і мастакі. У бягучым навучальным годзе першы клас тут наведваюць 49 чалавек. Дзеці з Ракава і навакольных населеных пунктаў вучацца ігры на фартэпіяна, баяне, акардэоне, скрыпцы, цымбалах, флейце, а таксама займаюцца ў аддзяленні выяўленчага мастацтва.

Пасвячэнне ў першакласнікі праводзіцца ў другой палове навучальнага года, каб хлопчыкі і дзяўчынкі маглі прадэманстраваць свае першыя поспехі, паказаць, чаму навучыліся. Выкладчыкі школы заўсёды творча падыходзяць да справы і распрацоўваюць цікавы сцэнарый. Зала мясцовай клубнай установы ледзь умясціла ўсіх жадаючых трапіць на мерапрыемства. На гэты раз вялі яго казачныя персанажы, ролі якіх выконвалі вучні старэйшых класаў: Бураціна – Дзмітрый Сучкевіч, Ліса Аліса – Ганна Казановіч, Кот Базіліо – Цімафей Амбражэвіч. Ігра на музычных інструментах перамяжалася выступленнем хору і сольнымі песеннымі нумарамі. Урок малявання з першакласнікамі праводзіў Нязнайка (Дзяніс Блажэвіч). На памяць першакласнікі атрымалі невялікія сувеніры і сфатаграфаваліся ўсе разам.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars