9 лютага ў гарпасёлку Івянец праходзіць справаздачна-выбарная канферэнцыя Мінскага абласнога аддзела грамадскага аб’яднання «САЮЗ ПАЛЯКАЎ НА БЕЛАРУСІ»

ДАВЕДКА:

ГА “Саюз палякаў на Беларусі” з’яўляецца некамерцыйным, добраахвотным, незалежным, самакіраваным аб’яднаннем грамадзян, якія ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку аб’ядналiся на аснове агульнасці інтарэсаў для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў і жадаюць удзельнічаць у адраджэнні і развіцці польскай мовы і культуры.

Саюз-палякаў-на-Беларусі-(С.-І.-Бурачэўскі) 

Станіслаў Іванавіч БУРАЧЭЎСКІ,

старшыня Дома польскага ў гарадскім пасёлку – адной з буйнейшых суполак рэспублікі ў складзе ГА “Саюз палякаў на Беларусі”:

– Сёння ў нашым аддзеле зарэгістраваны 105 членаў. Гэта найбольшая лічба па ўсіх падобных установах Мінскай вобласці. Прыемна, што нам зноў выпаў гонар сустракаць дэлегатаў абласной канферэнцыі – папярэдняя прайшла ў Івянцы ў 2014 годзе.

Саюз-палякаў-на-Беларусі-(М.-Ч.-Лысы)

Мечыслаў Часлававіч ЛЫСЫ,

 старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”

Нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Ніўнае Стаўбцоўскага раёна. У 1976-м закончыў Дзераўнянскую сярэднюю школу Стаўбцоўскага раёна. Працоўную дзейнасць пачаў трактарыстам у саўгасе “Хатава”.

У 1982 годзе закончыў фізічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага па спецыяльнасці “Настаўнік фізікі і матэматыкі”. Затым працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Хатаўскай сярэдняй школе, доўгі час быў дырэктарам Рубяжэвіцкай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна.

Стаяў ля вытокаў арганізацыі Саюза палякаў на Беларусі. У маі 1990 года на сходзе ў школе было прынята рашэнне аб стварэнні Рубяжэвіцкага аддзела, які затым увайшоў у склад Саюза палякаў. Тады ж у навучальнай установе было ўведзена і выкладанне польскай мовы. Праз два гады Статутам школы было замацавана выкладанне польскай мовы як прадмета. У гэты час у школе пачынае працаваць Тэатр юнага акцёра на польскай мове. У 2006 годзе абраны старшынёй Мінскага абласнога аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”. З лютага 2012 года – выконваючы абавязкі старшыні, а з красавіка 2013-га – старшыня ГА “СПБ”.

З 2007 года грамадскую работу сумяшчае з выкладаннем. Дацэнт кафедры “Эканоміка і кіраванне” Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2006 г.). Аўтар навуковых публікацый па фізіцы, матэматыцы і вучэбных дапаможнікаў па вышэйшай матэматыцы.

Мечыслаў ЛЫСЫ: «ГАЛОЎНАЯ МЭТА – ПРАЦЯГВАЦЬ ЛЕПШЫЯ ТРАДЫЦЫІ»

    Грамадскае аб’яднанне «Саюз палякаў на Беларусі» ў сваёй дзейнасці кіруецца Статутам арганізацыі і ажыццяўляе работу ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях», іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, нормамі міжнароднага права.

Трэба адзначыць, што папярэдняя справаздачна-выбарная канферэнцыя Мінскага абласнога аддзела Грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» адбылася 14 лютага 2014 года ў гарадскім пасёлку Івянец.

Мэты і задачы дзейнасці арганізацыі прапісаны ў Статуце. «Мэтай дзейнасці ГА «СПБ» з’яўляецца садзейнічанне адраджэнню і развіццю польскай культуры, нацыянальнаму адраджэнню і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці». Спынюся на тым, як яны дасягаліся. Пачну з вывучэння польскай мовы.

Несумненна, мова з’яўляецца асноўным носьбітам культуры нацыі. Можна адзначыць, што цікавасць да вывучэння польскай мовы ў рэспубліцы вельмі высокая і не змяншаецца з гадамі. Прычым вывучэннем ахоплены ўсе ўзроставыя групы: ад дашкольнікаў да дарослага насельніцтва. Сёння на тэрыторыі рэспублікі польскую мову вывучаюць каля 10 тысяч дзяцей у школах і дзіцячых садках. Пры Польскіх дамах праводзяцца заняткі польскай мовы для дзяцей і дарослых. У 2017-2018 навучальным годзе яна вывучаецца ў рамках факультатыўных заняткаў у 13 установах адукацыі Вілейскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага раёнаў, а таксама ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі. Агульная колькасць настаўнікаў польскай мовы складае 15 чалавек (0,7% ад агульнай колькасці настаўнікаў замежнай мовы ў вобласці – 2178 чалавек) і зменшылася ў параўнанні з 2012-2013 навучальным годам на 3 чалавекі.

