СМІ – правая рука прафсаюзаў

3-20-2016

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь напрыканцы студзеня арганізавалі і правялі сумесны, трэці па ліку, форум “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”. Мерапрыемства стала самым масавым і прадстаўнічым: усе раёны камандзіравалі журналістаў і прафсаюзных лідараў, каб яны шчыра расказалі пра важнейшыя, хвалюючыя, а часам і балючыя факты рэчаіснасці.

Да размовы былі запрошаны старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М. С. Орда, намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Е. М. Манкевіч, начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Т. М. Хмель. Майстар-класы пра тое, як журналістам заваяваць чытача, правялі галоўны рэдактар “Сельскай газеты” Сяргей Міховіч, галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў, рэдактар інфармацыйнага партала ФПБ 1prof.by Аляксей Пашкевіч.

Перад пасяджэннямі ўдзельнікаў форуму чакаў прыемны сюрпрыз у выглядзе прафсаюзнай турыстычнай выставы “Прафтур-2018”, якая адкрылася 30 студзеня ў Палацы прафсаюзаў. Тры паверхі гэтага вялікага будынка на некалькі дзён “акупіравалі” найбольш актыўныя суб’екты турыстычнага рынку краіны. Паказаць сябе, а таксама зацікавіць патэнцыяльных кліентаў тут пастараліся як “тытулаваныя” здраўніцы з берагоў Нарачы і Браслаўскіх азёр, так і пакуль што “нераскручаныя” прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу. Прама на выставе можна было прайсці медыцынскае абследаванне, ацаніць эфект некаторых касметычных анлайн-працэдур, паспрабаваць фітнес-чаі з беларускіх лекавых траў, паласавацца старадаўнімі стравамі, набыць аўтэнтычныя сувеніры і вырабы з лёну, саломкі, гліны.

Пазнаёміцца з турыстычным патэнцыялам нашай сінявокай Радзімы прыйшлі і шматлікія высокія госці: палітыкі, грамадскія дзеячы. У натоўпе наведвальнікаў можна было пабачыць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Івана Маркевіча, старшыню ФПБ Міхаіла Орду, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, старшыню ГА “Белая Русь” Генадзя Давыдзьку. Іх прыемны настрой і ўсмешкі яскрава сведчылі, што Беларусі ёсць чым парадаваць і здзівіць сваіх гасцей.

Побач з айчыннымі тураператарамі ўтульна сябе адчувалі і іншаземныя: з Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі. Яны так стараліся заваяваць увагу беларусаў! Некаторым гэта ўдалося асабліва. Украінская дэлегацыя, якая прадстаўляла Адэсу і Затоку, запрасіла вядомага знатака, магістра клуба “Што? Дзе? Калі” Барыса Бурду расказаць пра дзівосы кулінарнага падарожжа. Грузіны спакушалі выключным сэрвісам па даступных цэнах.

Дарэчы, вецер вандроўніцтва ў нашых суайчыннікаў узмацняецца год ад году. Выязны турызм летась склаў 97 працэнтаў, а ўнутраны – усяго 3. І гэта становішча нармальным назваць нельга, бо людзі вязуць за мяжу валюту, падтрымліваюць чужую эканоміку. Вядома, забараняць ваяжы за “тры моры” ніхто не збіраецца, але беларусам варта і са славутасцямі сваёй зямлі пазнаёміцца. Ёсць спецыяльныя туры выхаднога дня, калі за кароткачасовы адпачынак можна пабываць у аграсядзібе, даведацца, як варыцца піва,  паспрабаваць самому сабраць трактар або пакатацца на “БелАЗе”, –  “Беларустурыст” забяспечыць любыя патрабаванні кліента. А СМІ дапамогуць людзям зарыентавацца ў моры экскурсійных прапаноў.

Прафсаюзы чакаюць, што журналісты раскажуць чытачам не толькі пра адпачынак, але і пра працоўныя будні. Сёння рэдка на вокладцы часопіса ўбачыш даярку ці тынкоўшчыка. “Глянец” дзярэ вока “гламурам”… А сціплыя, сумленныя людзі, якія забяспечваюць краіне эканамічную і харчовую бяспеку і, па сутнасці, з’яўляюцца героямі сучаснасці, застаюцца ў цяні. Менавіта рэгіянальныя СМІ выпраўляюць такую несправядлівасць і не перастаюць ушаноўваць тых, хто вырошчвае хлеб, вучыць дзяцей, будуе дамы, адказвае за прыгажосць нашых вуліц, ахоўвае жыццё і здароўе. Нам, журналістам, у сваю чаргу ад прафсаюзных пярвічак, іх кіраўнікоў хацелася б атрымліваць звесткі пра самых дастойных членаў іх калектываў: прафесіяналаў, ветэранаў, перспектыўную моладзь.

Шмат карыснага даў форум сваім удзельнікам. Але арганізатары мерапрыемства паклапаціліся, каб актыўнасцю сацыяльнага партнёрства захапіліся і больш шырокія масы. Праз папулярныя тэлеперадачы і радыёэфір, праз газету “Беларускі час” і інфармацыйны партал 1prof.by кожны чалавек мае магчымасць выказацца і быць пачутым.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars