Пасля капітальнага рамонту гасцінна расчыніў свае дзверы Вішнеўскі сельскі Дом культуры

Официально

Вішнева даўно такога не чула і не бачыла!

“Вішнева даўно такога не чула і не бачыла!” – так ацанілі жыхары гэтага краю ўрачыстае адкрыццё мясцовай культурнай установы. Для іх, неразбалаваных на разнастайныя сустрэчы і мерапрыемствы, прыезд кіраўніцтва раёна, гасцей з суседніх вёсак, ды і мінскіх артыстаў стаў значнай і досыць прыемнай падзеяй. Да нядаўняга часу мала хто верыў, што будынак самай папулярнай і запатрабаванай установы на вёсцы ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя адродзіцца і набудзе другое жыццё. І сапраўды, глядзельнай зале Вішнеўскага СДК цяпер могуць пазайздросціць нават культработнікі РЦК: вялікая, прасторная сцэна, зала, разлічаная на 200 пасадачных месцаў. У фае таксама прыгожа і ўтульна – сапраўдная раскоша для аматараў танцаў. На другім паверсе будынка месцяцца сельская бібліятэка і дзіцячая музычная школа: зараз сюды прыемна зайсці, адпачыць, вучыцца.

Памяшканне Вішнеўскага СДК было здадзена ў эксплуатацыю напачатку 1983 года. За 28 гадоў працы тут толькі аднойчы праводзіўся невялікі касметычны рамонт. Таму будынак паступова прыходзіў у непрыгоднасць, стаў працякаць дах, у некаторых месцах пачалі абвальвацца столь і тынкоўка. Працаваць у такіх умовах было не толькі некамфортна і няўтульна, але і нават небяспечна.

З пачаткам будаўніцтва аграгарадкоў вёска Вішнева ўвайшла ў спіс адраджэння, але, калі канкрэтна гэта адбудзецца, ніхто не ведаў. Ды і ўсе разумелі, што патрэбны вельмі вялікія капітальныя ўкладанні. Рамонтна-будаўнічыя работы распачаліся летам мінулага года, адным з падрадчыкаў стала Валожынскае ААТ “Універсалрамбуд”, якое ўзначальвае В. І. Галабурда. Папрацаваць давялося шмат – за паўгода было асвоена амаль 2,5 мільярда рублёў.

Калісьці пра славу вішнеўскага культурнага цэнтра ведалі далёка за межамі раёна – ён быў сцэнічнай пляцоўкай Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Хто ведае, можа адноўленая сцэна ізноў пабачыць вядомых сталічных выканаўцаў. А вось у той лютаўскі вечар у госці да вясковых жыхароў завітала цыганскае шоу “Алюр” з Мінска, якое без перабольшання ўскалыхнула Вішнева: зарад бадзёрасці, весялосці, прыўзнятага настрою атрымаў кожны з прысутных.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

Фота Яўгена БАШАРКЕВІЧА.



Добавить комментарий