Застаецца актуальнай для школ праблема адсутнасці абноўленых падручнікаў польскай мовы.

Разам з тым, калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» з’яўляецца ўдзельнікам праекта № PL 311-096-2008-R5 «Такія ж», распрацаванага ў адпаведнасці з Праграмай «Моладзь у дзеянні», якая прадугледжвае абмен маладзёжнымі дэлегацыямі еўрапейскіх краін. У паўнавартасную школу развіўся навучальны цэнтр пры Доме польскім у Мінску. Для дзяцей і дарослых прапанаваны навучальныя курсы на польскай мове па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі, геаграфіі. Штогод па дамоўленасці і запрашэнні польскіх ВНУ арганізуюцца паездкі для слухачоў курсаў у Польшчу.

У перыяд з 2014 па 2018 год Мінскім абласным аддзелам быў праведзены шэраг культурна-масавых мерапрыемстваў. У першую чаргу варта адзначыць узнікшую традыцыю правядзення свят польскай культуры ў Мінскай вобласці, якая затым была падхоплена іншымі аддзеламі ГА «СПБ» краіны. З 2016 года гэта традыцыя аднавілася ў выглядзе правядзення Свят польскай культуры ў горадзе Мінску ў Гарадской ратушы. Разам са шматгадзіннай канцэртнай праграмай, у якой удзельнічаюць калектывы з многіх аддзелаў рэспублікі, у рамках мерапрыемства арганізуюцца польская кухня, выстава майстроў народнай творчасці. Вядома ж, самы актыўны ўдзел у правядзенні свята прымаюць калектывы Міншчыны:  ансамбль польскай песні «Івянчанка», «Траецкія музыкі» з Барысава і інш. Многія з іх пастаянна выязджаюць на розныя фестывалі і конкурсы рэспубліканскага маштабу, выступаюць за мяжой. У снежні 2017-га ансамбль «Івянчанка» і вакалістка Юлія Абрамовіч прадстаўлялі Саюз палякаў на абласным фестывалі нацыянальных культур у Маладзечне ў рамках адборачнага этапу да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Бачу неабходнасць аднаўлення правядзення дзён польскай культуры або падобных мерапрыемстваў у раёнах вобласці. У кожным рэгіёне дастаткова знакавых падзей, знакамітых людзей, гістарычных дат, якія могуць паслужыць асновай для рэгіянальных мерапрыемстваў.

Хачу адзначыць, што ў падрыхтоўцы і правядзенні такіх масавых свят мы цесна супрацоўнічаем з райвыканкамамі, установамі культуры і адукацыі. І заўсёды атрымліваем ад іх істотную дапамогу. Удзячны за вялікую падтрымку (у тым ліку і фінансавую) з боку Мінскага аблвыканкама і Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Найбольш заслужаныя калектывы і актывісты «СПБ» адзначаюцца з іх боку Граматамі і Падзячнымі лістамі.

У 2014 годзе Праўленне МГА ГА «СПБ» сумесна з Беларускім саюзам кампазітараў выступіла з ініцыятывай правядзення дзіцячага музычнага конкурсу імя Станіслава Манюшкі з нагоды 195-годдзя нараджэння беларускага і польскага кампазітара. Пры падтрымцы Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама сёлета конкурс будзе праходзіць у пяты раз. Месцам правядзення абрана 10-я музычная школа імя Глебава (у гэтым будынку калісьці вучыўся Манюшка), а таксама 8-я музычная школа горада Мінска. Мы ў ліку іншых арганізацый падтрымалі ідэю будаўніцтва помніка кампазітару да 200-годдзя з дня нараджэння. Помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу быў адкрыты 26 жніўня 2016 года. Ва ўрачыстай цырымоніі ГА «СПБ» прымаў актыўны ўдзел. Акрамя таго, праводзяцца разнапланавыя мерапрыемствы ў аддзелах ГА «СПБ».

Вялікая ўвага ў дзейнасці надаецца месцам народнай памяці, польскім пахаванням часоў вайны. Аддзелы займаюцца аховай і рамонтам месцаў апошняга спачынку нашых суайчыннікаў. Традыцыйна прыбіраюцца магілы на Дзень памяці 1-2 лістапада і на Вялікдзень у Дзераўнянскім, Рубяжэвіцкім, Сноўскім, Нясвіжскім, Маладзечанскім, Івянецкім і іншых аддзелах.

На працягу некалькіх гадоў сумесна з яўрэйскай і цыганскай суполкамі вядзецца актыўная праца па аднаўленні, добраўпарадкаванні, а таксама кансервацыі асобных аб’ектаў Калдычэўскага канцлагера недалёка ад г. п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Яшчэ шмат трэба будзе зрабіць. Да прыкладу, добраўпарадкаваць месца расстрэлу стаўбцоўскай інтэлігенцыі (маем спісы загінуўшых). Неабходна таксама прывесці ў парадак месцы пахавання ксяндзоў. Вельмі важна, каб памяць перадавалася маладым пакаленням.

Своеасаблівымі цэнтрамі польскай культуры з’яўляюцца Дамы польскія. Акрамя курсаў па вывучэнні мовы, пры дамах створаны вакальныя і танцавальныя калектывы. Хачу адзначыць, што за апошнія некалькі гадоў больш чым 10 калектывам былі зроблены новыя сцэнічныя касцюмы пры фінансаванні Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

Традыцыйнымі ў культурным жыцці Беларусі сталі мерапрыемствы, якія праводзяцца з удзелам і з ініцыятывы ГА «СПБ» «Казюкі» ў Гродне, фестываль «Паланэз» у Слоніме, «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», «Фестываль польскай песні і агляд калядных калектываў» і многія іншыя. На працягу года ў розных аддзелах Беларусі праходзяць Дні/фестывалі польскай культуры і іншыя святы. Гэта гаворыць пра тое, што кожны можа знайсці сабе прымяненне і любая ініцыятыва будзе запатрабаванай.

ПРА ДЗЕЙНАСЦЬ У ФОТАЗДЫМКАХ, ЛІЧБАХ І ФАКТАХ

  1. Саюз палякаў на Беларусі быў заснаваны 16 чэрвеня 1990 года на I Устаноўчым з’ездзе, падчас якога ўсе польскія арганізацыі краю аб’ядналіся ў адну вялікую суполку. 25 лютага 1991 года Грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі” было афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, і менавіта гэта дата лічыцца датай стварэння Саюза палякаў на Беларусі.
  1. Вышэйшым органам Саюза палякаў на Беларусі з’яўляецца З’езд, які праходзіць у адпаведнасці з прынятым Статутам кожныя 4 гады. З’езд прымае праграму дзеянняў СПБ, вызначае асноўныя напрамкі дзейнасці, выбірае старшыню, членаў Галоўнага Савета, Галоўнага Праўлення і кантрольна-рэвізійнай камісіі.
  1. Сёння ў CПБ зарэгістраваны 70 абласных, гарадскіх, раённых і сельскіх аддзелаў, у склад якіх уваходзяць некалькі тысяч чалавек. Цэнтральнай сядзібай Саюза палякаў на Беларусі з 2013 года з’яўляецца Мінск.

У Беларусі плённа працуюць 14 Дамоў польскіх, у тым ліку ў Гродне (папярэдняя шматгадовая сядзіба СПБ), Ваўкавыску, Лідзе, Шчучыне, Навагрудку, Поразаве, Івянцы, Барысаве, Магілёве, Нясвіжы, Баранавічах і Мінску.

  1. Пры аддзелах створаны больш за 40 мастацкіх калектываў, лепшым з якіх прысвоена ганаровае званне “ўзорны” і “народны”. Сваёй дзейнасцю яны папулярызуюць польскую культуру, аб’ядноўваюць людзей вузамі сяброўства і агульнай мастацкай працы, выхоўваюць падрастаючае пакаленне на лепшых прыкладах польскай музыкі і харэаграфіі.

Саюз-палякаў-на-Беларусі-1

Саюз-палякаў-на-Беларусі-2

Саюз-палякаў-на-Беларусі-3

Аб’ектыў фатографа зафіксаваў сапраўды гістарычны момант. Здымак быў зроблены ў ратушы Нясвіжскага палаца падчас уручэння адноўленага польскімі майстрамі-рэстаўратарамі штандара 27-га ўланскага палка Войска Польскага. Дагэтуль ад рэліквіі захоўвалася толькі дрэўка, на якім былі запісаны імёны воінаў, што колісь ваявалі пад гэтым сцягам…

Саюз-палякаў-на-Беларусі-4

Ансамбль «Івянчанка» – адзін з самых вядомых творчых калектываў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі…

Саюз-палякаў-на-Беларусі-5

…а гэта – іх паплечнікі-аднадумцы з Ліды. Яркі, самабытны ансамбль з гонарам нясе найменне «Крэсовы забавы».

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars